Ужо пяць стагоддзяў клапатлівыя буслы майструюць тут на стрэхах гнёзды, гарэзлівыя вясёлкі размалёўваюць пасля дажджу гарызонты, а паўнаводныя Грыўда і Шчара глядзяцца ў нябёсы... Сотні вачэй засяроджана скіраваны ўвысь, на тварах — пяшчота, радасць, замілаванне, у сэрцах — незвычайнае ўзрушэнне, пад’ём. І надзея... Залацістая пяцьсотка з жоўтымі і зялёнымі паветранымі шарамі велічна ўздымаецца ў неба, плывучы па хвалях ласкавага гуллівага ветру, аддаючыся ў цёплыя абдымкі белых аблокаў, — яшчэ доўга будуць успамінацца ўрачыстыя імгненні з нагоды 500-гадовага юбілею горада Івацэвічы.
Цэнтр адметнасцей
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Івацэвічы згадваюцца ў 1519 годзе. Належалі Юндзілам, з 1654-га вядомы як маёнтак, з 2-й паловы XVI ст. — у Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства ВКЛ. У канцы XIX ст. тут былі бровар, цагельня, сукнавальня, вадзяны млын.
У Беларусі, вядома, шмат адметных месцаў, ды ў зямлі Івацэвіцкай — асаблівая прыгажосць. Чаго каштуе толькі Палац Пуслоўскіх (рэстаўрацыю якога плануюць скончыць да 2020 года) з музеем-сядзібай Тадэвуша Касцюшкі, які тут нарадзіўся (за мінулы год гэтае месца наведала больш чым 35 тысяч турыстаў). А яшчэ — былая сядзіба Юндзілаў (цяпер чакае рэстаўрацыі), паштовая станцыя Няхачава — помнік грамадзянскай архітэктуры позняга класіцызму, мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына», Выганашчанскае возера (сюды едуць «папаляваць» на птушак з фотаапаратамі прафесійныя арнітолагі з усёй Еўропы, іншых краін замежжа), Агінскі канал, пункт дугі Струвэ — сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут радзіма знанага айчыннага пісьменніка Піліпа Пестрака. Вылучае Івацэвічы і выгаднае геаграфічнае становішча: па тэрыторыі раёна праходзіць чыгунка Масква — Брэст (пракладзена ў 1871 г.). А захаваная да гэтага часу брукаванка ўздоўж чыгункі вяртае ў мінулае.
Пяць вякоў гісторыі
— Гэта значная падзея не толькі для горада Івацэвічы і Івацэвіцкага раёна, але і для ўсёй Брэсцкай вобласці, — адзначыў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс. — Пяць вякоў — салідны ўзрост. Ён сведчыць пра багатую гісторыю Івацэвіцкага краю, напоўненую як гераічнымі, так і трагічнымі падзеямі, а таксама важнымі датамі і ўнікальнымі лёсамі. Горад, які мы бачым цяпер, — заслуга многіх пакаленняў — тых, хто ўклаў у сваю малую радзіму працу, сілы і таленты, абараняў ад ворага ў суровыя ваенныя гады, будаваў, вучыў і выхоўваў дзяцей сапраўднымі патрыётамі роднай зямлі. Радуе, што гэтыя слаўныя традыцыі працягваюцца і сёння. Сучасныя Івацэвічы — прыгожы і ўтульны раённы цэнтр нашай вобласці, які ўдасканальваецца штодзень.
Анатоль Ліс перакананы, што трэба скарыстоўваць турыстычныя магчымасці, спрыяльны інвестыцыйны клімат, якімі валодаюць Івацэвічы, каб прымнажаць славу роднага краю і Брэстчыны.
— Івацэвічы пачыналіся з невялікага маёнтка на беразе ракі Грыўды, а сёння гэта горад, дзе жыве больш чым 20 тыс. жыхароў, з развітой інфраструктурай, які цалкам адпавядае разуменню еўрапейскага, — адзначыў старшыня Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Грыцук.
Да 500-годдзя Івацэвічаў адкрылі паркавую скульптуру: барадатая няясыць з трыма птушанятамі (аўтар работы — скульптар з Брэста Алеся Гуршчанкова, адліваў Уладзімір Бохан з Мінска). Барадатая няясыць увасабляе сімвал мацярынскага клопату, усталявана скульптура каля ЗАГСа. Ахвотных сфатаграфавацца каля крылатага сімвала горада назбіралася цэлая чарга, і ўсе хапалі птушку за дзюбку на ўдачу.
Упершыню па цэнтральнай вуліцы Івацэвічаў урачыста пранеслі сцяг раёна, за ім ішлі прадстаўнікі калектываў прадпрыемстваў і навучальных устаноў раёна. Такога свята тут не бачылі даўно, былі запрошаны зоркі: ансамбль «Песняры», J:МОРС, «БайСіці». Горад закрасаваў, яшчэ раз даказваючы: малая радзіма багатая.
