Вы тут

Хто будзе прадстаўляць інтарэсы выбаршчыкаў?


Рэгістрацыя кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі сёмага склікання пройдзе ў Беларусі 9—13 кастрычніка, а рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання правядуць акруговыя выбарчыя камісіі 8—17 кастрычніка.


Да гэтага часу ва ўсіх абласцях і ў Мінску адбылося вылучэнне прэтэндэнтаў на месцы ў верхняй палаце парламента. Такім правам валодаюць прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведныя выканкамы, а ў сталіцы — прэзідыум Мінгарсавета і Мінгарвыканкам.

Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК кандыдатах у сенатары праходзіць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, Мінгарсавета. Абраным лічыцца кандыдат, які набраў больш за палову галасоў.

Нагадаем, што Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Парадак яе фарміравання спалучае элементы выбарнасці і прызначэння. Па восем членаў абіраюцца ад кожнай вобласці і Мінска шляхам тайнага галасавання, яшчэ восем сенатараў прызначае Прэзідэнт. Усяго ў склад верхняй палаты парламента ўваходзіць 64 чалавекі.

Што датычыцца рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, то яна таксама ўжо распачалася. Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання вылучылася 703 чалавекі. Усяго ў выбарчыя камісіі да гэтага часу паступіла 824 камплекты дакументаў. Такая інфармацыя па стане на 9 кастрычніка размешчана на сайце ЦВК.

Прэтэндэнты на месца ў парламенце часцей за ўсё аддавалі перавагу аднаму з трох спосабаў вылучэння (шляхам збору подпісаў, ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі) — такіх 82,9 %. Двума спосабамі скарысталіся 16,9 % вылучэнцаў. Адзін чалавек вылучыўся трыма спосабамі.

Палітычныя партыі вылучылі 424 патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, або 51,5 % ад іх агульнай колькасці. У лідарах Ліберальна-дэмакратычная партыя (15,2 %), Аб'яднаная грамадзянская партыя (8 %), Камуністычная партыя Беларусі (7,7 %). Шляхам збору подпісаў вылучылася 33 % кандыдатаў у дэпутаты, ад працоўных калектываў — 15,5 %.

Жанчын сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія партфелі 25 %, маладых людзей да 30 гадоў — 8,8 %. Пераабрацца паспрабуюць 34 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання (4,8 %). Трапіць у парламент паспрабуюць і дэпутаты мясцовых Саветаў, іх 8,3 % ад агульнай колькасці вылучэнцаў.

Што датычыцца прафесійнай дзейнасці вылучэнцаў, то занятых у прамысловасці, будаўніцтве, сферы транспарту сярод іх 16,5 %, прадстаўнікоў навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту — 15,2 %, дзяржслужачых — 10,1 %.

Дарэчы, перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. На наступны дзень пасля яе заканчэння акруговыя выбаркамы правядуць паміж кандыдатамі жараб'ёўку для таго, каб вызначыць дату і час іх выступлення на дзяржаўных радыё і ТБ.

Выступленні кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачанні пройдуць з 21 кастрычніка да 6 лістапада па рабочых днях. Радыёвыступленні будуць з 7.00 да 8.00, тэлевізійныя (яны будуць суправаджацца субцітрамі ці перакладам на мову жэстаў) — з 19.00 да 20.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеляць «Радыё-Мінск», канал Беларусь 3, па Мінскай вобласці — радыёстанцыя «Мінская хваля», СТБ. Тым, хто будзе вылучацца па іншых абласцях, час вызначаць адпаведныя абласныя тэлерадыёкампаніі.

Для тэледэбатаў эфірны час рэзервуецца з разліку не больш за пяць хвілін аднаму кандыдату. Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядучага вызначаюць тэлерадыёкампаніі.

Сваю перадвыбарчую праграму прэтэндэнты на месцы ў парламенце маюць права апублікаваць альбо ў адной з рэспубліканскіх газет («Звязда», «Рэспубліка»), альбо ў адпаведнай абласной газеце, альбо ў раённых, гарадскіх газетах, якія выдаюцца на тэрыторыі іх акругі. Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней 27 кастрычніка.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі — на 7 лістапада.


Больш за палову прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Віцебскай вобласці вылучаны партыямі

У гэтым рэгіёне па 14 выбарчых акругах падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 97 чалавек, з якіх амаль 58 % вылучаны палітычнымі партыямі, паведамілі БелТА ў абласной выбарчай камісіі.

На цяперашнім этапе выбарчай кампаніі ў сярэднім на адзін дэпутацкі мандат ад Віцебскай вобласці прэтэндуе сем чалавек. Гэта вышэй, чым на ўсіх папярэдніх выбарах, прычым канкурэнтнасць павысілася за кошт росту колькасці прэтэндэнтаў, якія жадаюць балатавацца ў парламент па сельскіх акругах. Самая вострая барацьба намячаецца па Аршанскай-Дняпроўскай акрузе № 26, дзе кандыдатамі ў дэпутаты вылучаюцца дзесяць грамадзян.

Амаль 85 % прэтэндэнтаў палічылі за лепшае вылучацца адным з трох магчымых спосабаў. У прыватнасці, здалі подпісы ў падтрымку сваёй кандыдатуры 14 ініцыятыўных груп, палітычныя партыі дэлегуюць у парламент па акругах у Віцебскай вобласці 55 актывістаў. Акрамя таго, 15 прэтэндэнтаў скарысталіся падвойным спосабам вылучэння: ад грамадзян шляхам збору подпісаў і працоўнымі калектывамі (14 чалавек), ад грамадзян і палітычных партый (1).

На дэпутацкія мандаты ад Віцебскай вобласці прэтэндуюць прадстаўнікі васьмі партыйных арганізацый. Ліберальна-дэмакратычная партыя вылучыла 14 актывістаў, Камуністычная партыя Беларусі дэлегуе ў парламент 13 чалавек. Далей па актыўнасці ідуць Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (вылучыла сем сваіх членаў), Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ (па 6), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (3), Рэспубліканская партыя (1).

У цяперашняй кампаніі актыўна ўдзельнічаюць жанчыны — 19 чалавек, або кожны пяты прэтэндэнт, а таксама дэпутаты мясцовых Саветаў (13). Сярод удзельнікаў выбарчага марафону ўдзельная вага моладзі крыху больш за 4 %. На новы тэрмін маюць намер балатавацца тры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Акруговыя камісіі прыступілі да праверкі камплектаў дакументаў і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, якая павінна завяршыцца да 17 кастрычніка ўключна.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».