Сярод сучасных творцаў ёсць тыя, хто ніколі не ўтойваў свайго паэтычнага занятку, актыўна выступаючы на вечарынах, у друку. Ёсць і іншыя, якія з-за прыроднай сціпласці і сарамлівасці, а магчыма, і таму, што лічылі сваю творчасць недасканалай, не вартай таго, каб прад’яўляць строгаму чытачу, пісалі для сябе, «у стол». Менавіта з такіх творцаў і Яўген Жываглод. У розныя гады ў яго выйшлі зборнікі «Княгіня Лоская», «Сказанне пра русаў», «Край бярозавы мой». А нядаўна ў сталічным выдавецтве пабачыў свет яшчэ адзін яго зборнік — «Гартаючы кнігу быцця» («Листая книгу бытия»). Пад вокладкай выдання сабраны вершы розных гадоў. Гэта творы разнастайнай тэматыкі: пейзажныя, філасофскія, грамадзянская лірыка.
Аўтар прысвячае нямала вершаў малой радзіме, Случчыне. Кожны з іх прасякнуты любоўю да краю, дзе пісьменнік сталеў, набываў жыццёвы досвед і адкуль выправіўся ў вялікі свет, каб спазнаць яго, каб стаць чалавекам і служыць людзям.
Аўтар шчыра захапляецца непаўторнай асенняй прыгажосцю кутка, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Знаходзіць фарбы і словы, што здольны перадаць настрой і пачуцці: «это рощ осенних полыханье / грусть полей и журавлиный клин»... Чытачу, які захапляецца маляўнічасцю прыроды Беларусі, запомняцца творы «Падснежнік», «Званочак», «Вёсачка мая», «Стары сад» ды іншыя.
У многіх вершах гучыць сумная мелодыя цяжкай працы, якую паэту давялося зведаць змалку: і пастушком, і аратым за плугам, і з касой на сенажаці. Пасляваенная вёска ўдовіная, многія яе гаспадары не вярнуліся з вайны да сем’яў, непасільныя клопаты леглі на плечы іх жонкам, дзецям-падлеткам. Поўнай мерай зведаў гэта і аўтар, пра што яскрава сведчыць верш «Благословенный уголок»:
Пасу коней, пригнав чуть свет,
Вблизи опушки на поляне.
Мне семь, а, может, меньше лет,
Но ни тревог, ни страха нет,
Лишь зябко в утреннем тумане.
Пеку картошку (рядом поле),
Она румянится в костре,
Роскошный дар — вкусна без соли,
А есть так хочется — до боли,
Ведь стадо выгнал на заре.
Не мог не напісаць Я. Жываглод і пра сваю маці-ўдаву, якая падняла яго на ногі, дала магчымасць вучыцца і выйсці ў людзі:
Я при жизни святою
стал тебя почитать.
Потому что, взрослея,
честь и правду любя,
Не встречал я мудрее,
справедливей тебя.
У арміі аўтару давялося служыць у Расіі. Ён пабачыў горы Каўказа. Прасторы здзівілі, узрушылі, засталіся ў памяці:
Лагерь спит, убаюкан прохладой.
Не дремать на посту, часовой!
Здесь, в горах расслабляться не надо —
Неравно заплатить головой.
Але жыла, жыве ў яго душы «милая роща моя белоствольная / липкой листвы колдовской аромат / птичьего хора романтика вольная / трель соловьиная нежная сольная / воздух бодрящий родимых пенат».
Нельга не сказаць, што зборнік пазбаўлены недахопаў. Часам празмернае захапленне палітыкай. Парой адводзіцца нямала месца таму, што ўжо даўнымдаўно сустракалася ў фальклоры. Маю на ўвазе верш-паэму «Іван і Цуда-юда», дзе аўтар уваскрашае шматгаловага змея.
Не зусім дакладная і лексіка. Мова беларускіх аўтараў, якія пішуць па-руску, — гэта не мова А. Блока, І. Буніна, А. Талстога, А. Твардоўскага, А. Кальцова, А. Пушкіна.
...Яўген Жываглод нядаўна адзначыў 80-годдзе. Доўгі час працаваў настаўнікам, дырэктарам сельскай школы, працаваў на зямлі. Выгадаваў дзвюх дочак. Яму ёсць пра што пісаць, ёсць што гаварыць людзям. І робіць ён гэта ад шчырага сэрца, жадаючы кожнаму дабра і шчасця. Зборнік «Гартаючы кнігу быцця» — таму пацвярджэнне. Кніга наводзіць на глыбокія роздумы, на асэнсаванне свету і сябе ў ім.
Іван КАПЫЛОВІЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!