Захавальніку жывога народнага слова
Ці ведаеце вы, што «на Беларусі пчолы як гусі»? Такое ёмкае, адметнае выслоўе не адзінае з тых, якія занатаваў нястомны шукальнік народнай мудрасці Івацэвіцкага краю, этнограф і краязнаўца, пісьменнік і філолаг Алесь Зайка (у гэтым мне давялося пераканацца асабіста, знаёмячыся з яго працамі, калі ён ласкава прымаў у госці для інтэрв’ю, а жонка Анатаніна частавала духмянымі пірагамі з бярозавым квасам). Жывая народная мова знайшла адлюстраванне ў слоўніку фразеалагізмаў Алеся Зайкі. Таксама ў скарбонцы пісьменніка — дыялектны, тапанімічны слоўнікі, гісторыя населеных пунктаў Івацэвіччыны. Гэтая праца яго ніяк не абцяжарвала, наадварот: прыносіла радасць, адчуванне выкананага абавязку перад суайчыннікамі, што збераглі ў маўленні жывое народнае слова. Падтрымлівалі ў гэтай справе яго Зміцер Санько, які заахвоціў да збірання выслоўяў роднай Косаўшчыны, а пасля стаў рэдактарам кнігі «Прыказак і прымавак… з Косаўшчыны» (Мінск, Тэхналогія, 2015). Выказвалі зацікаўленасць у яго краязнаўчай працы Алесь Разанаў, Мікола Аляхновіч, Валерый Гапееў.
Да 500-годдзя Івацэвічаў прэзентавана новая кніга Алеся Зайкі «Крыніцы і вытокі. Нарысы з гісторыі і культуры Івацэвіччыны». Яе Зайка рыхтаваў спецыяльна да юбілею горада. Але, на жаль, не дачакаўся выхаду: пайшоў у вечнасць. Кніга «Крыніцы і вытокі» адметная спалучэннем навуковых артыкулаў і аўтарскіх эсэ. Тут знайшлі адлюстраванне цікавыя падзеі з гісторыі Івацэвіцкага краю: паўстанне Кастуся Каліноўскага (Шыбельная гара ў горадзе вядомая як месца пакарання паўстанцаў), «мядовы бунт» у Любішчыцах… А як звязаны з гэтай мясцовасцю Рыгор Шырма, Усевалад Ігнатоўскі, Міхал Гамаліцкі?.. Карацей кажучы, фактычны матэрыял выдання ўражвае.
Насустрач брэндам
Кожная мясцовасць па-свойму ўнікальная. Але як зрабіць гэтую ўнікальнасць прыцягальнай для турыстаў? Як развіць брэнд? У рамках святкавання 500-годдзя Івацэвічаў стартаваў праект «Капітал месца», арганізаваны Асацыяцыяй абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБрэнд» пры падтрымцы Івацэвіцкага райвыканкама і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь: юныя даследчыкі з усёй Беларусі на каворкінгу прапаноўвалі шляхі развіцця брэндаў на аснове гісторыкакультурнай спадчыны.
— Івацэвіцкая зямля — куток гістарычны: тут шмат адметных месцаў, — лічыць першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Юрый Сегенюк. — Таму знамянальна, што праект «Капітал месца» пачынаецца ў Івацэвічах: тут многа рэсурсаў, што можа прыцягнуць карысных партнёраў.
Івацэвіцкі раён цікавы з пункту гледжання стварэння новых брэндаў. Так, прывабліваюць гасцей з усёй краіны, становяцца брэндавымі такія мерапрыемствы, як «Целяханскі бічаўнік», «Выганашчанская фартэцыя», свята ў Аброве «Намскі Вялікдзень» (яно занесена ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь).
Плённыя ідэі прапанавалі на каворкінгу юныя даследчыкі. Уразіў крэатывам і смелай распрацоўкай свайго праекта Данііл Вайцешык, у мінулым вучань Ліцэя Івацэвіцкага раёна, а цяпер студэнт БДУІР. Ён стварыў мадэль бескалектарнага магнітна-левітацыйнага сонечнага матора. Паколькі энергетычныя рэсурсы зямлі абмежаваны, Данііл задумаўся пра іх рацыянальнае выкарыстанне.
Перспектыўны праект у Станіслава Ратахіна і Юліі Якушавай, вучняў 9 класа сярэдняй школы № 3 Івацэвічаў: яны стварылі вэб-сайт «Турыстычны даведнік. Івацэвіцкі край» (tourism.rooivacevichi.gov.by) і так папулярызуюць турыстычны патэнцыял рэгіёна. Дарэчы, на Рэспубліканскім маладзёжным фестывалі-конкурсе «Медыясфера-2019» Станіслаў Ратахін і Юлія Якушава сталі лаўрэатамі дыплома ІІ ступені і прыза сімпатый гледачоў.
Мікіта Бянько, вучань 8 класа Косаўскай сярэдняй школы, зацікавіўся развіццём робататэхнікі. Для набыцця практычных навыкаў у асваенні робататэхнікі ў сваім прекце «Праграмаванне Arduino» Мікіта прапануе выкарыстоўваць электронную мантажную плату Arduino. З яе дапамогай можна ствараць і кіраваць рознымі праектамі, такімі як датчык руху, тэмпературы, ціску. Arduino — інструмент для праектавання электронных канструкцый, які ўзаемадзейнічае з наваколлем больш шчыльна, чым персанальныя камп’ютары.
