Вы тут

Сістэма налічэння заробкаў бюджэтнікаў стане больш зразумелай


На гэта накіраваны законапраект «Аб змяненні законаў» (па пытаннях аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый). Гэты дакумент быў учора разгледжаны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні сёмай сесіі.


З 1 студзеня 2020 года згодна з Указам № 27 заробак будзе фарміравацца з акладу, стымулюючых і кампенсуючых даплат. Большыя магчымасці для рэгулявання аплаты атрымаюць кіраўнікі арганізацый. Дэпутаты да пачатку дзеяння змен прыводзяць заканадаўства ў адпаведнасць з Указам.

Член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Анатоль Дашко адзначыў, што дзеючая сістэма ставак вельмі складаная: «Сістэма спросціцца, там скасуецца каля 300 пастаноў Мінпрацы».

Новая тарыфная сістэма для бюджэтнікаў уключае базавую стаўку і 18-разрадную тарыфную сетку замест 27-разраднай.

Пры гэтым кожнае бюджэтнае ведамства распрацавала свой парадак стымулюючых і кампенсуючых даплат. Цэнтралізаванай застанецца толькі базавая стаўка — 180 рублёў, але, як запэўніў парламентарый, яна будзе імкнуцца да бюджэту пражытачнага мінімуму (сёння амаль 231 рубель).

Таксама праект закона прадугледжвае залік перыяду альтэрнатыўнай службы ў стаж работы ў бюджэтных арганізацыях.

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч, які прысутнічаў на пасяджэнні, у размове з журналістамі паведаміў пэўную інфармацыю аб бюджэце на будучы год. Так, дэфіцыт можа скласці амаль 1 мільярд рублёў. Страты ад падатковага манеўра Расіі ў рэспубліканскім бюджэце 2020-га дасягнуць 400 мільёнаў долараў ЗША. Такая ж сума недаатрымана сёлета.

Больш аптымістычныя прагнозы на бюджэт у дэпутатаў. Па словах члена Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Таццяны Сайганавай, плануецца пашырэнне яго расходнай часткі з-за сацыяльнай накіраванасці: «У прыватнасці, будуць павялічаны заробкі ў бюджэтнай сферы. Але мы бачым, што пункты росту даходаў ужо ёсць — гэта работа прамысловага сектара эканомікі, работа малога і сярэдняга бізнесу, чаму, несумненна, будзе спрыяць прыняцце новай рэдакцыі Падатковага кодэкса».

Бюджэт пакуль не паступіў у парламент, але чакаецца на працягу некалькіх дзён.

У першым чытанні разгледзелі ў Авальнай зале і законапраект «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства». Прапанавана выключыць замежнікаў, якія здзейснілі злачынства па неасцярожнасці, з катэгорыі асоб, якім могуць адмовіць у выдачы віз ці ўездзе ў Беларусь. Важным дапаўненнем стане дазвол на ўезд для замежнікаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў Беларусі і не пагасілі яго праз тое, што не мелі адпаведнай інфармацыі. Па словах Івана Падгурскага, першага намесніка міністра ўнутраных спраў, на сёння ў спіс асоб, уезд якіх у краіну забаронены ці непажаданы, уключана больш за 1 мільён 140 тысяч чалавек. Большасць з іх унесена Расіяй. Абнаўленні закона будуць спрыяць павышэнню турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны.

Таксама дэпутаты ратыфікавалі Пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі па супрацоўніцтве ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. «Па-першае, ён дасць дакладнае разуменне, у якіх аб'ёмах мы будзем пастаўляць, напрыклад, сырую нафту, — расказаў пра новаўвядзенні намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Аляксей Сокал. — Па-другое, па некаторых нафтапрадуктах (бензін, дызельнае паліва, мазут) калі на год складзены патрэбы нашага ўнутранага рынку, то гэта дае стабільнасць. І самае галоўнае, гэта дае поўную загрузку нашых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?