Беларускі скульптар Андрэй Асташоў знаёмы гледачам рэзананснымі праектамі, якія некалькі гадоў запар адкрываліся на лакацыях вялікіх сталічных гатэляў. Гэтым разам творца ў прамым сэнсе здзівіў аматараў скульптуры, прэзентаваўшы новы аўтарскі праект «Таямніцы Мінатаўра» ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага. Сусветная прэзентацыя скульптур з гэтай серыі паспяхова стартавала вясной 2019 года ў Маскве і Монтэ-Карла.
Андрэй Асташоў — адзін з самых паспяховых і запатрабаваных беларускіх скульптараў — ужо некалькі дзесяцігоддзяў звяртаецца ў сваёй творчасці да міфалогіі. У новым выставачным праекце цэнтральным для скульптара стаў вобраз чалавека-быка — Мінатаўра, сына юнай Пасіфаі. Выбар персанажа абсалютна не выпадковы. Фізічная гібрыднасць, філасофская дваістасць сутнасці Мінатаўра перасякаюцца са стылем вобразнасці самога майстра, у творчасці якога пераплятаюцца элементы розных мастацкіх моў, культурных эпох і геаграфічных прастор. Аўтару стала цікава выказаць ідэю непадзельнасці жывёльнага і чалавечага, інстынктыўнага і інтэлектуальнага, цялеснага і духоўнага, рэалізацыю чаго ён ператварыў у займальны пластычны эксперымент.
— Працаваць з міфамі я спрабаваў даўно, але выкладчыкі раілі не брацца за гэтую тэму, — расказаў мастак. — Калі стаў дарослы, падумаў: а чаму б і не. Ёсць сур’ёзныя, а ёсць несур’ёзныя мастакі. Я, хутчэй, адношуся да другіх. Успомніце, як малююць дзеці: вось хачу і намалюю. Творчасць — гэта гульня, лёгкасць. А гледачу якраз і хочацца гэтага адчування. Таму мы будуем творчы пасыл у дыялогу. Выстаўка складаецца з работ, створаных за апошнія гады. Усе творы аб’яднаны адной нябачнай ніткай, якая і стала правадніком у чароўны свет скульптур. Ведаеце, я не люблю расказваюць, як стваралася тая ці іншая работа. Мне здаецца, гэта лішняе. Бо ёсць скульптура, якая ўсё скажа сама. Камусьці яна адкрыецца больш, камусьці — менш. Але ведаю дакладна, што кожны чалавек напіша свой непаўторны аповед. Часцяком менавіта мая гісторыя стварэння твора аказваецца самай прымітыўнай і нецікавай. Таму лепш я прамаўчу і аддам гэтую справу на суд народнага журы.
Аўтарская інтэрпрэтацыя міфа пра Мінатаўра не прэтэндуе на энцыклапедычнасць, у ёй няма даслоўна перакладу сюжэта. Мастак працуе ў адмысловым метафарычным полі, дзіўным чынам спалучаючы міф з індывідуальнай аўтарскай гісторыяй. Гледачам прапануецца адчуць сябе Тэсеем у гасцях у Мінаса, калі ён блукаў па Кноскім лабірынце. Толькі трэба не забыцца пра ўнутраны голас, пачуцці і эмоцыі, летуценні і фантазіі. Бо галоўнае ўражанне ад работ Андрэя Асташова — не толькі тое, што бачыш, але і тое, што адчуваеш падчас сузірання скульптуры. Мастацкая рэальнасць кожнай кампазіцыі адкрыта для гледачоў, што дае магчымасць стаць удзельнікам творчых падзей, псіхалагічна паглыбіцца ў твор і знайсці ключ да таямніцы.
Андрэй Асташоў прапануе гледачу быць яго суаўтарам, які ў жаданні зразумець сэнс работы можа зрабіць самастойную інтэрпрэтацыю аўтарскай ідэі, па-рознаму расшыфраваць канцэпцыю твораў. Падчас прагляду работ глядач нечакана апынаецца на лесвіцы інтрыгі, цесна звязанай з пачуццём цікавасці і захаплення, там жа ён і разумее, што Андрэй Асташоў — не толькі скульптар, але і добры апавядальнік, які ведае, як зачапіць мастацкім кантэкстам.
