Напярэдадні свята Дня маці ў сталіцы абмеркавалі мацярынскую місію жанчын, сямейнае чытанне як частку стратэгіі выхавання дзяцей і моладзі, а таксама ролю мастацкай літаратуры і СМІ ва ўмацаванні традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
«Давайце адыдзем крыху ад фармальных лічбаў, — прапанавала старшыня Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мар'яна Шчоткіна. — Бо ў жыцці кожнага чалавека няма нічога больш важнага за сям'ю, моцная сям'я — аснова любога грамадства, а з пункту гледжання сацыялогіі — гэта сацыяльны інстытут — самы маленькі, але самы моцны і надзейны. Для бацькоў створаны і замацаваны на заканадаўчым узроўні самыя спрыяльныя ўмовы, існуе 11 відаў матэрыяльнай дзяржаўнай падтрымкі мацярынства і дзяцінства... Спытайце любога чалавека, аб чым ён марыць — у адказе будзе прысутнічаць слова «шчасце», а шчасце ўключае ў тым ліку любоў, блізкіх людзей і, канешне, сям'ю. Безумоўна, трэба цаніць сваіх бацькоў — і маму, і тату, але сёння мы гаворым найперш пра ролю мамы. Нашы матулі вельмі моцныя і працавітыя, але і вельмі сціплыя, таму мы часам забываем пра тое, што ім неабходная падтрымка — з боку мужа і дзяцей, а таксама з боку грамадства і дзяржавы. Таму Беларускі саюз жанчын пастаянна ініцыюе і з'яўляецца ўдзельнікам новых праектаў па ўсебаковай падтрымцы жанчын-маці».
Адзін з такіх праектаў — сацыяльна-творчая акцыя «Сямейнае чытанне», у межах якога запланавана выданне серыі кніг беларускіх і замежных аўтараў, у тым ліку казак, пазнавальнай і іншай літаратуры для дзяцей і падлеткаў ад 3 да 14 гадоў. Зборнік з гэтай серыі народных казак «Не сілай, а розумам» ужо ўбачыў свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», і яго вельмі чакаюць, напрыклад, у дзіцячых і школьных бібліятэках. Акрамя таго, ужо традыцыйна ў кастрычніку ў розных гарадах Беларусі праходзіць не толькі дзень, але і Тыдзень, і Месяц маці — святочныя мерапрыемствы з удзелам шматдзетных сем'яў, матуль і бабуль, бацькоў, адноўленых у правах паводле Дэкрэта № 18, сем'яў, у якіх дзяцей выхоўвае толькі бацька... «Сэрца ёсць у кожнага чалавека, і яно павінна быць любячым, добрыя словы трэба спяшацца гаварыць, а добрыя справы — рабіць сёння, тут і цяпер», — нагадала Мар'яна Шчоткіна.
Старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка нагадала: амаль 30 гадоў таму, калі была ўтворана гэта арганізацыя, стаўленне грамадства і чыноўнікаў да шматдзетных сем'яў было рэзка адмоўным. Але з цягам часу Беларусь прыйшла да таго, што падтрымка мацярынства і дзяцінства стала адным з дзяржаўных прыярытэтаў: так, з 1996 года беларускія жанчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей, зноў ушаноўваюцца ордэнам Маці, а за мінулую пяцігодку амаль 74 тысячы шматдзетных сем'яў змаглі аформіць сямейны капітал, што паспрыяла росту нараджальнасці.
Начальнік упраўлення медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Богдан адзначыла парадокс апошняга часу: калі большасць здаровай моладзі адкладвае нараджэнне дзяцей «на потым», то сем'і, у якіх адзін ці абодва бацькі з абмежаванымі магчымасцямі, са складанымі паталогіямі, альбо, напрыклад, хворыя на анкалогію — наадварот, адчуваюць павышаную патрэбу ў дзецях і не жадаюць чакаць. Намаганні медыкаў скіраваны на тое, каб захаваць кожную цяжарнасць і ўкараніць сістэму аказання медыцынскай дапамогі ўсім такім сем'ям. Дарэчы, у найбліжэйшы час будзе вынесена на грамадскае абмеркаванне Нацыянальная стратэгія планавання сям'і, якую распрацавалі прадстаўнікі розных ведамстваў і арганізацый.
Дарэчы
Падчас круглага стала «Сямейнае чытанне як фактар выхавання падрастаючага пакалення» арганізатары ўзнагародзілі пераможцаў штогадовага рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Сёлета ў ім удзельнічала 97 работ ад 81 рэдакцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ: друкаваных і электронных выданняў, тэле- і радыёканалаў. Дыпломамі Міністэрства інфармацыі і ГА «Беларускі саюз жанчын» былі адзначаны рэдакцыі газет «Знамя юности», «Мінскі кур'ер», «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск», «Воранаўская газета», ганцавіцкага раённага выдання «Савецкае Палессе», творчая група Другога нацыянальнага тэлеканала і карэспандэнт Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Святлана Чарнова, тэлерадыёкампанія «Магілёў», Гомельскае гарадское радыё, фотакарэспандэнты «Голаса Касцюкоўшчыны» і гомельскай раённай газеты «Маяк». Шчыра віншуем калег з поспехам і жадаем ім, як, зрэшты, і журналістам, і чытачам «Звязды», яшчэ больш важных, нераўнадушных, цёплых і праблемных, словам, разнастайных і цікавых матэрыялаў сямейнай тэматыкі.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.