10 кастрычніка фестывалем «Мамін дзень» у Мінску Саюз моладзі дае старт рэспубліканскай арт-эстафеце «Слова, першае ў жыцці...»
Мерапрыемствы фестывалю разгорнуцца ў холе ніжняга ўзроўню ГЦ «Сталіца». Тут госці свята змогуць паўдзельнічаць у рабоце хэндмэйд-майстэрняў па вырабе кветак з фаамірану і роспісе печыва, паспаборнічаць у конкурсе «спавівання нованароджаных», абсалютна бясплатна атрымаць у падарунак вясёлую і добрую карцінку ад мастакоў-шаржыстаў і нават адправіць віншавальную паштовую картку любімай маме. Дадатковы каларыт у работу святочнай інтэрактыўнай пляцоўкі прыўнясуць майстры аквагрыму. Для самых юных удзельнікаў фэсту валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» падрыхтавалі гульнявую праграму з мноствам актыўнасцяў.
Ганаровыя госці фестывалю — мамы: шматдзетныя, працавітыя, актыўныя, спартыўныя, творчыя. Ім даверана ганаровая місія ўручыць узнагароды маладым талентам падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў творчага конкурсу БРСМ «Слова, першае ў жыцці...». І менавіта яны стануць гераінямі адкрытага дыялогу «Беларусь і Я», прысвечанага самаму блізкаму і роднаму чалавеку — жанчыне-маці, захавальніцы сямейнага ачага.
Арт-эстафета «Слова, першае ў жыцці...» скіравана на ўмацаванне інстытута мацярынства і павышэнне статусу жанчыны-маці ў грамадстве. Мерапрыемствы праекта будуць доўжыцца да 14 кастрычніка: спартыўныя святы, спаборніцтвы маладых мам, майстар-класы і інтэрактыўныя праграмы, творчыя сустрэчы, ушанаванне маці, выстаўкі, пасяджэнні клубаў маладых сем'яў, канцэрты мастацкай самадзейнасці, наведванне радзільных дамоў і іншае.
Сяргей РАСОЛЬКА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!