Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Прыйшоў дадому, малодшыя чытаюць услых кніжку (Поля чытае, Вера слухае, потым мяняюцца).

Раптам Поля:

— Мама, а што такое тытунь?

Мама растлумачыла.

Праз хвіліну:

— Мама, а што такое са-ма-крут-ка?

Мама з цяжкасцю, але растлумачыла.

Тут ужо вырашаю ўмяшацца я, пакуль яны не спыталі пра «касяк» ці пра «план»:

— Што гэта вы зноў за кніжку чытаеце?

— Апавяданні.

Бяру кніжку ў рукі і чытаю на вокладцы: «Лев Толстой. Малышам».

Ну вось, а хтосьці «Ну пачакай!» прапаноўвае забараніць, таму што там воўк курыць.

P. S. З другога боку, ваўка значна прасцей забараніць, чым Льва. Таму нічога дзіўнага.


Паколькі на кожнае свята я нязменна атрымліваю стос малюнкаў ад уласных дзяцей (і заўсёды выказваю шчырае захапленне з гэтай нагоды), вырашыў дзеля інтарэсу высветліць у малодшых, наколькі яны самі цэняць такі падарунак, як малюнкі.

Для гэтага падышоў да двайнят і спытаў у лоб:

— Дзеці, скажыце, што вам намаляваць на 8 Сакавіка?

Дзеці неўразумела пераглянуліся:

— У якім сэнсе «намаляваць»?

— У прамым. Вы ж мне на 23 лютага падарылі малюнкі, я вам таксама хачу што-небудзь намаляваць у падарунак.

Вера, з надзеяй у голасе:

— Ты ж маляваць не ўмееш.

— Не хвалюйцеся, малюнкі будуць што трэба.

Вера павучальна:

— Тата, мы табе дорым малюнкі, таму што ў нас няма грошыкаў.

— Як гэта няма? Поля, колькі ў цябе рублёў?

— Восем. І ты мне яшчэ два вінаваты.

— А ў Веры?

— У мяне тры рублі.

— Ну вось, а гаворыце, няма грошай.

Поля, падагульняючы:

— Тата, дзеці заўсёды дораць бацькам малюнкі, а бацькі дзецям купляюць падарункі. Гэта нармальна, так усе робяць.

Далей спрачацца не стаў, тым больш што мне, паклаўшы руку на сэрца, і праўда прасцей што-небудзь купіць, чым намаляваць.

Але выснова тым не менш напрошваецца сама сабой: дзеці цэняць малюнкі прыкладна таксама, як і мы, — шчыра і з захапленнем.


Прыйшоў з работы дадому, сустракаюся ў дзвярах з жонкай. Пытаюся:

— Ты далёка?

— Пайду прагуляюся.

— А дзеці?

— Дзеці з табой. Пратрымаешся гадзіну без мяне?

Уявіў, што мяне чакае ў гэту гадзіну, і кажу жонцы:

— А можна з табой прагуляцца?

— Ты ж, пэўна, стомлены пасля работы.

— Я якраз сёння не вельмі стаміўся.

— Добра, пойдзем.

Далі дзецям каштоўныя ўказанні і пайшлі па нашым традыцыйным маршруце: вакол трэцяй Каменнай Горкі — калі глядзець па навігатары, гэта прыкладна тры кіламетры.

Выйшлі на вуліцу, і жонка адразу задала хуткі тэмп. Кажу ёй:

— Ты чаго так хутка ідзеш? Мы ж хацелі спакойна прагуляцца!

— А я заўсёды хаджу спартыўным крокам.

— Давай хоць крыху збавім тэмп, дзень цяжкі быў.

— Ты ж сказаў, што не стаміўся! Пакуль не позна, можаш вярнуцца.

Уявіў сваё вяртанне ў кватэру, поўную бязлітасных дзяцей, набраў больш паветра ў лёгкія і таксама рушыў вакол Каменнай Горкі.

P. S. А ўвогуле я яшчэ раней заўважыў, што чым больш у чалавека дзяцей, тым лягчэй яму хадзіць спартыўным крокам.


Вера:

— А я сёння атрымала першую двойку!

— Па якім прадмеце?

— Па рускай мове, за слоўнікавыя словы.

Поля:

— А я атрымала пяцёрку, таксама за слоўнікавыя словы.

Веру пажурыў, Полю пахваліў і адправіў абедзвюх рабіць урокі.

Раптам Вера:

— А чаму ты Полю пахваліў? Пяцёрка — гэта таксама дрэнная адзнака.

Каб выкруціцца, давялося сказаць, што на фоне яе двойкі Поліна пяцёрка выглядае вельмі нават нічога.

А калі гаварыць усур'ёз, то да сарака гадоў я паспеў прывыкнуць да многіх рэчаў, якіх не было ў нашым дзяцінстве, але сварыцца на дзіця за пяцёркі — гэта вышэй маіх сіл.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.