Каб спасцігнуць глыбіні мудрасці, трэба не толькі шмат вучыцца, чытаць разумныя кнігі, вандраваць па свеце, але і многае перажыць.
Такім цікаўным, дапытлівым чалавекам-падарожнікам, волатам духу з’яўляецца пісьменнік Веньямін Бычкоўскі. Нарадзіўся ён у далёкім ад нашых мясцін горадзе Уфе, але покліч крыві вярнуў яго ў Беларусь, у роднае Палессе, у Івацэвіцкі раён, дзе знаходяцца карані яго роду, дзе спачываюць продкі.
Калі раней Бычкоўскі займаўся спортам і турызмам, то цяпер кола яго захапленяў — літаратура, археалогія, краязнаўства — тое, што прымушае задумвацца над сэнсам гістарычных падзей, над непарыўнай духоўнай сувяззю пакаленняў, мімалётнасцю часу, загадкамі прыроды. Назіранні і ўражанні пісьменнік аналізуе, абагульняе, напаўняе ідэяй, сюжэтам. Увасобленае на паперы становіцца публіцыстыкай альбо літаратурна-мастацкім творам, потым — набыткам чытацкай увагі.
Упершыню прыехаўшы ў Беларусь у 1995 годзе, Веньямін Бычкоўскі захапіўся прыгажосцю палескай зямлі, магутных старажытных лясоў, азёр і рэчак, лугавых траў. З тых часоў красу і веліч роднай зямлі ён апявае ў вершах і апавяданнях.
Веньямін Мікалаевіч — шчыры, справядлівы, добразычлівы, прынцыповы, глыбакадумны аўтар. Вось і ў кнізе з лаканічнай назвай «Гадзіна пік» («Час пик»), якая сёлета пабачыла свет, ён узнімае складаныя пытанні сучаснага жыцця, праблемы паводзін чалавека ў грамадстве.
Змест кнігі амаль цалкам аўтабіяграфічны. Пісьменнік распавядае пра нялёгкае жыццё і творчы шлях, турботы, імкненні, перажыванні. Апісваючы прыгажосць Палесся і адчуванні лірычнага героя Аляксея Астахава, правобразам якога сам і з’яўляецца, аўтар распавядае: «Неба проста ляжыць на зямлі! І, уступаючы ў туман, уступаеш у воблака ці хмару, — гэта першае, чым падкупіла яго Палессе… Неба агромністым німбам накрывае тут зямлю, але зямля не лічыць сябе святой ці абранай, хутчэй за ўсё наадварот — хаваецца ў вільготных балотах альбо ў лясах, накрываецца мохам… Раскаты грому тут кладуцца ўсёй сілай на зямлю, а маланкі адна за адной балюча раняць яе. А пакорлівая зямля ўсё церпіць, трывае. А можа, ачышчаецца праз агонь з нябёсаў? Ці збірае энергію для нейкіх іншых патрэб? Калі зямля Палесся не возьме на сябе ўсё напружанне чорных хмар, то страшны агонь упадзе ў іншае месца, і хто ведае, што з гэтага атрымаецца?»
Вуснамі таго ж Астахава аўтар разважае: «А што калі Палессе — абярэг Белай Русі? То ж невыпадкова зямля на Палессі мае вялікую гаючую сілу балот і рэчак: усе ранкі тут прамываюцца чыстай вадой, прысыпаюцца іскрыстым пяском, бінтуюцца мяккім мохам. І ўсё тут прыжываецца, расце! А якая чысціня! Няма запыленага лісця нават пры дарозе! Расліны — парасткі траў і стромкага, нікім не кранутага лесу — прарастаюць у неба!..»
Аўтар неабыякавы, мэтанакіраваны, чуйны. Ён непакоіцца не толькі за нас, сваіх сучаснікаў, але і за ранейшыя пакаленні, а таксама за будучыню краіны, свету. Ён — філосаф, спрабуе спасцігаць сутнасць справы, дакопвацца да праўды і справядлівасці, імкнецца давесці кожную сваю думку да лагічнага завяршэння, да сапраўднай дасканаласці. Акрамя таго, Бычкоўскі — аматар разгадваць законы прыроды, сакрэты часу і нават вечнасці, каб (як сам выказваецца) «празрэць розумам». Бо і сапраўды, спасцігаючы жыццё, чалавек пачынае глядзець на яго вачыма празарліўцы.
А яшчэ Бычкоўскі — сапраўдны летуценнік, прычым з пачуццём абавязку, з багатымі фантазіяй і ўяўленннем. Летуценнік, які навучыўся мары пераносіць у рэальнасць. Так, стварыўшы ўласнымі рукамі этнаграфічныя музеі ў школе г. п. Целяханы і в. Бабровічы, дзе жыве, сабраўшы старадаўнія экспанаты, пісьменнік, здаецца, слухае галасы продкаў, бачыць іх твары, побыт, разумее іх пачуцці, імкненні, жаданні.
...А можа, гэта яны, продкі, падказалі свайму наступніку ўзвесці ў Бабровічах капліцу-помнік у гонар святой вялікамучаніцы Параскевы і ў памяць бязвінна забітых жыхароў вёсак Бабровічы, Вяда, Тупічыцы і Красніца?
Тэмы твораў, якія ўвайшлі ў зборнік, розныя, кранальныя і павучальныя. У кожным — свая ідэя. Сюжэты таксама адрозніваюцца арыгінальнасцю. Але любоў і адданасць роднай зямлі прысутнічае ва ўсіх.
Калі чытаеш творы Веньяміна Бычкоўскага, назіраеш за рухам раскрыцця сюжэтаў, за логікай аўтарскага мыслення, то спасцігаеш само жыццё, вучышся пераадольваць цяжкасці.
Надзея ПАРЧУК
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.