Вы тут

Як ствараюць кіно для людзей з праблемамі зроку?


Апошнім часам у Беларусі рэалізоўваюцца розныя ініцыятывы для дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Адна з такіх ініцыятыў — праект «Бязмежнае кіно», дзякуючы якому многія людзі з парушэннем зроку атрымалі магчымасць далучыцца да класікі беларускага кіно.


Праект «Бязмежнае кіно» пачалі рэалізоўваць у 2017 годзе, і за гэты час інваліды па зроку змаглі наведаць паказы такіх фільмаў, як «Горад майстроў», «У жніўні 44-га», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Прыгоды Чырвонага Капялюшыка», «Бураціна» і «Белыя росы».

— Я рэдактар інтэрнэт-радыё Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і рэдактар аўдыячасопіса для інвалідаў па зроку, які выдаецца з 1978 года. Гэтая тэма мне была заўсёды блізкая, — расказаў кіраўнік праекта «Бязмежнае кіно» Аляксандар Калоша. — Калісьці мы падумалі, чаму ў рамках часопіса не можам рабіць фільмы для людзей з праблемамі зроку. Зрабілі фільм «Ліквідацыя». І зразумелі: гэта поспех, трэба працягваць. Не хлебам адзіным сыты чалавек. І акрамя пандусаў, афарбаваных прыступак і шмат чаго іншага чалавек з глыбокімі парушэннямі зроку хоча далучацца да культуры ў даступных фарматах. Сумесна з арганізацыяй «Белая Русь» мы стараемся адаптаваць найлепшыя ўзоры беларускай і сусветнай культуры для людзей з праблемамі зроку.

Каб працаваць над праектам, Аляксандр Калоша заключыў дамову з нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» на права зрабіць аўдыядыскрыпцыю для 12 найлепшых фільмаў кампаніі. Да яе 90-годдзя якраз і выбралі калекцыю залатых стужак. Праект «Бязмежнае кіно» ажыццяўляецца на прыватныя ахвяраванні.

Аўдыядыскрыпцыя — гэта перадача вербальна і на словах візуальнай інфармацыі, недаступнай для невідушчых. У аўдыядыскрыпцыі можна апісваць карціны, архітэктурныя збудаванні. Стварэнне спецыяльных тлумачэнняў для невідушчых гледачоў патрабуе ад аўтара пэўных навыкаў. Увага да дэталяў, назіральнасць, вобразная мова і, вядома, спецыфіка ўспрымання навакольнага свету невідушчымі — усё гэта неабходна ўлічваць. Стварэнне каментарыяў займае больш за тры тыдні. У адаптаваным фільме закадравы голас распавядае, што адбываецца на экране, дзе знаходзяцца героі, як яны выглядаюць, які ў іх выраз твару.

— Вядома, кіно для людзей са слабым зрокам — складаны жанр. Дзякуючы з’яўленню аўдыядыскрыпцыі ў нас і ў гледача атрымліваецца даведацца пра многія цікавыя аспекты, звязаныя з сюжэтам фільма, — тлумачыць Аляксандр Калоша. — Як правіла, каментары заўсёды падрабязныя і максімальна зразумелыя. Нічога лішняга. Працуючы над аўдыядыскрыпцыяй мастацкага фільма, абавязкова трэба распавесці, што адбываецца на экране паміж дыялогамі. У дыялогі ўлазіць мы не маем права. Кожнае слова — гэта факт, да якога мы ставімся беражліва. Нельга назваць аўдыядыскрыпцыю субцітрамі, таму што ў нашым выпадку трэба ярка, дакладна і аб’ектыўна расказаць сюжэт. Усе нашы аўдыядыскрыптары маюць міжнародныя сертыфікаты.

Самае складанае — змясціць вялікую колькасць інфармацыі паміж дыялогамі. Бывае, паўза вельмі маленькая, а карцінкі змяняюцца хутка. Не ўсё можна расказаць. А некаторыя моманты даводзіцца перазапісваць у студыі шмат разоў. Бо калі словы дыктара хоць на секунду накладуцца на рэпліку героя, атрымаецца блытаніна.

