Вы тут

Таямніца радка


Цікава, а колькі людзей, маючы літаратурны талент, так і не адбыліся як творцы? Колькі іх — тых, хто пачынаў свой жыццёвы шлях, акрылены словам, апантаны мастацтвам, зачараваны вобразамі і метафарамі, а пасля «суровая жыццёвая проза» брала над імі верх, і былыя летуценнікі пераўтвараліся ў звычайных абывацеляў? Вінаваціць тут можна што і каго заўгодна: сям’ю, грамадства, сістэму адукацыі. Бясспрэчна адно: у літаратуры, як і ўсюды, пануе натуральны адбор, то-бок «выжываюць» найбольш жыццяздольныя і сапраўды апантаныя словам.


Але ж задача любой творчасці — ламаць стэрэатыпы. І тое, што існуюць нейкія ўсталяваныя правілы, не азначае, што так павінна быць заўсёды. Паэт можа раптоўна прачнуцца, яго словы могуць зайграць новымі фарбамі і адценнямі.

Сёлета ў выдавецтве «Мінкапрынт» пабачыў свет паэтычны зборнік Валерыя Пазняка «Узмах буслінага крыла». Да гэтага ў яго ужо выходзілі кнігі «Родны бераг» (2017) і «Цвет залаты цяністай ліпы» (2018).

Аўтар нарадзіўся ў вёсцы Папкі на Дзяржыншчыне. Скончыў політэхнічны тэхнікум, філалагічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам беларускай і рускай літаратуры, дырэктарам школы, быў настаўнікам-метадыстам у Манголіі і Афганістане. Цяпер — супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі.

Падаецца, што творчы шлях Валерыя Пазняка — прыклад сціпласці і крытычнага да сябе стаўлення. Бадай, гэта і перашкодзіла яму адолець схілы Парнаса раней, у маладыя гады. Бо пісаць вершы ён пачаў яшчэ ў школе, захапляўся літаратурай і ў юнацтве, і ў больш сталым узросце. Адметна, што маладосць Валерыя Пазняка прыйшлося на славутыя 60-я — калі грымелі імёны Андрэя Вазнясенскага, Яўгена Яўтушэнкі, Бэлы Ахмадулінай, Васіля Аксёнава… Час, калі паэзіяй былі зачараваныя амаль усе, за новымі зборнікамі выстройваліся чэргі, а творцы збіралі стадыёны прыхільнікаў. Безумоўна, гэта не магло не накласці свой адбітак на маладую душу, чуйную да мастацтва:

І гэтак лёгка вершы

Складаліся тады,

Быў час інакшы, лепшы,

Бо быў я малады…

Працягваў ён займацца літаратурай і пазней, калі наведваў аб’яднанне «Вясёлка» пры газеце «Знамя юности», куды патрапіў дзякуючы Міколу Вяршыніну. Але ў адрозненне ад многіх аднагодкаў, не спяшаўся выдаваць зборнікі, хоць і з’яўляліся публікацыі ў рэспубліканскім друку, у тым ліку і ў часопісе «Полымя».

У прадмове да кнігі крытык Ірына Шаўлякова піша: «…адзнакі творчай індывідуальнасці Валерыя Пазняка сведчаць пра тое, што паэт знаходзіцца ў зеніце свайго майстэрства і разам з тым, як ні парадаксальна, толькі на пачатку сталення». Сапраўды, пісьменнік толькі тады расце і развіваецца, калі адчувае ўласную недасканаласць, насуперак закаснелай самаўпэўненасці, за якой — толькі пустка і дэградацыя.

Валерый Пазняк з імпэтам асвойвае жанр трыялета. Раздзел «Не пакідай, любоў, мяне» — таму сведчаннем, бо ў ім змешчана каля ста (!) узораў гэтай класічнай літаратурнай формы. Як адзначае прафесар Алесь Бельскі, «…у лепшых трыялетах В. Пазняка ёсць адчувальная энергетыка радка, жывая думка». Гэтае выказванне пацвярджаюць словы, што сустракаюць чытача на самым пачатку:

Шукаў я фарбы, збіраў я гукі —

Было мне светла.

Аўтар знаходзіцца ў вечным пошуку, яго не задавальняе існуючы стан рэчаў, ён лічыць, што самаразвіццё — гэта галоўная ўмова плённай творчай працы:

Незадаволенасць сабой,

Нібы няздадзены экзамен…

І гэта прамаўляе педагог са шматгадовым стажам! Папраўдзе, паболей бы нам такіх настаўнікаў!

Вершы Валерыя Пазняка — пра «простыя рэчы», яны прысвечаны малой ра-дзіме, сваякам, аднавяскоўцам. Ён увесь там — сярод родных краявідаў, дзе «…узыходзяць у душы радкі». І хоць «снег на скронях, на жаль, не растане», аўтар увесь час вяртаецца ў мінулае, песціць настальгію па бестурботным дзяцінстве.

Ёсць у зборніку і пераклады — з рускай мовы. Выбар аўтараў — Іосіф Бродскі, Булат Акуджава, Міхаіл Рубцоў — яшчэ раз пацвярджае, што паэт з’яўляецца шчырым адэптам эпохі «шасцідзясятнікаў».

Назва кнігі сімвалічная. Бусел — сакральная птушка — уяўляецца метафарай натхнення. Барадулінскі «даўняе вясны забыты сон» дражніць творцу, не дае яму спачываць на лаўрах, і гэта выдатна, бо паэзію трэба заслужыць, выпакутаваць, і тады яна адкрые шукальніку свае таямніцы.

Іван ПЛЁСАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.