Гэтае пытанне жыхары Хойнікаў чуюць вельмі часта. Задаюць яго звычайна тыя, хто здалёк прыязджае ў гарадок на поўдні Беларусі. Тыя, хто сапраўды пераадолелі свае фобіі, сфатаграфаваліся на фоне знака радыяцыйнай бяспекі і паставілі ў сацсетках хэштэг, накшталт #сhеrnоbуl#stаlkеr#rаdіоасtіvе.
Мясцовыя толькі ўсміхаюцца, бо прызвычаіліся да пытанняў, напрыклад, вынесенага ў загаловак і незвычайнай увагі за 33 гады пасля аварыі на ЧАЭС. Даўно жыхароў Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага і іншых забруджаных раёнаў не называюць «чарнобыльскімі вожыкамі», не баяцца дакрануцца як да заразных. Цяпер сюды ўсё часцей едуць навукоўцы і чыноўнікі з розных краін набываць унікальны досвед бяспечнага жыцця ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання.
Размова ўжо ідзе пра тое, што Беларусь на міжнародным узроўні можа пазіцыянаваць сябе як краіну-эксперта ў галіне пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Начальнік упраўлення па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Руткоўскі нагадвае, што за 33 гады ўзровень радыеактыўнага забруджвання паменшыўся ўдвая.
— З 1986 года было выведзена з абароту 265 тысяч гектараў зямель, а за апошнія гады вернута 19 тысяч гектараў. Навукоўцы распрацавалі тэхналогіі, якія дазваляюць вырошчваць на гэтых палях пэўную прадукцыю. Яны даюць рэкамендацыі, якім чынам яе выкарыстоўваць.
За падрабязнасцямі ў невялічкі гарадок Хойнікі — адзін з найбольш пацярпелых ад радыяцыі, прыязджаюць цяпер і з Японіі. Пасля аварыі 2011 года на Фукусіме сюды наведалася больш за чатыры дзясяткі дэлегацый з Краіны ўзыходзячага сонца. Іх цікавяць не толькі распрацоўкі вучоных і сельскагаспадарчыя тэхналогіі, але і работа з насельніцтвам. Гавораць, у невялічкай краіне сорамна нават прызнацца, што ты жыў у прэфектуры Фукусіма. У нашых людзей — тых, хто не пакінуў гэтыя мясціны ў самыя складаныя гады, страху цяпер няма. Нашы ведаюць, дзе небяспека і з задавальненнем параяць іншым, як жыць і не баяцца.
У Хойніцкім раёне цяпер жыве больш за 19 тысяч жыхароў. Сярод іх тыя, хто ад'язджаў і паспытаў шчасця ў іншых мясцінах. Тыя, хто прыехаў з вельмі аддаленых куткоў былога Саюза — бо палічылі, што тут небяспека меншая, чым там, дзе страляюць ці здзекуюцца. Прадстаўнікі 16 нацыянальнасцяў прыжыліся ў гэтым краі лясоў і балот.
Пра багну тут успамінаюць часцяком. Палескія балоты — лёгкія Еўропы, якія апаэтызаваў Іван Мележ у сваіх творах, вельмі пацярпелі ў 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Тады на Беларусі была праведзена шырокамаштабная меліярацыя. З ёй звязваюць і сыход грунтовых водаў, што прыводзіць цяпер да працяглых засух на Палессі. Дык вось, ужо два з паловай дзесяцігоддзі гэтыя цяпер запаведныя мясціны штучна затапляюцца, расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Максім Кудзін:
— З 1993 года на гэтай тэрыторыі былі праведзены інтэнсіўныя работы па падтапленні зоны. Каб не дапусціць скід радыенуклідаў праз меліярацыйную сетку ў Прыпяць і Дняпро.
Прырода шчыра аддзячвае. Чарапахі, зубры, ласі, алені, коні Пржавальскага, рысі, мядзведзі, птушкі размнажаюцца ва ўмовах, калі чалавек не спакушаецца на іх жыццё і не заходзіць на іх тэрыторыю. А людзі прытрымліваюцца некаторых правілаў, якія не так моцна ўплываюць на штодзённае існаванне, як асобным здаецца. Так, напрыклад, усе ведаюць, што нельга збіраць дзікарослыя грыбы і ягады, бо яны больш за іншыя расліны назапашваюць шкодныя рэчывы.
Між тым мясцовыя прызнаюцца, што ў лес усё ж з кошыкамі ходзяць. Праўда, потым абавязкова зліваюць двойчы ваду — калі вараць грыбы. Пасля правяраюць на радыяцыю. Ну а калі праверылі і ўсё роўна «фаніць» — з жалем, але выкідаюць. Здароўе — даражэйшае. Але ж, гавораць, што так бывае рэдка. Дарэчы, персанальныя дазіметры ёсць тут далёка не ва ўсіх.
Гэта заезджыя спрабуюць разабрацца пра ўнутранае і знешняе выпраменьванне, пра кюры і зіверты. Мясцовыя давяраюць навукоўцам, якія распрацавалі нескладаныя правілы паводзінаў: мыць рукі і прадукты, не есці лясныя дары, не хадзіць там, дзе ўсталяваны знакі небяспекі... Цяпер любы хойніцкі першакласнік раскажа вам пра гэта. А яшчэ завядзе ў сваю школу, дзе ёсць лабараторыі для праверкі прадуктаў харчавання. Бясплатна гэта можна зрабіць і на ўсіх прадпрыемствах раёна.
Некалі ў горадзе, як і ў іншых пацярпелых населеных пунктах, быў зняты грунт на 15—20 сантыметраў. Тую зямлю захавалі асобна. Дэзактывацыя дала плён, але ж і цяпер санітарныя службы замеры робяць штодзень. Ну а штогод жыхары пацярпелых раёнаў праходзяць абавязковую дыспансерызацыю ў найлепшых медыцынскіх установах краіны. РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека створаны менавіта для таго, каб аказваць спецыялізаваную дапамогу насельніцтву, пацярпеламу ад катастрофы на ЧАЭС.
Хойніцкі раён развіваецца актыўна. У тым ліку ствараюцца фермерскія гаспадаркі, дзе вырошчваюць тыя расліны, што не накопліваюць радыенукліды. Самымі папулярнымі апошнім часам сталі маліны і дурніцы. Яны тут, на поўдні, паспяваюць раней, чым дзе. Таму можна і на рынках першымі каштоўныя ягады прадаць — па самай высокай цане. Гавораць, што будуць спрабаваць вырошчваць і бахчавыя культуры.
Відаць, тыя, хто застаўся жыць на Гомельшчыне, навучыліся ставіцца з аптымізмам і гумарам да таго, што дадзена лёсам.
Ірына АСТАШКЕВІЧ, г. Хойнікі
Велізарнае пачуццё адказнасці за будучае краіны.
Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.