Якія айчынныя выданні зоймуць месца на кніжных паліцах краіны-суседкі?
Больш чым 200 кніг прадставіла беларуская дэлегацыя на 26-м Форуме выдаўцоў у Львове. Для выдаўцоў такія святы — найперш магчымасць заключэння дамоў аб перакладах. Пра ўдзел беларускай дэлегацыі ў форуме больш падрабязна расказалі яе прадстаўнікі на прэс-канферэнцыі ў прэсцэнтры Дома прэсы.
Свята, што сёлета прайшло пад лозунгам «Відшукування причетного», наведала больш чым 300 выдаўцоў, якія прадставілі звыш 2 тысяч кніжных навінак. Асноўнай пляцоўкай форуму стаў Палац мастацтваў. Усяго ж было задзейнічана 40 лакацый у музеях, бібліятэках, галерэях і тэатрах. Форум уключаў больш ад 700 мерапрыемстваў: семінары, прэзентацыі кніг, сустрэчы кнігавыдаўцоў.
— Асноўная мэта нашага ўдзелу ў форуме — пазнаёміць украінскіх чытачоў з апошнімі кніжнымі навінкамі беларускіх выдавецтваў, што пабачылі свет у 2018—2019 гг., — расказаў дырэктар «Паліграфкамбіната імя Я. Коласа» Ігар Маланяк. — Наш стэнд, дарэчы, зацікавіў даволі шмат наведвальнікаў. У першую чаргу гасцей прываблівалі кнігі пра гісторыю і культуру Беларусі, краязнаўчая і вучэбная літаратура.
Асаблівую ўвагу займелі таксама кнігі ўкраінскіх аўтараў на беларускай мове, напрыклад, «На арэлях натхнення» (серыя «Сябрына: паэзія Украіны») і дзіцячыя выданні, сярод якіх «Як васількі на сваю крыўду забыліся» Алеся Карлюкевіча ў перакладзе на ўкраінскую. Дарэчы, у межах форуму была зроблена выбарка дзіцячай украінскай літаратуры. Выдаўцы адзначаюць: пасля правядзення маркетынгавых даследаванняў будуць разглядаць магчымасць выдання гэтых твораў у Беларусі.
Ужо адбыліся перамовы па пытаннях перакладаў кніг «Грунвальдская бітва» Яна Длугаша і «У засені замкаў і палацаў» Барыса Лазукі, якія пабачылі свет у выдавецтве «Беларусь», на ўкраінскую мову і іх выданні. Таксама ёсць дамова па абмене спісамі кніг, якія могуць зацікавіць два бакі.
Дырэктар выдавецтва «Вышэйшая школа» Аляксандр Нячай падкрэсліў, што супрацоўніцтва з украінскімі калегамі вядзецца з 2000-х гадоў. За гэты час неаднаразова перавыдавалася кніга «Практычная граматыка нямецкай мовы» Дзіяны Парэмскай. Летась перадалі правы на пераклад і выданне кнігі «Нямецкая мова. Чытаем, разумеем, гаворым» таго ж аўтара. Перакладуць на ўкраінскую мову і «Самавучыцель нямецкай мовы» Сяргея Наскова.
— Для нас важна, што мы атрымліваем партнёра, які маніторыць сітуацыю на рынку, а гэта дазваляе адсочваць пірацкія выданні нашых кніг. І зараз у Львове мы заключылі дагавор аб падтрымліванні і адстойванні нашых інтарэсаў на тэрыторыі Украіны, — адзначыў Аляксандр Нячай.
Удзел у кніжных форумах — гэта яшчэ і нагода для вывучэння сістэмы кнігагандлю за мяжой (напрыклад, ва ўкраінскіх кніжных крамах прадаюцца толькі кнігі — без канцтавараў, сувеніраў і г. д.). Да таго ж гэта шанц для выдаўцоў пабачыць не толькі выданні, якія перадаюць настрой іншага народа, але і тую аўдыторыю, дзеля якой кнігі выходзяць. Тых, хто сёння захоплены друкаванай кнігай.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з сайта “Белкнігі”
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.