Вы тут

Як вырасціць «чыстыя» прадукты?


Не трэба думаць, што арганічная сельская гаспадарка — гэта проста вяртанне ў мінулае, калі нашы продкі вырошчвалі садавіну ды агародніну і ведаць не ведалі пра хімікаты. Новыя тэхналогіі заснаваныя на навуковых ведах. У Еўропе цэлыя інстытуты займаюцца арганічнай сельскай гаспадаркай, шукаюць лепшыя метады і сродкі абароны, устойлівыя сарты. Вядома, і на традыцыйны севазварот, уменне чаргаваць і спалучаць расліны, натуральныя ўгнаенні не трэба забывацца. Але чаму арганічнае земляробства, якое забяспечвае людзей здаровымі і карыснымі прадуктамі, пакуль так павольна развіваецца? Адказ на гэта пытанне можна было атрымаць падчас прэс-тура, арганізаванага экалагічнай установай «Агра-Эка-Культура».


На­мес­нік кі­раў­ні­ка ся­лян­скай фер­мер­скай гас­па­дар­кі «Сід­Сад» Але­на Сі­да­ра­ва.

— Вакол арганічнай сельскай гаспадаркі шмат міфаў. Адзін з іх — апасенне, што, калі ўсе пяройдуць да яе, ежы не хопіць, — расказвае старшыня праўлення «Агра-Эка-Культуры» Лана Семенас. — Але ж пры змене клімату, у экстрэмальных умовах, напрыклад, падчас працяглых засух ці дажджоў, арганічныя палі пакутуюць менш і там ураджай лепшы, бо пры такім земляробстве гаспадары працуюць з глебай, каб паляпшаць яе структуру і ўрадлівасць, у выніку ствараецца ўстойлівая экасістэма. Яшчэ адзін міф — без гербіцыдаў не атрымаць ураджаю, усё з'ядуць шкоднікі ці хваробы. Але чаму тады сёння ва ўсім свеце ў крамах прадаюцца такія прадукты?

Некаторыя лічаць, што арганічная садавіна — гэта яблык з чарвяком, хоць насамрэч такая прадукцыя для любога фермера — брак. Арганічныя фермеры проста выкарыстоўваюць іншую сістэму абароны, знаходзяць памочнікаў у прыродзе.

У птушыным царстве

Пераканацца ў гэтым удалося ў вёсцы Сашыца Бярозаўскага раёна, у гаспадарцы арганічнага фермера Дзмітрыя Лутаева. Ён апрацоўвае больш за гектар зямлі і вырошчвае каля 30 розных культур (гарбузы, цыбулю, часнок, памідоры, фасолю, перцы, кавуны, дыні, кукурузу, свежую зеляніну). Бярозаўскі фермер — адзін з заснавальнікаў арганічнага фермерскага кааператыва і першай у Беларусі інтэрнэт-крамы арганічных прадуктаў «Кансорцыя».

А вось шматлікія сланечнікі на яго ўчастку — не для продажу, расліны застануцца на зіму некранутыя — гэта пачастунак для птушак. Выдатны спосаб прывабіць і падтрымаць самых удзячных памочнікаў агародніка — сінічак! Кусты ажыны на ўчастку, гэтак жа, як і непрыбранае дзікае кустоўе, — зноў жа і прыстанак для птушак, і месца зімоўкі вожыкаў і баговак.

Дзмітрый мае сертыфікат арганічнай сельскай гаспадаркі Еўрапейскага саюза, а значыць, у любы час да яго з праверкай могуць прыбыць інспектары. Правяраюць яны і прадукты, і вытворчасць, у тым ліку тое, як гаспадар працуе з глебай, як збірае і захоўвае ўраджай.

...Ідзём па ўчастку, падзеленым на асобныя палі, каб прасцей было весці севазварот, і не верыцца, што ўсяго тры гады таму тут расло такое пустазелле, што з-за яго не было відаць дома — участак 20 гадоў прастаяў закінуты.

«Калі пачынаў, у мяне нават інструментаў не было, рыдлёўку і вілы браў у суседа», — кажа гаспадар. Кавалак за кавалкам ён абжываў свой надзел, абзавёўся мотаблокам і прызнаецца, што толькі сёлета яму ўдалося больш-менш прывесці гаспадарку да такога стану, які ён хацеў бы бачыць. У планах узяць яшчэ зямлі — пад вырошчванне збожжавых, якія пойдуць на кармы (Дзмітрый трымае і птушнік). І ўсё ж чаму былы гараджанін рашыўся перабрацца на вёску, дзе, як ён сам жартуе, работа летам — з пяці да дзевяці, а ўзімку з дзевяці да пяці?

