«…прапушчаны этап у разьвіцьці абавязкова адгукнецца пустотамі, глупствам і сьмешнай самаўпэўненасьцю»
Кожны хоча здавацца лепш, чым ёсць на самай справе. У Альгерда Бахарэвіча гэтае імкненне найбольш выяўляецца праз мастацкую афарбоўку ўласнага вобраза. Ягоныя «Мае дзевяностыя» — больш «мае», чым «дзевяностыя». Яно і зразумела: успаміны — з’ява прыватная, нават інтымная. Напрыклад, ажно цягам цэлага раздзела аўтар выкладае ўласныя жыццёвыя прынцыпы, дае разнастайныя тлумачэнні, пераконваючы чытача ў сваёй незвычайнасці і бунтоўнасці. Да высокіх сфер, у эмпірэі ён не сягае, робячы акцэнт на рэальных, фізічных стасунках. Псіхасаматычныя фактары быцця альбо не ўлічвае, альбо ўспрымае скептычна. Менавіта такое бачанне навакольнага свету вызначае досыць спрэчную аўтарскую пазіцыю.
Альгерд Бахарэвіч — тыповы прадстаўнік свайго пакалення. Ніводнае іншае ні дагэтуль, ні пасля не мела такой апантанасці і прагі да самавызначэння: «І гэтая беспакаранасьць толькі дадавала ўпэўненасьці ды нахабства». Што ў кнізе сапраўднае, а што ўяўнае — невядома. У аўтара было некалькі шляхоў, але выбраў ён толькі адзін — літаратуру. Астатнія прадэманстравалі сваю марнасць і бесперспектыўнасць. Уся кніга насычана абгрунтаваннямі таго, што прыгожае пісьменства — яго пакліканне: «Я хацеў быць пісьменьнікам»; «Я пісаў бы ня горш за ўсіх гэтых убогіх сацрэалістаў».
Жыццёвыя шуканні і шчыраванні набываюць асаблівы сэнс, калі ўсведамляецца іх абумоўленасць. Магія літаратуры неспасціжная. Яна выбірае творцу, а не наадварот. Памыляюцца і пакутуюць тыя, хто лічыць інакш. Яны паказваюць рух цела, а не духу, фарміруючы вузкае прадметнае мысленне. Вонкавая актыўнасць, піяр, рэклама могуць надаць прывабнасць і папулярнасць такой творчасці, але зрабіць яе вялікай не ў стане. Вырашальнае значэнне мае не колькасць атрыманых ведаў, а характар і скіраванасць.
Цяпер беларуская літаратура перажывае такі перыяд, калі ранейшыя першыя сышлі, а для новых час яшчэ не наспеў. Пакуль што дзейнічаюць другія, трэція, чацвёртыя… Таленавітыя, яркія, адметныя. Але — не першыя, не вядоўцы! Таму многія сучасныя літаратары маглі б быць больш абачлівыя. У гэтым сэнсе тыповым з’яўляецца (анты)прыклад Альгерда Бахарэвіча: «Замест літаратуры — цёмнае, няўцямнае мармытаньне чалавека з васьмідзясятых, няздарная спроба выказаць дух часу з дапамогай мастацтва як ён яго разумее…» — гэтак ён выказваецца пра аднаго з пісьменнікаў.
90-я былі для Бахарэвіча самым актыўным і вызначальным перыядам: адчыніліся каналы ведаў, узрасло інфармацыйнае спажыванне, з’явілася шмат магчымасцей: «…а ў мяне было выразнае адчуваньне, што я змарнаваў свае дзевяностыя…». Гэтае пачуццё народзіць недахоп уласных ідэй, мастацкія запазычанні і кампілятыўнасць, што адлюструецца затым у літаратурнай творчасці. Ён вышуквае лепшае ў сусветнай літаратуры, знаходзіць узоры і прымае іх за арыенціры. Але творчыя высілкі не выглядаюць наватарскімі: адбываецца капіраванне арыгінальных падыходаў і метадаў класікаў і тым самым парушаецца гармонія аповеду. Метафары і параўнанні прымушаюць згадаць тургенеўскіх паненак, якія замест «высморкалась» казалі «обошлась посредством платка».
«2000-я вярнулі літаратуры яе арыгінальнасьць і таямніцу» — высноўвае аўтар. Праграму пісьменніцтва ён спісвае з сябе, лічачы свой шлях прыкладным. Гэта бачыцца вынікам абсалютызацыі ўласнага імператыву, выразным сімптаматычным этапам рэзанёрства. Увогуле, класічны выпадак, калі творца лічыць, што ўвесь свет і ўся літаратура круцяцца вакол яго.
Апраўдаць можна ўсё, асабліва за кошт іншых. Менавіта гэта робіць Альгерд Бахарэвіч, калі разважае пра сваю «гарадзкую беларускую мову». Раней («Натуральная афарбоўка», 2003) ён лічыў яе «мясцовай» (!). Аўтар вырашыў заваяваць свет крайнім эгацэнтрызмам, але хутка высіліўся. «Я ня ведаю, адкуль я такі ўзяўся…» — заяўляе ён. Навідавоку бытавое мысленне і стандартная культура натоўпу. Развагі — трывіяльныя, без навізны і адметных ідэй. Некаторыя выразы — вулічнага ўжытку, гучныя, настраёвыя. Аўтар скеміў, што зручней валіць усё на народ: маўляў, гэта ён, безаблічны, сам вінаваты. Як успрымаць такі прасцяцкі абавацельскі закід? Усё-такі нешта не дадумаў чалавек! Вельмі добра з Берліна паглядаць на Беларусь і, пыхкаючы люлькай (як Гюнтэр Грас), разважаць пра «цывілізацыйны выбар» нацыі і «эўрапейскасьць» тарашкевіцы.
Але ж тарашкевіца — гэта не толькі пісанне і маўленне, але і ўнутраны стан, адметны лад мыслення. Вывучыць правілы, напрактыкавацца ў карыстанні — адно, адчуць жа сэнс слова — другое. Вялікія спадзяванні — на спадчыну, на літаратурную класіку, асабліва 20—30-х гадоў XX стагоддзя, калі беларуская мова сапраўды квітнела. Вельмі здзіўляе, што студэнт філалагічнага факультэта БДПУ, які збіраўся стаць пісьменнікам, не зразумеў і не засвоіў належным чынам асаблівасці гэтага нацыянальнага перыяду. Таму тэксты Бахарэвіча не запальваюць і не іскрацца, не дыхаюць напоўніцу. Тарашкевіца ў ягоных творах карабаціцца ад моўных інверсій, паўтораў, штучнасці і грувасткасці сказаў, прыпадабленняў да чужога, русізмаў, шматлікіх мацюкоў… Альгерд Бахарэвіч нібыта ганарыцца тым, што «…мая артадаксальная беларуская з уплеценымі ў яе мацернымі слоўцамі была нечым унікальным на нашых абшарах», а папулярнасці дадавала «самое спалучэньне сьвятой беларускай мовы Купалы і Коласа з нявінна-мацерным “б…”». Мабыць, ён лічыць, што такія прызнанні здольны расчуліць чытача і ўпрыгожыць разважанні. Чаго чакаць ад такога падыходу? Якая мастацкая фаўна ўзрасце на гэтай глебе? Што за літаратура з’явіцца тут? Ужо дакладна: не высокага і тым больш не касмічнага ўзроўню.
Мікола КАЛЯДНЫ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!