Вы тут

Як вярнуць грошы за лішнія градусы ў кватэры


За акном бабіна лета, надвор'е радуе сонейкам і цеплынёй. А вось у многіх кватэрах такой парою асаблівага камфорту не назіраецца, асабліва ў тым жыллі, дзе градус у батарэях цалкам залежыць ад тэмпературы цепланосьбіту і падкруціць-паменшыць спёку ў памяшканні немагчыма. Яно, можа, гарачыня касцей і не ломіць, аднак калі ў вас ледзьве не плюс 30 градусаў на тэрмометры, то колькі ні праветрывай, свежасць у памяшканні хутка знікае і там ізноў горача. Ці можна зрабіць асенні кватэрны градус камфортным, «Звязда» высвятляла ў спецыялістаў.


Фота minsknews.by

Адказныя за тэмпературу

Калі ў кватэры больш за суткі цяпло трымаецца на ўзроўні вышэй чым +24 °С, можна смела паведамляць пра гэта ў абслугоўваючую арганізацыю, каб зрабіць пераразлік за лішнія градусы, на якія перагрэлася паветра ў жыллі. Шмат грошай, вядома, не вернеце. Гэта хутчэй маральная кампенсацыя за перагрэў і нясвоечасовае рэагаванне на тэмпературу на вуліцы адказных за гэта службаў.

Калі ў вас зафіксавалі факт перагрэву паветра ў памяшканні, а на наступны дзень праблема не вырашылася і градус цепланосьбіту не адрэгулявалі, можна зноў выклікаць спецыялістаў. І так да той пары, пакуль не будзе вырашана праблема перагрэву, раяць у Мінжылкамгасе.

— Калі складзены прэтэнзійны акт, то пераразлік за перагрэў ці недагрэў памяшкання будзе зроблены за той час, калі тэмпература не адпавядала нормам ад 18 да 24 градусаў, — тлумачыць Дзмітрый ЧЫКІЗА, начальнік абаненцкага аддзела ЖКГ Заводскага раёна Мінска. — Аднак пасля спецыялісты абавязкова прыйдуць, каб зафіксаваць, што праблема вырашана, тэмпература стабілізавалася і паслуга пастаўляецца якасная.

Не заўжды, дарэчы, за градус адказваюць камунальнікі. Кантрольна-вымяральнымі прыборамі на цяпло ў дамах цяпер загадваюць падрадныя арганізацыі. У Заводскім раёне сталіцы, напрыклад, гэта прадпрыемства «Домэнергасэрвіс».

Камунальнікі ж могуць толькі зафіксаваць факты перагрэву і накіраваць звесткі на рэагаванне.

— Мы бачым, што нехта пераграваецца, толькі тады, калі людзі звоняць у службу «115» і скардзяцца на перагрэў, — сведчыць Лілія ЕРМАЛАЕВА, дырэктар ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мінска. — Мы спускаемся ў цеплавузел у падвале і бачым, што там сапраўды ёсць завышэнне тэмпературы цепланосьбіту. Пасля падымаемся ў кватэру і замяраем тэмпературу паветра, пасля чаго адсылаем звесткі ў абслугоўваючую фірму. Нашым спецыялістам забаронена карэкціраваць работу прыбораў.

Кантрольная гадзіна — шэсць раніцы

Ёсць у жыллёвай гаспадарцы спецыяльны абаненцкі аддзел, абсталяваны сістэмай дыстанцыйнага здымання паказчыкаў, да якой падключаны ўсе групавыя прыборы ўліку і сістэмы рэгулявання. У гэтай сістэме бачна ўсё цепласпажыванне ў дамах.

— Штодня інжынер Домэнергасэрвісу аналізуе архівы параметраў па стане на шэсць раніцы і дае заданне наладчыкам ліквідаваць пэўную праблему, — кажа Дзмітрый Чыкіза. — Напрыклад, дзесьці няспраўны клапан, дзесьці трэба замяніць датчык вонкавага паветра і г. д. У іх ёсць рэзервовы фонд, каб аператыўна вырашаць такія пытанні.

У пачатку ацяпляльнага сезона ЖЭС запускае сістэму ацяплення, а Домэнергасэрвіс пасля наладжвае яе і пераводзіць у аўтаматычны рэжым, у якім яна сама павінна функцыянаваць аўтаномна і падстройвацца пад надвор'е без удзелу людзей.

Чаму, нягледзячы на градусы, бачныя ў рэжыме рэальнага часу, многія кватэры працягваюць перагравацца, адказаць адназначна цяжка. Рэдка, але здараецца, што сістэма выходзіць са строю, і тады трэба пераводзіць ацяпленне ў ручны рэжым, каб падтрымліваць параметры ў пэўным стане адпаведна градусу за акном.

— Магчыма, праблема ў тым, што ў нейкім пэўным выпадку зламалася абсталяванне — напрыклад, выйшла са строю помпа або рэгулюючы клапан не адгукаецца на сігнал у шафе кіравання, — разважае начальнік абаненцкага аддзела. — Акрамя таго, ніхто не адмяняў і чалавечы фактар ва ўзаемасувязі эксплуатуючых службаў і Домэнергасэрвісу. Той жа ЖЭС можа, атрымаўшы прэтэнзію на перагрэў, перавесці сістэму на работу ў ручным рэжыме і так вырашыць праблему. Аднак калі сістэма ўжо працуе на мінімальных настройках, а ў кватэры ўсё роўна горача, то тут ужо зрабіць штосьці немагчыма, калі на батарэі няма рэгулятара цяпла, пакуль за акном не пахаладае.

Інфармацыя пра недагрэў ці перагрэў у кватэры з абаненцкага аддзела накіроўваецца ў разлікова-даведачны цэнтр, дзе і робяць пераразлік за лішнія або недагрэтыя градусы ў жыллі.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пункты перагрэву

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.