Аўдыядыскрыпцыя патрабуе выкарыстання толькі самых неабходных слоў. Кожны сцэнар праходзіць некалькі дзясяткаў рэдакцый. Спачатку яго складае спецыяліст, потым ацэньваюць непасрэдна тыя, для каго ён прызначаны, і ўносяць свае карэктывы. Спосабаў зрабіць аўдыядыскрыпцыю больш экспрэсіўнай не так ужо шмат, адзін з іх — гэта тэмбр голасу, уменне дыктара прыўнесці нешта сваё, не пераблытаўшы сутнасць. Важна данесці да гледача не тое, што лісце жоўтае, а адчуванне самой восені. Калі сцэна пачуццёвая, то вельмі важна перадаць гэтую пачуццёвасць, а не проста прачытаць тэкст роўным, халодным голасам. Самая вялікая праблема фільмаў з аўдыядыскрыпцыяй — іх занадта малая колькасць. А ўсё таму, што вельмі складана запісаць правільны каментарый, ды і не кожны за гэта возьмецца. На думку спецыялістаў, якія працуюць над стварэннем фільмаў для невідушых, аўдыядыскрыпцыя — гэта мастацтва, пастаўленае ў вельмі жорсткія рамкі. Яно дакладна выверана, сціснута, але пры гэтым павінна папоўніць большую частку інфармацыі, недаступную гледачу.

— Вельмі важна, што такога фармату фільмы дапамагаюць зразумець задуму аўтара, — расказвае інвалід па зроку Святлана Малянок. — Дадумаць можна ўсё, што заўгодна, а вось зразумець, што менавіта хацеў сказаць аўтар, з каментарыямі аўдыядыскрыптараў значна прасцей. Напрыклад, у «Прыгодах Бураціны», тысячу разоў глядзела гэты фільм, без аўдыядыскрыпцыі ніколі не ведала некаторых дэталяў, якія дадаюць фарбаў сюжэту. Праект «Бязмежнае кіно», які адзіны ў Беларусі існуе ў такім фармаце, вельмі карысны. Ён дазваляе людзям з асаблівасцямі пашырыць свой светапогляд.

Фільмы праекта «Бязмежнае кіно» распаўсюджваюцца бясплатна: па бібліятэках для невідушчых, прадпрыемствах, дзе яны працуюць, школах для дзяцей з парушэннямі зроку. У звычайных раённых бібліятэках, дзе ёсць спецыяльная тэхніка, можна знайсці такія дыскі.

Аляксандр Калоша расказвае, што праца з фільмамі для невідушых вельмі складаная. І, бывае, нават хочацца адмовіцца. Але ж рэакцыя публікі заўсёды натхняе, асабліва дзіцячыя водгукі:

— Вельмі кранае, калі такія фільмы глядзяць дзеткі. Бывае, на экране якоенебудзь дзеянне інтрыгоўнае, яны пачынаюць стукаць ножкамі, каменціраваць, звяртацца да герояў фільма. Заўважна, як ім цікава і як захоплівае сюжэт. Толькі ўжо дзеля гэтага хочацца працаваць. Потым бацькі з удзячнасцю падыходзяць і просяць, каб мы гэтую справу працягвалі.

У Беларусі фармат кіно для невідушых становіцца ўсе больш папулярны і распаўсюджаны. Напрыклад, у кінатэатры «Беларусь» з’явілася абсталяванне для людзей з асаблівасцямі слыху і зроку. Досвед для нашай краіны ўнікальны. Спецыяльная аўдыясістэма апісвае для слабавідушчых тое, што адбываецца на экране, і ўзмацняе гук для людзей з праблемамі слыху. Прычым падключыць да яе можна свае навушнікі і наладзіць зручную гучнасць.

Зараз праект «Бязмежнае кіно» плануе выйсці на новы ўзровень і паспрабаваць развіццё аўдыядыскрыпцыі ў фармаце тэатра альбо спартыўных спаборніцтваў. Гэта рэальна, калі паступова ў праекта будзе з’яўляцца ўсе больш падтрымкі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Фарбы сюжэтнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў. 

Грамадства

Смаката на святочным стале

Смаката на святочным стале

Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.