Вы тут

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю


Помніце радкі з верша Сяргея Міхалкова: «Мама — лётчик? Что ж такого! Мамы всякие нужны, мамы всякие важны». У малодшых класах і сёння школьнікі часта пішуць сачыненні пра прафесіі сваіх бацькоў, да Дня маці робяць кранальныя партрэтныя галерэі кшталту «Мая мама — урач»... А калі не ў школе і не на адзнаку — ці многае могуць расказаць? Дазнацца пра гэта мы вырашылі ў саміх дзяцей, а таксама ў іх мам і тат. «Сямейная газета» распачынае новую рубрыку «Азбука прафесій», якая, спадзяёмся, раскрые для чытачоў сакрэты многіх на першы погляд звычайных прафесій. А героямі першага выпуску сталі салістка балетнай трупы Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Таццяна Уласень і яе дачка, 9-гадовая Анюта, — як ні дзіўна, таксама балерына.


— Аня, ці ведаеш ты, як мама стала артысткай балета?

Аня: Не.

Таццяна: Калі я была маленькая, мама вадзіла мяне на мастацкую гімнастыку, і там трэнер рэкамендавала паспрабаваць паступіць у харэаграфічнае вучылішча. Я прайшла ўступныя іспыты, але мама вельмі доўга раздумвала, ці варта мне быць балерынай, і ўсё не падавала дакументы, а я нервавалася і прасіла: «Мама, ну вязі хутчэй, бо мяне ж не возьмуць!» Па шчырасці, танцаваць мне заўжды падабалася — і ўжо калі паступала, то зразумела, што хачу, мару стаць балерынай.

— А дачка сама пацягнулася следам ці мама ўгаварыла?

А.: Я сама хацела! Мне падабаецца танцаваць на сцэне, у прыгожых касцюмах. І калі мама танцуе ў спектаклях — таксама, я з самага дзяцінства бачу яе пастаноўкі. Асабліва люблю «Спячую прыгажуню», мама там вельмі добра танцуе партыю Феі Карабос.

Т.: Парадокс у тым, што гэта злая фея — але дзіця так бачыць.

— Што самае складанае ў гэтай прафесіі?

А.: Часам не падабаюцца некаторыя танцы, якія ставяць. І на шпагаце сядзець не люблю.

Т.: Самае складанае — калі ты рыхтуеш нейкую партыю, не блізкую табе, але яе трэба «зрабіць». Што я маю на ўвазе: бывае, персанаж зусім на цябе не падобны, а трэба ўвасобіць яго так, каб глядач паверыў, убачыў не штучную наігранасць, не Таню Уласень у гэтай ролі, а самога персанажа.

— Тады што самае прыемнае?

А.: Калі танцуеш не ў масе, а адна, і ўся ўвага скіравана на цябе. Мая любімая партыя — з балета «Павільён Арміды». А ў будучыні мару станцаваць Чорнага лебедзя.

Т.: Калі, станцаваўшы спектакль, ты застаўся ім задаволены. Зразумела, заўжды ёсць над чым папрацаваць і няма межаў дасканаласці, але калі пастаўленыя перад сабой задачы збольшага выконваеш, то на наступны спектакль ставіш новыя задачы, вышэйшыя планкі, і тады ў артыста адбываецца рост. І, безумоўна, важная як прафесійная ацэнка рэпетытара, з якім ты працаваў над спектаклем, наколькі чыста і тэхнічна былі выкананы тыя ці іншыя пазіцыі, так і рэакцыя публікі, бо ўсё, што мы робім, па вялікім рахунку робіцца для гледача — і калі ён суперажывае, верыць, гэта сапраўды дарагога каштуе... Вось калі пайду са сцэны, то больш часу і сіл аддам педагогіцы — я выкладаю ў маленькіх дзетак, якіх вучу танцам, і ў будучыні буду танцаваць праз сваіх вучняў. Калі ты бачыш, што ў іх атрымліваецца, — гэта вельмі ўсцешвае.

