Вы тут

Андрэй Сідарэйка: У пошуках цудаў


Па тэлевізары ішла навукова-пазнавальная праграма. У ёй расказвалі пра цуды прыроды, якія навукоўцы ніяк не могуць растлумачыць. Мама пайшла ў краму, а мы з татам зацікаўлена слухалі пра «вока Сахары», якое знаходзіцца пасярод самай вялікай пустыні свету, пра ярка-ружовы колер возера Хілер на захадзе Аўстраліі, пра міфічную лахнескую пачвару.


— А якія цуды ёсць у нашай краіне? — запыталася я ў таты, калі праграма скончылася.

— Іх хапае, — адказаў ён. — У кожным куточку нашай Радзімы можна знайсці свае цуды. Агульнавядомыя — Белавежская пушча, Бабруйская і Брэсцкая крэпасці, Мірскі замак, Нясвіжскі палац, возера Нарач, Сафійскі сабор у Полацку, слуцкія паясы.

Я ўявіла Белавежскую пушчу і зуброў, што жывуць там. І раптам мне так моцна захацелася іх убачыць!

— Тата, а давай махнём у Белавежскую пушчу! — прапанавала я.

— Абавязкова махнём, — паабяцаў тата. — А яшчэ захопім з сабой маму.

— Гэта ідэя! — узрадавалася я. — Тата, а ты бачыў нашы цуды свету?

— Не ўсе, — адказаў шчыра тата. — Але некаторыя пабачыў.

У свой час я вандраваў па краіне — сузіраў замкі і палацы. Менавіта імі ў даўнія часы наша краіна і славілася. Пра гэта ўсяму свету расказвалі падарожнікі і купцы.

— А якія замкі ты наведваў? — з захапленнем пацікавілася я.

— Іх шмат, — усміхнуўся тата. — Першым быў Лідскі замак — прыкладна за сто дванаццаць кіламетраў ад нашай сталіцы. Ён пабудаваны ў XІV стагоддзі. Падчас наведвання мне было шаснаццаць гадоў. Потым быў у Крэўскім замку, які знаходзіцца ў вёсцы з аднайменнай назвай — Крэва. Праўда, сёння ад замка засталіся толькі руіны. Але кожнаму чалавеку, які хоча пазнаёміцца з помнікамі гісторыі, цікава там пабываць. Яшчэ я наведваў стары замак у Гродне, Любчанскі і Гальшанскі замкі.

У гэты час дадому вярнулася мама. Я расказала ёй пра цуды нашай краіны і сказала, што хачу пазнаёміцца з імі бліжэй.

— А мы якраз на гэтыя выхадныя планавалі паехаць у Мірскі замак, — адказала мама і зірнула на тату.

— Так! — ахвотна падтрымаў тата. — Выдатнае месца!

Праз два дні мы выправіліся ў дарогу.

Крышачку стаміліся, пакуль дабіраліся да месца. Але колькі было ўражанняў!

У самім замку я ўбачыла столькі цудаў! Гэта і кавалерыйскі барабан васямнаццатага стагоддзя, які выкарыстоўваўся для падачы сігналу падчас баявых дзеянняў. І шпалеры «Паляванне на тура», на якіх увасоблены момант адзінаборства князя з турам. І самі рогі тура. І ўпрыгожаны разьбой куфар, што мае назву «касанэ». І веер XVІІІ стагоддзя. І стагадовая сасна, што расце непадалёк ад замка.

Вярталіся дадому задаволеныя.

— Мы і надалей будзем падарожнічаць? — запыталася я ў бацькоў.

— Вядома, — адказаў тата. — Але з адной умовай: больш уважліва вывучаць гісторыю краіны і слухаць настаўніцу.

— Добра, — пагадзілася я.

Цяпер і тату, і мне трэба выконваць абяцанні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?