Вы тут

У Беларусі стартавала інфармацыйная кампанія #МастацтвадляЗдароўя


10 кастрычніка Вялікі тэатр Беларусі і Еўрапейскі фонд Рудольфа Нурыева падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве з Аб'яднанай праграмай ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) у Беларусі. У гэты ж дзень у нашай краіне ўзяў пачатак маштабны праект #ARTforHealth — #МастацтвадляЗдароўя, які фінішуе акурат 1 снежня дабрачынным спектаклем «Ор і Ора» ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай. Частка грошай ад продажу білетаў на гэты балет будзе перададзена Міністэрству аховы здароўя Беларусі для суправаджэння людзей, якія жывуць з ВІЧ.


Адна з Мэт устойлівага развіцця, абвешчаных ААН, — спыненне эпідэміі СНІДу. Гэтага выніку неабходна дасягнуць да 2030 года. Спецыялісты мяркуюць, што тэрмін можна скараціць, калі ісці да мэты сумеснымі намаганнямі. «Трэба працаваць і па-за межамі сферы аховы здароўя, — упэўнены рэгіянальны дырэктар ЮНЭЙДС для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Віней САЛДАНА. — Бо перамога над СНІДам — агульная задача не толькі для медыцыны, а для ўсяго грамадства». Таму ў Беларусі ў размову пра прафілактыку і ранняе выяўленне хваробы разам з урачамі ўключыліся і грамадскія арганізацыі, і прадстаўнікі бізнесу, і дзеячы мастацтва.

Важнасць праблемы безумоўная: эпідэмія СНІДу ўжо забрала жыцці 37 мільёнаў людзей ва ўсім свеце. У велічэзным сумным спісе — адзін з самых вядомых рок-музыкантаў у гісторыі, франтмен гурта Queen Фрэдзі Мерк'юры, легендарны артыст балета Рудольф Нурыеў, мастак Кейт Харынг, акцёр Энтані Перкінс, пісьменнік-фантаст Айзек Азімаў і іншыя. Каля 36 мільёнаў жыхароў Зямлі сёння жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, прытым многія з іх наогул не ведаюць уласны ВІЧ-статус. Дыскрымінацыя і стыгма ВІЧ-пазітыўных людзей перашкаджаюць многім, хто сумняваецца, прайсці тэст і рэгулярна прымаць лячэнне. Паводле слоў першага намесніка міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрыя ПІНЕВІЧА, у нашай краіне, паводле ацэначных лічбаў, каля 21 тысячы чалавек з прыблізна 24 тысяч ВІЧ-пазітыўных ведаюць пра свой статус і атрымліваюць належную тэрапію: «Аднак пакуль ёсць хоць адзін чалавек, які не ўпэўнены ў сваім ВІЧ-статусе і не праходзіць эфектыўнае лячэнне, наша работа павінна працягвацца».

Уласна, якраз інфармаванне беларусаў пра ВІЧ-інфекцыю і магчымасці антырэтравіруснай тэрапіі і стане задачай Вялікага тэатра ў межах кампаніі #ARTforHealth, дзе АRТ — і мастацтва, і медыцынская абрэвіятура. З 10 кастрычніка да 1 снежня тут правядуць серыю семінараў па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, майстар-класы для аматараў балета, медыямарафон у сацсетках, а таксама збор дабрачынных сродкаў — паўдзельнічаць у ім можа кожны, хто набывае білеты на культурныя імпрэзы з дапамогай kvіtkі.by. Дзякуючы фонду Рудольфа Нурыева ў Мінску пройдзе адкрыты паказ сёлетняга фільма Рэйфа Файнса «Белы воран» і сустрэча з выканаўцам галоўнай ролі Алегам Івенкам, які ўвасобіў на экране вобраз Нурыева, а таксама выстаўка фотаздымкаў славутага танцора, прадстаўленая адным з музеяў Францыі. Прыгожым фіналам — але ні ў якім выпадку не заканчэннем супрацоўніцтва, адзначаюць у тэатры — стане балет «Ор і Ора» на музыку Міхаіла Крылова. «Ужо невылечна хворым Нурыеў прыязджаў у Санкт-Пецярбург і выступаў на сцэне Марыінскага тэатра, — згадвае балетмайстар-пастаноўшчык Вялікага тэатра Беларусі Аляксандра ЦІХАМІРАВА. — Гэта быў сапраўдны подзвіг, дэманстрацыя сілы духу. Наш спектакль — таксама пра сілу духу. І мы вельмі ганарымся, што ўдзельнічаем у падобнай акцыі. Бо мастацтва заўжды стаіць вышэй за палітыку, вышэй за любыя адрозненні паміж людзьмі...»

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?