Вы тут

Як у Кіраўскім раёне асвойваюць альтэрнатыўныя крыніцы электраэнергіі


Самая буйная ў Беларусі і нават адна з маштабных у Еўропе біягазавая ўстаноўка функцыянуе сёння ў Кіраўскім раёне — у ААТ «Світанак». Яе магутнасць 4,8 МВт. Нядаўна да яе падключылі новую малочнатаварную ферму, пабудаваную з улікам апошніх інавацыйных падыходаў. Карэспандэнт «МС» пацікавілася, як засвойваецца біягаз з улікам новага аб'екта і якая карысць ад экалагічнага паліва гаспадарцы.


Нагадаем, што комплекс па атрыманні біягазу будаваўся ў ААТ «Світанак» па дзяржпраграме развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі. Новая ферма дазволіла яшчэ больш загрузіць магутнасці біягазавай устаноўкі. Асноўныя работы па будаўніцтве фермы ўжо завершаныя. У склад малочнатаварнага комплексу ўваходзіць два асноўныя хлявы, даільна-малочны блок, радзільня з невялікай даільнай залай, цялятнік для ўтрымання цялят да трох месяцаў. Ферма новага пакалення абышлася не танна, але, як паказваюць вынікі, гэта таго вартае.

— Грошы дакладна ўкладзеныя не дарэмна, — пацвярджае дырэктар ААТ «Світанак імя К. П. Арлоўскага» Аляксандр Багель. — Тыя перадавыя ідэі, якія былі тут выкарыстаны, даюць эфект. Малако атрымліваецца вельмі добрай якасці. Штодзённа тут надойваюць амаль 10,5 тоны. Па 29 літраў ад кожнай каровы.

Біягазавая ўстаноўка між тым дазволіла сэканоміць на будаўніцтве. Акрамя электраэнергіі яна выпрацоўвае яшчэ і цяпло. Цяпер яно цалкам ідзе на абагрэў новай фермы. Плюс падаецца ў якасці гарачай вады ў краны. Так што асобную кацельную для гэтых мэт будаваць не спатрэбілася.

А яшчэ за кошт таго, што ферма ўзводзілася ў непасрэднай блізкасці ад біягазавай устаноўкі, эканомія адбываецца яшчэ і на транспарціроўцы. Біягаз, як вядома, атрымліваецца з гною і здробненага кукурузнага сіласа. Па трубах біямаса трапляе з фермы на ўстаноўку.

— Сапраўды, біягазавая ўстаноўка — рэч добрая, — лічыць кіраўнік гаспадаркі. — Акрамя фермы частка цяпла ідзе на абагрэў цяпліц. Няшмат, але тым не менш, замяшчаецца прыродны газ. Цяпло ад біягазавай устаноўкі мы выкарыстоўваем на 100 %. І адпаведна на ім жа эканомім. А гэта ўсё нямалыя грошы. За электраэнергію мы штомесяц атрымліваем каля 750 тысяч рублёў. Для параўнання, малака мы прадаём штомесяц на 800—900 тысяч рублёў. Але ж на біягазавым комплексе працуе усяго 11 чалавек, а на фермах шмат рознага персаналу. Электраэнергію, дарэчы, прадаём на выгадных для сябе ўмовах — з каэфіцыентам 1,3. Такім чынам дзяржава нас падтрымлівае.

— Калі гаспадарка працуе стабільна і не мае ніякіх фінансавых абавязацельстваў, рэнтабельнасць ад работы біягазавай устаноўкі можа складаць 60—70 %, — кажа ён. — Акрамя цяпла і электраэнергіі мы атрымліваем яшчэ і добрае ўгнаенне. Гэта перапрацаваны вельмі якасны гной, на якім цудоўна растуць і кукуруза, і пшаніца, і любая іншая культура.

У працэс атрымання біягазу ўнікаю на месцы. Начальнік вытворчасці Алег Бяляўскі дэманструе, як працуе сістэма на экране цэнтральнага камп'ютара.

— Безумоўна, карысць ад такіх установак вялікая, — кажа спецыяліст. — Адбываецца ўтылізацыя гною, атрымліваюцца дарагія энерганосьбіты.

Біягазавы комплекс — гэта восем ферменцёраў і два даброджвацеля, дзе ўтвараецца газ. Ён выкарыстоўваецца для работы чатырох газапаршнявых установак па 1,2 МВт магутнасці кожная. Працуюць рухавікі, круцяцца генератары і вырабляецца электраэнергія, якая трапляе ў сетку «Магілёўэнерга». Адпрацаваны фугат (тое, што застаецца ад біяадходаў) часткова выкарыстоўваецца для тэхналагічнага працэсу, а часткова вывозіцца на палі, як у цвёрдым, так і вадкім выглядзе.

— Для загрузкі ўстаноўкі штодзень неабходна 80 тон кукурузнага сіласу і 320 тон гною ад буйной рагатай жывёлы, — удакладняе Алег Бяляўскі. — У Беларусі мы не адзіныя, хто атрымлівае біягаз, але ж наш комплекс самы магутны. У астатніх устаноўкі да 1—2 МВт. Гаспадаркам, дзе ёсць буйная рагатая жывёла, з дапамогай такіх комплексаў можна цалкам забяспечыць сябе электраэнергіяй. Бо нават танныя энерганосьбіты заўсёды будуць для спажыўца дарагія.

Дзмітрый Смірноў, начальнік аддзела энергетыкі і паліва Камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама:

— Вельмі цікавы праект быў рэалізаваны ў Кіраўскім раёне на базе ААТ «Світанак». Гэтая ўстаноўка адна з самых буйных у Еўропе. Ёсць цікавыя прыклады будаўніцтва ветрапаркаў. Самыя вялікія пабудаваныя ў Дрыбінскім і Магілёўскім раёнах. Агульная магутнасць ад выкарыстання ўсіх аб'ектаў альтэрнатыўнай энергетыкі ў Магілёўскай вобласці за студзень—жнівень склала 87 МВт — 5,6 МВт за кошт біягазавых установак, 4,1 МВт — за кошт гідраэлектрастанцый, 53,7 МВт і 22 МВт за кошт ветраўстановак і сонечных крыніц. За кошт усіх альтэрнатыўных крыніц энергіі за гэты перыяд выпрацавана 89 мільёнаў кВт электрычнай энергіі. Гэта 3 % спажыванай энергіі ў Магілёўскай вобласці. Для параўнання, адна кватэра ў месяц спажывае 100—150 кВт.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Малако на біягазе

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.