— З дачкой вы мама ці педагог?

Т.: У нас быў такі вопыт, калі я рэпеціравала з Аняй, — гэта і для мяне, і для яе стала выпрабаваннем, бо ўласныя дзеці не ўспрымаюць цябе як педагога, могуць і раскапрызіцца, і адмовіцца нешта рабіць... Цяпер Аня пасталела і ўжо інакш успрымае заўвагі, не крыўдзіцца. Я, у сваю чаргу, стараюся тлумачыць: «Ты малайчынка, але можна зрабіць лепш — вось тут дацягнуць ступню, тут калена». У нашай прафесіі заўжды ёсць куды расці, але трэба быць вельмі асцярожным, бо для дзяцей важная ацэнка і пахвала блізкіх людзей, і рэзкім словам можна адбіць усю ахвоту займацца.

А.: Так, з мамай рэпеціраваць складана, яна строгая.

— Балерына — прэстыжная прафесія?

А.: А што такое «прэстыжная»? Калі пра заробак, то ў нас балерыны зарабляюць не вельмі многа, але ёсць краіны, дзе добра плацяць. Таму я хачу стаць балерынай і паехаць у розныя краіны свету — але яшчэ не ведаю дакладна, куды.

Т.: Што тут скажаш — пагаджуся з Аней, у нашай краіне балерына — не надта прыбытковая прафесія. Асабіста мне хапае грошай, каб забяспечваць сваіх дзяцей, але заўжды ёсць да чаго імкнуцца. Нездарма існуе выраз: грошай ніколі не бывае многа, і багатыя па маіх мерках людзі, пэўна, лічаць, што зарабляюць недастаткова. Так, хацелася б большай матэрыяльнай аддачы, бо артыст балета — штучны тавар, атрымаць гэту прафесію можа далёка не кожны, мы вучымся дзевяць гадоў, а сцэнічны век даволі кароткі... З другога боку, на мой погляд, артыст — гэта не пра грошы. Наогул, не толькі артысту, а кожнаму чалавеку трэба займацца тым, што прыносіць яму радасць, тады ад гэтай працы насамрэч будзе плён. А хадзіць на работу дзеля грошай і ціха ненавідзець тое, чым займаешся, — навошта?

— Калі дачка перадумае ісці па вашым шляху...

Т.: Я ў любым выпадку падтрымаю яе выбар і буду дапамагаць, наколькі гэта ў маіх сілах. Яна сама выбрала заняткі балетам, і я, ведаючы цяжкасці гэтай прафесіі, заўжды казала: «Аня, ты павінна разумець, што балерына — гэта не толькі дзяўчына на сцэне ў прыгожым уборы, а паўсядзённая цяжкая праца, і нават калі табе нешта баліць, твая задача — несці радасць людзям, а свае асабістыя перажыванні пакінуць за кулісамі».

— Апішыце балерыну літаральна двума-трыма словамі — якая яна?

А.: Худая, прыгожая... (у задуменні глязіць на маму). Не ведаю нават, што дадаць.

Т.: Працавітая, зграбная... На гэтым, напэўна, спынюся.

— Што яшчэ, на ваш погляд, варта ведаць бацькам, дзеці якіх мараць стаць артыстамі балета?

Т.: Аддаючы дзіця ў харэаграфічнае вучылішча, трэба разумець, што прафесія патрабуе сур'ёзнага стаўлення і што будуць вялікія нагрузкі. Неабходна дапамагаць спраўляцца з імі: наладзіць правільнае харчаванне, рэжым адпачынку — абавязкова, бо па-іншаму ні мышцы, ні нервы не аднаўляюцца. Балет — прыгожае мастацтва, калі ты сядзіш у глядацкай зале, але адваротны бок медаля — праца, праца, праца. І працаваць неабходна ўсё жыццё.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Мая мама - балерына!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.