— Мяне задавальняе мая самарэалізацыя. Я бачу, як мяняецца зямля, як яна працуе. У ліпені тут такое раздолле птушак, казурак... Пачынаеш разумець, які след можа пакінуць чалавек. Важна, каб гэта была не выпаленая хімікатамі зямля, а нешта іншае. А вось фінансавым бокам сёння я пакуль не задаволены. Гэта не тыя грошы, якіх дастаткова для выплаты даўгоў. Думаю, што разлічуся з пазыкамі за пяць гадоў і тады выйду на заробак, які дазволіць далей развівацца. Гэта дарагое хобі.

Сельская гаспадарка — адна з самых павольна акупаемых і капіталаёмістых галін. Напрыклад, арганічнае насенне даводзіцца купляць за мяжой, бо такога ў Беларусі не вырабляецца. Семечка памідора можа каштаваць і пяць капеек, і адно еўра.

У Беларусі Дзмітрый атрымаў эканамічную спецыяльнасць, а пасля яшчэ вучыўся ў Швецыі на кансультанта па арганічным земляробстве. Калі быў на практыцы ў шведскай сям'і, заўважыў: людзі, якія працуюць на ферме, трымаюць 25 малочных кароў, жывуць у вёсцы за сем кіламетраў ад найбліжэйшага гарадка, не пазбаўлены звычайных радасцяў жыцця. Яны ездзяць у рэстаран, тэатр, кафэ... І Дзмітрый упэўнены, што гаспадарку трэба арганізаваць такім чынам, каб не сядзець у градах ад цямна да цямна. У Еўропе нават ёсць такое паняцце, як падменны фермер — ён прыязджае на выхадныя ці на тыдзень і адпускае людзей у нармальны адпачынак. Што перашкаджае паспрабаваць гэта і ў нас? Ды і стварыць добрыя побытавыя ўмовы сёння ў вёсцы — не праблема.

Не трэба думаць, што атрыманыя ў Швецыі веды — гатовая шпаргалка. Галоўнае — яны далі разуменне, што арганічная гаспадарка — гэта цэласная сістэма. У арганіцы гаспадары кормяць не канкрэтныя культуры, а глебу, фарміруюць яе ўрадлівасць. Важна навучыцца выбіраць культуры — не мона-, а разнастайныя, не забывацца на шматгадовыя расліны, каб было дзе жыць карысным насякомым і птушкам.

Гаспадар, у якога расце «чыстае» (так прадукцыю фермера называюць мясцовыя жыхары), прызнаецца, што яму даводзіцца пастаянна шукаць інфармацыю праз інтэрнэт, быць і аграномам, і спецыялістам па абароне і сілкаванні раслін, бо ўсе нюансы прадбачыць немагчыма.

На жаль, і вытворцы насення не даюць гаспадарам падказак, не пазначаюць на пакетах, да якіх хвароб уразлівыя пэўныя сарты. Расліны могуць быць розныя і па сіле росту, форме лістоў. Так, калі фермер працуе са свежым рынкам, яму важна паставіць у сезон якасную прадукцыю — напрыклад, радыс са здаровым, прыгожым бацвіннем.

Шляхі да экаежы

— І ўсё ж: што ў нас трэба зрабіць, каб арганічнае земляробства развівалася? — цікаўлюся ў гаспадара з Бярозаўскага раёна.

— Жаданне дзяржавы бачыць, як яно развіваецца. Неабходна, каб замест стаўлення да экафермераў «ну, няхай будуць» з'явілася ўстаноўка «трэба, каб былі!» Калі абмяркоўваўся будучы закон аб арганічным земляробстве, Мінфін напісаў рэкамендацыі, што ўсё гэта не павінна пацягнуць расходавання бюджэтных сродкаў. Але каб нешта развівалася, трэба хоць неяк такой справе садзейнічаць. Гэта можа быць сертыфікацыя, падатковыя стаўкі, ільготнае фінансаванне.

— У еўрапейскіх краінах арганічных фермераў падтрымліваюць. Напрыклад, больш ахвотна і пад меншы працэнт даюць крэдыты. І людзі пераходзяць на такую форму гаспадарання не толькі з-за ідэі, але і таму, што гэта выгадна, — заўважае Лана Семенас. — Мне падаецца, што інтэнсіўныя фермеры, якія забруджваюць прыроду і ў якіх менш якасная прадукцыя, павінны плаціць падатак, які б мог выкарыстоўвацца на развіццё экалагічных формаў гаспадарання. Фінансавая падтрымка асабліва патрэбная арганічным фермерам у пачатку. Ёсць такое паняцце, як «пераходны перыяд», калі ўсе нормы арганічнай сельскай гаспадаркі выконваюцца, але пакуль прадукцыя не мае арганічнага знака. У такі час аграэкасістэма можа стаць больш урадлівай, напрыклад, можа з'явіцца больш шкоднікаў ці панізіцца ўраджайнасць. І важна дапамагчы фермеру пераадолець усе складанасці.

