Вы тут

Гараднянская кераміка: проста і адмыслова


Так лічаць і спецыялісты, і спажыўцы


Быў час, калі ганчарныя кругі стаялі практычна ў кожным доме жыхароў вёскі Гарадная сённяшняга Столінскага раёна. Таму невыпадкова ажно да сярэдзіны мінулага стагоддзя гарадзенцаў іншы раз называлі гаршкалепамі. Простыя белагліняныя і паліваныя гаршкі, збаны, міскі ды кубкі ішлі нарасхват па ўсім Пінскім Палессі. І калі сёння знаходжу на бацькоўскай сядзібе, што на Драгічыншчыне, рэшткі чорнай керамікі, то думаю: можа, яна з Гарадной? Колькі ж часу праляжала ў зямлі? Мяркуючы па значнай колькасці знаходак, гліняны посуд карыстаўся раней вялікім попытам.

Дзякуючы велізарным залежам высакаякасных глін як ганчарны цэнтр Гарадная вядомая з XV стагоддзя. Менавіта да гэтага перыяду навукоўцы адносяць барэльеф з выявай ганчара, знойдзены ў ваколіцах. Спецыялісты вельмі цэняць гараднянскую кераміку, у якой спалучаюцца ўтылітарная і эстэтычная функцыі, за прастату і адмысловасць. Гэтым яна славіцца, гэтым і чапляе. Яе пазнаюць не толькі ў нашай краіне.

Калі ў XIX — пачатку XX стагоддзя ганчарствам займалася тут каля 200 сем’яў, то ў 1920—1930 гады — каля 500! У апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя гэты промысел стаў пакрыху страчваць свае пазіцыі. І толькі ў апошні час з адкрыццём у 2003 годзе Гараднянскага цэнтра ганчарства ён стаў адраджацца, бо вельмі важна захаваць традыцыйныя ўнікальныя формы гараднянскай керамікі.

У Цэнтры ганчарства мясцовых школьнікаў навучаў рамяству на працягу 12 гадоў патомны ганчар, майстар цэнтра, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Народная творчасць» Аўраам Басавец. Цяпер з вучнямі працуе не менш знакаміты гараднянскі ганчар з больш чым 60-гадовым стажам Рыгор Кавалька, а таксама настаўнік і патомны ганчар Васіль Казачок, які цяпер узначальвае гэтую ўнікальную ўстанову. У 2010 годзе традыцыі ганчарнага промыслу вёскі Гарадная прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, а мясцовы цэнтр ганчарства ўнесены ў афіцыйны пералік аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці.

— Мясцовая кераміка на працягу стагоддзяў была традыцыйнай і, паводле даследчыкаў, самая трывалая на поўдні Беларусі, — распавёў Васіль Казачок. — Дарэчы, рэдка дзе сустрэнеш такое беражлівае стаўленне майстроў да ўласных вырабаў. Сведчаннем таму — назвы: мамзелік (мамзель), семак, злівач, нярознак, адзінец, паляк.

Само паселішча Гарадная мае вельмі цікавыя гістарычныя карані. Упершыню Гарадная ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1448 годзе. А ў 1579-м граматай караля Стэфана Баторыя яна атрымала Магдэбургскае права і 200 гадоў мела статус горада ды свой герб, які быў пацверджаны каралеўскім указам 17 сакавіка 1792 года. У 1803 годзе жыхары вёскі былі вызвалены ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзяржаўных сялян. Гэтаму спрыяла развіццё ганчарнага промыслу.

Сёння ў Гарадной засталося некалькі старых майстроў, сярод іх — Рыгор Кавалька, Макар Шэлест, крыху маладзейшыя — Васіль Казачок, Адам Шэлест. А маладыя (патомныя ганчары, браты Сяргей і Іван Шэлесты) навучыліся ганчарнаму рамяству ў Цэнтры ганчарства і зараз займаюцца ім у вольны ад асноўнай працы час, ладзячы выстаўкі-продажы і майстар-класы ў Пінску і Мінску, дзе пражываюць.

Добрыя майстры могуць атрымацца з Мікіты Барнацкага і Аляксея Сенька, які пасля 9-ці класаў, на жаль, пайшоў вучыцца ў каледж па іншай спецыяльнасці. А вось Мікіта працягвае ўдасканальваць майстэрства на ўроках працоўнага навучання па прафесіі «Ганчар» на базе Цэнтра ганчарства пад кіраўніцтвам Васіля Казачка. Разам з Мікітам гэтую прафесію асвойваюць яшчэ тры адзінаццацікласнікі: Ілья Гашчук, Мікалай Шпудзейка і Максім Шэлест.

— Самы папулярны з нашых вырабаў — гаршчок «мамзелька», — зазначае Васіль Казачок. — Мініяцюрны, на літр, у ім звычайна варылі кашу. Ёсць у нас 300-гадовы гаршчок «паляк», разлічаны на пуд збожжа. Мамзелькі, семакі, злівачы, нярознакі, палякі па форме набліжаны да шара. Шаравідная форма, з аднаго боку, вельмі складаная для вырабу, а з другога — самая рацыянальная. Працэс вырабу «паляка» працаёмкі і не кожнаму пад сілу.

Па ініцыятыве Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра сумесна з аддзелам культуры Столінскага райвыканкама з 2008 года адзін раз у два гады праводзяцца Міжнародныя пленэры ганчароў з удзелам прадстаўнікоў блізкага і далёкага замежжа. У Гарадную едуць майстры з Расіі, Малдовы, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Грузіі, Швецыі, Даніі. Летась адбыўся VІ Міжнародны пленэр. Работы вядомых майстроў беражліва захоўваюцца ў музеі цэнтра, які штогод наведвае шмат турыстаў з розных краін.

Раіса МАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».