Вы тут

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі


Энергічная, прыгожая, паспяховая... Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.


Святлана Немірка — сацыяльны педагог, псіхолаг, а цяпер яшчэ і фітнес-трэнер з дзесяцігадовым досведам. Магчымасць быць дзейнай і карыснай прыносіць бойкай і тэмпераментнай маладой жанчыне пачуццё задавальнення — такі спадарожнік сапраўднага шчасця. Святлана заўсёды імкнулася рабіць тое, што дадае радасці не толькі ёй, але і іншым. Сёння яна шчаслівая жонка, мама дваіх дзяцей, а ў прафесійнай сферы лічыць сябе паспяховай: вядзе агульную фізічную падрыхтоўку ў маленькіх хакеістаў, індывідуальны трэнер па плаванні і фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце. Дарэчы, ім яна дапамагае не толькі прыйсці ў жаданую форму, але і падчас трэніроўкі заставацца побач са сваімі дзецьмі.

— У спорт я прыйшла выпадкова, — прызнаецца Святлана. — Пасля звычайнай трэніроўкі да мяне падышла кіраўнік аднаго фітнес-клуба, які я наведвала, і прапанавала стаць трэнерам — маўляў, талент ёсць. Не ведаю, як яна гэта ўбачыла (смяецца). Вырашыла, што паспрабую... Скончыла спецыяльныя курсы і стала працаваць трэнерам. Вось тады і адчула сябе на сваім месцы.

Калі першай дачцэ Святланы споўнілася чатыры месяцы, жанчына вырашыла вярнуцца на работу — пачала даваць індывідуальныя ўрокі плавання. Калі дачцэ споўнілася паўгода, Святлана вырашыла заняцца і сабой.

— Вось тут і паўстала пытанне, на каго ў гэты час пакідаць дачку, — успамінае Света. — Ну, адзін раз на бабулю, другі — на дзядулю, трэці — на тату... Але ж трэніроўкі не былі рэгулярныя, а я кожныя заняткі інтуітыўна спяшалася дадому, да малой. Аднойчы абставіны склаліся так, што на трэніроўку я прыйшла з дачкой. Яна спала ў калясцы, а я спакойна трэніравалася. У той момант і адчула, што найшла для сябе выйсце.

Пасля нараджэння другога дзіцяці Святлана падзялілася сваім досведам з сяброўкай, якая таксама даглядала немаўля. Тая ўхапілася за гэтую ідэю і стала ўгаворваць Святлану дапамагаць мамам у дэкрэце прыйсці ў форму: маўляў, ты ж трэнер...

— Першыя заняткі былі на вуліцы, у Лошыцкім парку Мінска, — расказвае Святлана. — Мы прыходзілі туды з каляскамі. Гэта было вельмі зручна, бо дзеці гулялі побач ці спалі на свежым паветры ў калясках, а мамы трэніраваліся.

Спачатку матуль было няшмат. Але ў хуткім часе сфарміравалася паўнавартасная група, якая наведвала трэніроўкі рэгулярна.

— Нам удалося выбудаваць ідэальную сістэму для мам — аматараў спорту ў дэкрэце, — расказвае Святлана. — Па-першае, жанчыне не трэба купляць абанемент загадзя. Гэта зручна, таму што жыццё мамы падпарадкаванае інтарэсам маленькіх карапузаў. Калі дзіця захварэла, капрызіць ці не выспалася — яна проста не прыходзіць. Таму адзаймаліся — заплацілі. Немагчыма прадказаць да апошняга моманту, колькі жанчын прыйдзе.

Трэніроўка з дзіцем — справа асаблівая. Не бывае так, што маці робіць спартыўнае практыкаванне, а малое сядзіць побач. Дзеці бегаюць, цікавяцца, гуляюць у мячыкі, раптам хтосьці з іх можа заплакаць ці ўцёкі зладзіць, або туалет запатрабаваць... Усе ставяцца да гэтага з разуменнем. Адцягнулі на хвіліну сваю ўвагу ад трэніроўкі, дагналі дзіця, выдалі пячэньку — і зноў назад працаваць над сваёй формай.

— Неўзабаве дзеткі прызвы-чаіліся адно да аднаго і проста пачалі гуляць разам, — успамінае Святлана. — А калі надышоў час ісці ў садок, то нашы малыя былі самыя падрыхтаваныя: ведалі, як сябраваць, чым сябе заняць, а дзе трэба падзяліцца цацкай, а дзе адстойваць свае інтарэсы...

Калі надышла восень і пахаладала, заняткі на вуліцы сталі некамфортныя. Але жанчынам не хацелася спыняць трэніроўкі. Тады трэнер пайшла ў самую найбліжэйшую спартыўную залу і расказала аб сваёй незвычайнай групе кіраўніку.

— Самая вялікая праблема для мамы ў дэкрэце — гэта набыць адразу абанемент, — гаворыць Святлана. — Бо ў жанчыны сёння грошы ёсць — яна прыйшла, заўтра няма — не прыйшла. Гэта акалічнасць бянтэжыла кіраўніка залы. Але ўсё ж вырашылі паспрабаваць, і ў нас атрымалася.

Трэнер стварыла групу ў сацсетках, дзе жанчыны паведамляюць, хто прыйдзе, хто не. Звычайна прыходзіць не менш, чым чатыры мамы, але не больш, чым восем. Трэніроўкі замацавалі сувязь паміж імі. Жанчыны знаёмяцца, потым разам ходзяць піць гарбату, віншуюць адна адну са святамі, а некаторыя знаходзяць сапраўдных сябровак.

— Жанчыны, якія да нас прыходзяць, падобныя тым, што ім хочацца быць актыўнымі, — гаворыць Святлана. — Для іх важна сачыць за сваім здароўем, важна мець зносіны з аднадумцамі.

Трэніравацца ходзяць і шматдзетныя матулі, і жанчыны, якія маюць аднаго-двух дзетак. Трэнер лічыць, што яны ўвогуле нічым не адрозніваюцца, напэўна, толькі тым, што шматдзетныя больш спакойна ставяцца да дзіцячых свавольстваў.

Нягледзячы на тое што падчас трэніроўкі малыя нярэдка адцягваюць на сябе ўвагу, нагрузкі для мам лічацца паўнавартаснымі.

— Калі жанчына ходзіць больш-менш рэгулярна, то вынік бачны, — тлумачыць трэнер. — Бывае, што прыходзіць жанчына, калі яе немаўляці ўсяго паўгода. Я абавязкова сачу за такімі рэчамі: тут неабходна размяркоўваць пэўным чынам нагрузку. Такія жанчыны выконваюць практыкаванні ў павольным тэмпе, без спартыўнага абсталявання. Я працую, можна сказаць, індывідуальна, бо групы невялікія.

Святлана лічыць гэтую незвычайную групу сваёй «сацыяльнай» нагрузкай — больш для душы, бо на мамах у дэкрэце асабліва не заробіш. Ёй падабаецца не толькі дапамагаць ім прыйсці ў форму пасля родаў, але і назіраць, як на яе вачах у жанчын завязваецца сяброўства. Сама Святлана выйшла з дэкрэтнага адпачынку, яе дзеці наведваюць дзіцячы садок. Некаторыя жанчыны з першых набораў таксама пайшлі ўжо працаваць і не наведваюць трэніроўкі. Аднак група не змяншаецца. Прыйшло новае папаўненне, і атмасфера даверу, узаемнай прыхільнасці і аднадумства ў «мама-групе» засталася.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.