Для развіцця арганічных гаспадарак спатрэбяцца падрыхтаваныя пад гэту галіну аграномы, заатэхнікі і іншыя спецыялісты. І навучаць кадры павінны не толькі грамадскія арганізацыі, як гэта робіцца цяпер, але і дзяржаўныя навучальныя ўстановы.

Вядома, трэба, каб і попыт на арганічную ежу стаў большы. Сёння большасць беларусаў кіруюцца цэнамі. І пакуль мы не раскруцілі моду на здароўе, рана чакаць, што людзі кінуцца набываць арганічную прадукцыю, даражэйшую часам і ў некалькі разоў. Галасаваць рублём за арганічныя садавіну, агародніну ці жывёлагадоўлю трэба не толькі дзеля ўласнага здароўя — так мы клапоцімся пра большае. Побач з экагаспадаркамі становяцца чыстымі вада і глеба, павялічваецца біяразнастайнасць. (Невыпадкова ж прэс-тур арганізаваны ў межах праекта, што фінансуецца Шведскім агенцтвам па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве і Кааліцыяй «Чыстая Балтыка».)

Спакуса агароднікаў

— Усюды, дзе бываю, каштую буякі. Але такіх смачных, як нашы, нідзе не сустракала. Усё таму, што арганічных буякаў амаль нідзе няма, усюды інтэнсіўныя, — кажа намеснік кіраўніка сялянскай фермерскай гаспадаркі «СідСад» Алена Сідарава. — Калі на расліну выліць фунгіцыд, ягады набудуць ледзь улоўны водар, вы яго, магчыма, і не адчуеце, а я адрозню. Часам дачнікі думаюць, што, калі набыць прэпараты, можна пазбавіцца ад усіх праблем у садзе. Так, апрацаваныя расліны, магчыма, і не захварэюць, але можа захварэць чалавек.

Ужо дваццаць гадоў Алена з мужам жывуць «з зямлі». Спачатку займаліся агароднінай і духмянымі травамі. Пачыналі спасцігаць сакрэты аграрнага бізнесу з цяпліцы і прысядзібнай гаспадаркі, а пасля рашыліся ўзяць участак. Хацелі апрацоўваць пяць гектараў, а «падвяргаліся» ўсе 40, прычым браць іх трэба было цалкам.

— Да нас ад гэтай зямлі адмовілася, можа, чалавек дванаццаць, людзі бачылі гэты ўзгорысты ўчастак і адразу пралічвалі, як многа давядзецца ўкласці працы і грошай. А мы, калі трапілі сюды, адразу закахаліся ў гэта месца! — дзеліцца гаспадыня.

Сёння гаспадарка вырабляе суніцы, бружмель, журавіны, памідоры, агуркі, цукіні, гарбузы, перцы, курыныя яйкі.

Неяк у межах адукацыйнага праекта гаспадары паехалі па вопыт да галандскіх фермераў. Там упершыню пакаштавалі буякі і вырашылі, што гэта тая навінка, якую трэба запускаць у Беларусі. Так агароднікі сталі яшчэ і садаводамі. Сёння сужэнцы апрацоўваюць палі больш чым у 60 гектараў. Яны маюць 10 пастаянных работнікаў. Нават сабраць ураджай — цэлая навука. Важна падгадаць з часам, калі буякі паспелі, з надвор'ем і яшчэ ведаць, як адрываць ягаду, каб не пашкодзіць. Тут вельмі многа ручной працы. Буякі — культура капрызлівая.

Сёння фермерам трэба пралічваць сітуацыю такім чынам, каб не працаваць са стратамі. Прыгадаем сёлетнія праблемы, калі нарыхтоўшчыкі давалі за ягады «смешныя» грошы. «Мы ездзілі ў Сербію, каб убачыць, з чым сутыкнуліся фермеры, якія вырошчваюць буякі і экспартуюць іх у тым ліку ў Расію і Беларусь. Цэны ўпалі да ўзроўню 0,8 еўра за кілаграм. Гэта ніжэй за сабекошт. Каб вырасціць кілаграм ягады, трэба не менш за 3 еўра, — дзеліцца Алена. — А вось арганічная прадукцыя ў Еўропе ў эканамічным плане менш рызыкоўная. Попыт на яе на Захадзе расце, людзі гатовы больш плаціць за «чыстую» ежу. І калі ў Еўрасаюз практычна немагчыма прадаць прадукты інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі, дык для «арганікі» рынак адкрыты».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Прырода падкажа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…