— У маім творчым жыцці галоўны крытык — гэта я сам, — адзначыў Андрэй Асташоў. — Калі мяне крытыкуе хтосьці з боку, часта здаецца, што не пра тое гаворка, не на тым акцэнты зробленыя. Цікава, але мае работы глядач альбо цалкам прымае, альбо цалкам адхіляе. Мяне альбо хваляць, альбо лаюць. Сярэдзіны няма. Самы насцярожаны глядач, на мой погляд, заўсёды быў і застаецца ў Еўропе: там чымсьці здзівіць вельмі складана. У Італіі людзі таксама распешчаны скульптурай. Добра прымаюць мае творы ў Кітаі. Але больш за ўсё маю скульптуру чакаюць і разумеюць землякі, браты-славяне.
Эстэтыка скульптара нагадвае казачнае падарожжа. У яго работах можна заўважыць уплыў нямецкай готыкі і бенінскай бронзы, эліністычных статуэтак і інданезійскага тэатра ценяў, нават карцін Ганса Рудольфа Гігера і фантастычных блакбастараў Джорджа Лукаса і Рыдлі Скота. Яго задумлівыя і летуценныя героі засяроджаны на сабе, нібы адмаўляюцца ад таго, што адбываецца навокал.
— Калі шчыра, да гэтага часу не разумею, што такое быць скульптарам, — тлумачыць мастак. — Раней мне здавалася, што я вырасту, вывучуся і буду ведаць, як усё робіцца. На самай жа справе заўсёды, прыступаючы да новай работы, адчуваю сябе школьнікам. Я зноў і зноў праходжу ўсе этапы навучання і чакаю тых запаветных дзесяці секунд драйву, калі са мной пачынае гаварыць скульптура.
Андрэй Асташоў дастаткова спецыфічна дэманструе жаноцкую прыгажосць. Рамантычнасць яго гераінь цесна пераплятаецца з эратычнасцю і спакусай. У сюжэтах майстра выдуманае і рэальнае становіцца адным цэлым. Можна бясконца разглядаць застылых у прасторы прыгажунь, адчуваць іх энергетыку ваяўнічасці.
У выразах твараў прыгажунь-амазонак скульптара вы не знойдзеце чэрствасці і жорсткасці. Аўтар аддзяляе іх ад стэрэатыпных вобразаў жанчын-драпежніц і надае лёгкасць, вытанчанасць. Атлетычны целасклад амазонак таксама трансфармуецца: у гераінь адсутнічае рэльефная мускулатура. Адзінае, што надае ім сур’ёзны выгляд, — баявая зброя, без якой, здаецца, глядач мог бы назіраць абсалютна іншы твор мастацтва.
Усе скульптуры праекта «Таямніцы Мінатаўра» выкананы ў адной стылістыцы. Пераходзячы ад аднаго экспаната да іншага, адчуваеш, што патрапіў у фільм, дзе жанчыны завалодалі светам і цяпер абавязаны захаваць яго вытанчаным і прыгожым. Такая мастацкая канцэпцыя скульптара дэманструе, наколькі педантычна ён ставіцца не толькі да працэсу стварэння скульптуры, але і да выгляду іх у прасторы. Увогуле, амаль усе скульптурныя кампазіцыі Андрэя Асташова ўніверсальныя. Яны могуць упрыгожваць дарагія інтэр’еры (дарэчы, большасць твораў аўтара характарызуюцца як інтэр’ерная скульптура), гарманічна будуць выглядаць у адкрытай прасторы. У якасці матэрыялаў для работ аўтар выкарыстоўвае камень альбо бронзу.
Андрэй Асташоў — адзіны беларус, які ўзяў удзел у міжнароднай выстаўцы VIENNAFAIR-2015 у Вене. Першы скульптар, які прадставіў сучаснае айчыннае мастацтва ў залах Дзяржаўнага Рускага музея Санкт-Пецярбурга. Гэта мастак, чые выстаўкі з нецярпеннем чакаюць у любой краіне свету, а магнетызм работ не можа пакінуць абыякавымі нават самых заўзятых крытыкаў. У 2013 годзе беларускі скульптар стаў уладальнікам міжнароднай прэміі «Вера» ў намінацыі «За шырыню задумы і грандыёзнасць увасаблення» па выніках VII Маскоўскага міжнароднага фестывалю мастацтваў «Традыцыі і сучаснасць». Гэты факт яшчэ раз сведчыць аб прызнанні Андрэя Асташова ў свеце і яго моцнай мастацкай энергіі, якая спараджае цікавыя праекты.
Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.