Вы тут

Самі з ВУСАмі. Нататкі новаспечаных вяскоўцаў


Мы з мужам больш як 10 гадоў пражылі ў Мінску. Увесь гэты час соўгаліся з рэчамі па здымных кватэрах. Сваркі і гучная музыка за сценкай, недакуркі ў пад'ездзе, байкеры, што гойсаюць пад вокнамі ўначы, капітальны рамонт, які расцягнуўся амаль на год... Усё гэта, ну і, вядома, мая цяжарнасць (не хацелася гадаваць дзіця ў такіх умовах) натхнілі нас на думку пераехаць жыць у вёску. І вось сёлета, на чарговую гадавіну вяселля, мы зрабілі сабе падарунак — перавезлі рэчы ў Малую Вусу, што на Уздзеншчыне. Гэтае месца асаблівае, з гісторыяй. Па-першае, у суседняй Вялікай Вусе нарадзіўся Пятро Глебка. У гонар паэта там названая цэнтральная вуліца. Па-другое, абедзве вёскі ў вайну былі спаленыя немцамі, а іх жыхары сагнаныя ў Германію. Тут і сёння жывуць асаблівыя людзі, пра якіх я буду пісаць у сваіх нататках. А таксама дзяліцца навінамі з вясковай хаткі ды думкамі, якіх на свежым паветры штодзень з'яўляецца процьма — толькі паспявай запісваць.


На дварэ кастрычнік — а ў нас на стале штодзень зеляніна з уласнай градкі. Ядзім яе ўволю. Ужо забыліся, як набывалі ў гіпермаркеце дробненькі пучок кропу і ашчадна дзялілі на некалькі разоў. А ўсё дзякуючы вуслянам-агароднікам, якія абярнулі нас у сваю веру. Хоць, шчыра кажучы, мы з мужам супраціўляліся да апошняга. Увесну, калі пераехалі жыць у Малую Вусу, ніводнага насеннечка не закінулі ў глебу. А на пачатку жніўня, як я жартую, курам на смех разбілі ажно дзве градкі. Пасеялі рукалу, кроп, радыс, два віды салаты, марозаўстойлівую цыбульку. А яшчэ і куст базіліку, які, пакуль я стаяла крукам, суседка Галіна Фёдараўна перадала цераз плот.

Суседзі задаволеныя. Бачылі б вы, з якой радасцю яны неслі цяпкі, граблі ды іншыя наварочаныя «дэвайсы» агародніка і насенне ды давалі парады, як найлепей зрабіць. Бабуля Анюта нават сваіх курэй у той дзень не выпускала: чакала, пакуль мой мужык (так тут кажуць) не абгародзіць грады.

Сяброўка, якая летась таксама з сям'ёй пераехала жыць у вёску, на мой аповед пра эксперымент з градкамі адрэагавала катэгарычна. Маўляў, «я не паддаюся на ўгаворванні. І вам не раю. Калі б суседзяў слухала, замест газона бульба расла б. Варта сябе слухаць, свае патрэбы і жаданні».

Яблычкі-папяроўкі для нашага Сымонкі ад Генадзя Сямёнавіча.

— Да бульбы, спадзяюся, справа не дойдзе, — супакоіла я сяброўку. — А пад газон ужо ўчастак узаралі, плануем раўняць.

Але сусед Генадзь Сямёнавіч тут як тут: «Ну вось, малайцы, па вясне бульбачкі пасадзіце пару градак, шмат не трэба», — кажа ён, назіраючы, як я саджу клубніцы для Сымонкі. «Не, мы бульбу не будзем садзіць. Думаю, зелянінай абмяжуемся». — «Ну-ну, — хітра пасміхаецца сусед. — Трэба запісаць твае словы. Усе так спярша кажуць. Апетыт жа прыходзіць падчас яды».

Дарэчы пра ежу. Улетку жыццё ў Вусе віравала. Вуслянка Тамара вырасціла гіганцкі агурок. Сорт называецца «Мужчынская сіла». На смак так сабе, а вось даўжыня ўражвае — ажно 54 сантыметры І наогул што-што, а агуркі сёлета ў вёсцы ўрадзілі на славу.

— Агуркі ў хаце ёсць? — пытаўся Павел, дом якога месціцца на ўскрайку Малой Вусы.

— Ды вось збіралася якраз ехаць на ровары ў Плоскае (суседняя вёска), там кажуць, фермер па рубель семдзесят прадае за кілаграм.

Павел усміхнуўся і моўчкі насыпаў мне з вялізнага тазіка пакет малодзенькіх агурочкаў.

Неўзабаве прыйшла Таццяна, якая жыве праз дом ад нас, і таксама прапанавала агуркоў.

— Вазьміце, свежых паясцё, замаласоліце. Я ўжо і сабе, і дочкам накатала.

Калі запыталіся, колькі каштуе, нават абурылася: «Крыўдзіце! Калі не ведалі, дык у нас у Вусе суседзі проста так частуюць, не за грошы, а ад душы».

Праз колькі дзён да нас у двор завітала бабуля Анюта з міскай вымытых агурочкаў.

— Можа, дзе горкі трапіцца, дык вы шкурку абразайце, — клапоціцца.

— Мо, вам кабачкі яшчэ патрэбны, дык ідзіце сарвіце, — паказвае на агарод, што бачны з нашага ўчастка, яе сын Аляксандр, які рэгулярна прыязджае і дапамагае сваёй 84-гадовай маці.

Бабуля Ліда таксама прыйшла, каб прапанаваць агурочкаў.

— У мяне ж адзін зуб застаўся, няма чым есці. А выкідаць шкада.

— Не, не трэба, дзякуй. Нас ужо начаставалі так, што есці не паспяваем!

Вярнуліся з сынам з прагулкі, а дома тазік з маладымі агурочкамі, памідорчыкамі ды з малодзенькай цыбулькай «вырас»

— Эх, ну пайду яшчэ Міхасю прапаную.

Карацей, з суседзямі нам пашанцавала, жывём як у бога за пазухай. Калі чарговы раз адносіла Галіне Фёдараўне міску з-пад гародніны, нават рыфмаваны радок прыдумала: «У Малой Вусе можна забыць аб галадусе».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.