Вы тут

Як працуюць Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця


— Моладзь — актыўныя ўдзельнікі рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця (МУР), скіраваных на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, рашэннем праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі, і г.д. Для яе прыцягнення да гэтай тэмы ў краіне дзейнічае каардынацыйны цэнтр «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця», — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ.


У канцы мінулага года сумесна з Міністэрствам адукацыі ўпершыню быў праведзены конкурс «Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках». 17 маладых людзей сталі пераможцамі і цяпер займаюцца рэалізацыяй сваіх праектаў па МУР. Акрамя таго, сумесна з фондам ААН ЮНІСЕФ у 25 гарадах краіны рэалізуецца праект «Горад, дружалюбны дзецям». Гэтая міжнародная ініцыятыва заклікае рэалізоўваць правы дзяцей у кожным горадзе. Яна аб'ядноўвае органы кіравання, грамадскія і прыватныя арганізацыі, установы адукацыі — усіх тых, хто хоча зрабіць гарады лепшым асяроддзем для юнага пакалення.

— Сістэма адукацыі ў краіне актыўна займаецца рэалізацыяй Мэт устойлівага развіцця, — адзначыла сакаардынатар тэматычнай групы адукацыі партнёрскай групы ўстойлівага развіцця, намеснік начальніка Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Сафія САВЕЛАВА. — Работа вядзецца як з дзецьмі дашкольнага ўзросту, так і са школьнікамі, студэнтамі. Мы арганізоўваем шмат мерапрыемстваў, сярод іх — інтэрнэт-гульня «Мэты ўстойлівага развіцця: Шлях наперад».

У верасні з дапамогай удзельнікаў прайшла маштабная інфармацыйная кампанія ў 60 населеных пунктах краіны. Летась у сталіцы быў праведзены конкурс «Супергероі для супермэт» — мерапрыемства, скіраванае на павышэнне інфармаванасці юнакоў і дзяўчат пра Мэты ўстойлівага развіцця. Ад іх прыйшло больш за 500 работ. Штогод у пачатку верасня праходзіць міжнародны «Форум годнага даўгалецця», дзе з дапамогай маладых людзей абмяркоўваецца аднайменнае пытанне, разглядаюцца асноўныя палажэнні Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця да 2030 года, якая цяпер распрацоўваецца ў краіне.

Што датычыцца найбліжэйшых падзей, то 19—20 мая ў педагагічным універсітэце пройдзе маладзёжны медыяфестываль «Галасы маладых за ўстойлівае развіццё». Яго ўдзельнікі — тыя, у каго ёсць уласны погляд на працэсы пераадолення актуальных праблем жыцця грамадства. Таксама ў той жа ВНУ да 11 кастрычніка будзе функцыянаваць адукацыйная дэкада ў інтарэсах Мэт устойлівага развіцця. У яе рамках — майстар-класы, лекцыі на тэмы «Адукацыя ў глабальнай супольнасці», «Адаптацыя да кліматычных змяненняў», «Школа без пластыку», «Роля моладзі ў сучасным кліматычным руху», «Культура памяці ў мясцовай гісторыі», «Адукацыя дарослых ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў».

У некаторых гарадах краіны функцыянуюць рэсурсныя цэнтры адукацыі ўстойлівага развіцця (АУР) дашкольнай адукацыі — напрыклад, у дзіцячым садку № 45 Гродна. Таксама функцыянуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі АУР аб дашкольнай адукацыі — як, напрыклад, у педагагічным універсітэце. Малыя добра запамінаюць інфармацыю ў гульнявой форме. Часцей за ўсё дзеці пачынаюць шукаць тое, што ім цікава, ужо на ранніх этапах жыцця. А пасля работы, якая з імі праводзіцца, яны рэалізоўваюць свае мэты і ідэі ў паўсядзённасці. Акрамя таго, праз дашкольнікаў можна ўздзейнічаць і на іх бацькоў.

Ірына ПАНЯДЗЕЛАК — каардынатар ініцыятывы «Моладзь за ўстойлівае развіццё», якая прыцягвае маладых людзей у экалагічны рух. Яна з'яўляецца міжнародным членам маладзёжнага аддзялення Сеткі па пошуку рашэнняў у галіне ўстойлівага развіцця (SDSN Yоuth).

— Сумесна з Міністэрствам адукацыі ў розных школах па ўсёй краіне мы праводзім «Самы вялікі ўрок у свеце». Гэта глабальная ініцыятыва ЮНІСЕФ, скіраваная на азнаямленне падрастаючага пакалення з Мэтамі ўстойлівага развіцця. Вопыт правядзення такога мерапрыемства летась паказаў, што ў беларускіх ВНУ розны ўзровень падтрымкі падобных ініцыятыў з боку адміністрацый і розныя механізмы ўключэння ў іх студэнтаў. Сёлета другі раз правялі форум «Моладзь за МУР», дзе збіраюцца маладыя лідары, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і бізнесу для стварэння карысных і перспектыўных праектаў, заснаваных на пытаннях МУР, — расказала Ірына Панядзелак.

Штогод экалагічная ініцыятыва сумесна з рознымі ВНУ краіны праводзіць дзясяткі мерапрыемстваў для паляпшэння навакольнага асяроддзя і ўкаранення канцэпцыі «зялёнага» ўніверсітэта: «Да дня экалагічных ведаў мы арганізоўваем «ВНУ Эка/Фэст». У 2018 годзе ўніверсітэтаў-удзельнікаў было чатыры, сёлета — ужо дзевяць».

Паказаць сваю цікавасць да тэмы можа кожны ахвотны праз апытанне «Мой свет 2030», размешчанае на афіцыйным сайце «Мэты ўстойлівага развіцця ў Беларусі». Звесткі збіраюцца для таго, каб убачыць агульны прагрэс па рэалізацыі розных праблем грамадства на працягу наступных пятнаццаці гадоў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?