Ніці паэзіі
Адмысловая творчая нота свята 500-годдзя Івацэвічаў — літаратурны фестываль «Ніць». Выступленні паэтаў і пісьменнікаў — як вандроўка ў прыгожую краіну вобразнасці і натхнення. Пры падтрымцы Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці ў святкаванні 500-годдзя горада Івацэвічы прыняў удзел Тэатр паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Наша пісьменніцкая арганізацыя актыўна супрацоўнічае з арганізацыяй “БелБрэнд”, — адзначыў падчас свята старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Міхась Пазнякоў. — Мы ўдзячны, што “БелБрэнд” дапамагае нам расціць юныя таленты. Праекты “БелБрэнда” накіраваны на росквіт нашай культуры, каб мы ганарыліся нашай цудоўнай Беларуссю».
Неверагодная дзея разгарнулася ў зале Івацэвіцкага Дома культуры. Аматарам высокага мастацкага слова былі прадстаўлены спектаклі Тэатра паэзіі. У першым — «Радзіма наша — Беларусь» — прэзентавалі творы класікаў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, а таксама Міхася Пазнякова, Анатоля Аўруціна і Таццяны Жылінскай. Шчырасць і артыстызм дарылі мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі, артыстка эстрады Вольга Багушыньска, юны артыст, уладальнік Гран-пры конкурсу чытальнікаў паэзіі Роберт Багушыньскі, а таксама Міхась Пазнякоў і Таццяна Жылінская. Другі спектакль быў прысвечаны творчасці сучаснай паэтэсы Лізаветы Палеес (аўтар і рэжысёр спектакля — Святлана Яфрэмава). На сцэне непераўзыдзена ігралі Вольга Багушыньска, Святлана Яфрэмава і Лізавета Палеес.
Узняцца ў аблокі
Прытым рознымі спосабамі, але ў любым выпадку рамантычнымі: на паветраным шары ці на самалёце АН-2. Вось такі падарунак Івацэвічам на 500-годдзе! З вышыні птушынага палёту горад убачыш не кожны дзень! Увогуле, дух займала ад безлічы цікавінак на свяце: тэатралізаваныя дзеі, эстрадна-танцавальная праграмы, лазернае шоу пра гісторыю Івацэвічаў, шэраг спартыўных мерапрыемстваў на «Кляноўцы-Арэне», пленэр юных мастакоў, свята кнігі каля цэнтральнай бібліятэкі «Горад, які чытае» і як кульмінацыя — яркі феерверк.
Палац Пуслоўскіх у выцінанцы, завушніцы з бісеру… А сукенка з… саломкі? Для майстрыхі па саломапляценні Валянціны Абрамчук з Целяхан, якая вырабляе такія цуды, падуладна любая «саламяная» задума (што і можна было заўважыць па экспазіцыі на кірмашы).
А каравайнае мастацтва! Ад маляўнічасці караваяў з сімволікай 500-годдзя Івацэвічаў захоплівала дух! Трох-, чатырох-, пяціярусныя «пекарскія скульптуры» з матывамі 500-годдзя горада і цэлае каравайнае дрэва выклікалі ўзнёслыя эмоцыі і воклічы. Ды з’есці такую прыгажосць наўрад ці адважышся: сапраўдная каравайная казка!
Кірмаш рамёстваў прадэманстраваў, што народная творчасць паспяхова адраджаецца, мацуе аснову дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое расквечвае нашы будні і вабіць аматараў аграэкатурызму. Выставачныя экспазіцыі народных умельцаў паказалі мясцовыя самабытныя рысы, непаўторныя лакальныя адметнасці ў народных звычаях. Ці не на гэтым якраз грунтуецца духоўная і матэрыяльная культура рэгіёна?
І прызнацца ў любові…
Роднаму краю, як гэта робіць сваёй творчасцю Анатоль Галушка, член Сусветнай арганізацыі мастакоўінвалідаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, які за поспехі ў грамадска-культурнай дзейнасці, за развіццё культуры і мастацтва атрымаў на свяце званне «Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна». Мастак-самавучка з прычыны траўмы пазваночніка піша карціны лежачы, а пэндзаль трымае ў зубах. Да кожнай карціны Анатоль стварае чатырохрадкоўе — і гэта вылілася ў паэтычную творчасць (зборнікі «Сляды на пяску» і «Яблычны Спас»):
Зямелька мая, слязінка мая,
Ты — дадзены лёс мне,
Святое прычасце.
Як птушка з далёкага выраю, я
Імкнуся сюды, дзе зведана шчасце.
Анатоль Галушка перакананы: добрыя справы вяртаюцца шчодрымі набыткамі. Дык няхай свята 500-годдзя Івацэвічаў запаліць новыя светлыя надзеі: каб нашы нашчадкі пускалі ў неба ўжо 2 пяцьсоткі з паветранымі шарамі!
Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.