З 12 кастрычніка праграма «Кулінарная дыпламатыя» на тэлеканале «Беларусь 1» пачне выходзіць з новым вядучым — Віталем Водневым. Ён па чарзе са сваёй калегай па праекце Наталляй Рыжанковай будзе знаёміць тэлеаўдыторыю з нацыянальнымі стравамі і культурай розных краін свету.
Гасцямі праграмы ў новым тэлесезоне будуць не толькі паслы замежных дзяржаў у Беларусі, але і беларускія дыпламаты, бізнесмены і дзеячы культуры, якія ствараюць імідж нашай краіны за мяжой і наладжваюць сувязі з партнёрамі. Таксама на кухню тэлепраекта зазірнуць дзеячы з іншых краін, якія «ўпісваюць» часцінку каларыту сваёй радзімы ў беларускую сучаснасць.
Ужо 12 кастрычніка Віталь Воднеў трапіць на сапраўдны бразільскі карнавал эмоцый, калі на кухню «Кулінарнай дыпламатыі» завітае прафесійны інструктар па танцах з Рыа-дэ-Жанэйра Марсія Мандава. Яна з'яўляецца адным з арганізатараў міжнароднага стрыт-арт-фестывалю Vulіca Brasіl у Мінску. Падчас эфіру вядучы з госцяй у рытме самбы прыгатуюць нацыянальную страву Galіnha zambezіana і бразільскі пудынг, а таксама пагавораць пра футбол і серыялы.
— Калі госці ўсміхаюцца і з лёгкасцю ідуць на дыялог, як Марсія, то гісторыі пра іх родныя мясціны атрымліваюцца цікавыя і жывыя, — дзеліцца ўражаннямі Віталь Воднеў і дадае: — Увогуле я даўно марыў працаваць менавіта ў кулінарным праекце. Хоць сам гатую не вельмі часта, але цікаўлюся стравамі розных краін і мне падабаецца быць на кухні ў добрай кампаніі. А ў нас на праекце сабралася якраз такая творчая каманда.
Нагадаем, праграма «Кулінарная дыпламатыя» выходзіць па раніцах у суботу на тэлеканале «Беларусь 1». Праект змяніў графічнае афармленне, а ў хуткім часе новую «ўніформу» прымераць таксама вядучыя і госці праекта.
Алена ДРАПКО
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.