Вы тут

Прэзідэнт разгледзеў кадравыя пытанні


У Дубровенскага і Мсціслаўскага раёнаў — новыя кіраўнікі, а ва ўнутраных войсках — камандуючы.


На Мсціслаўшчыне будуць развіваць рыбаводства, ў Дубровенскім раёне — ільнаводства, а Маскоўскі раён Мінска прапануе да ўвагі інвестараў 19 пляцовак для будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў. Такія перспектывы абмеркаваныя сёння ў Палацы Незалежнасці падчас разглядання кадравых пытанняў Прэзідэнтам.

Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў на пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама кандыдатуру намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па аграрнай палітыцы Анатоля Лукашова. 

«Трэба людзям растлумачыць, што вы тут не адпачывалі — папрацавалі ў Парламенце, а гэта вялікі добры багаж для любога чалавека і досвед», — звярнуўся да новага кіраўніка Дубровеншчыны беларускі лідар. У размове Прэзідэнт паставіў задачу перш за ўсё завяршыць у раёне ўсе сельскагаспадарчыя работы. Закранулі і пытанне ільнаводства: на паўднёвым усходзе Віцебшчыны працуе спецыялізаваны завод і вырошчваюць вялікі плошчы гэтай культуры. 

«Патэнцыял раёна не вычарпаны, раён дабіваецца добрых паказчыкаў, а можа дасягнуць яшчэ большага ў вытворчасці збожжа, ільну, рапсу; вырашыць пытанні вытворчасці малака, мяса», — падзяліўся планамі з журналістамі Анатоль Лукашоў.

На пасаду старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Прэзідэнт узгадніў кандыдатуру старшыні Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрыя Пімашэнку. 

«Мсціслаўскі раён — махіна ў параўнанні з вашым раёнам, а па-другое, ён не мае таго ўзроўню, які мусіць. Гэта жытніца, можна сказаць, Магілёўшчыны, і вынікі працы там павінны быць у разы лепшыя. Майце на ўвазе: патрэбныя ў сельскай гаспадарцы новыя тэндэнцыі. Увогуле трэба разабрацца, чым у раёне занімацца ў перспектыве. Добрыя праекты дзяржава гатовая прафінансаваць, пракрэдытаваць», — абазначыў задачы Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што працэсы ў сельскай гаспадарцы трэба інтэнсіфікаваць, а дысцыпліна — і тэхналагічная, і працоўная — патрабуе асаблівай увагі кіраўніка.

Прапанаваў Прэзідэнт звярнуць увагу на развіццё рыбаводства: паколькі на Мсціслаўшчыне шмат азёр, такі занятак мусіць стаць адным са шляхоў павышэння даходнасці сельскагаспадарчай галіны. 

Беларускі лідар узгадніў кандыдатуру першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Таццяны Калядка на пасаду кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. 

«Выбары заўсёды ў Беларусі былі святам, з даўніх часоў. Мы павінны арганізаваць гэты працэс як свята, але не забываць пра тое, што гэта — выбары, што мы выбіраем прадстаўнікоў у Парламент», — звяртаючыся да сталічнага кіраўніка, Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на палітычнай кампаніі.

Таццяна Калядка ўзначаліла малады раён, які дынамічна развіваецца, з вялікай колькасцю працоўнага насельніцтва. 

«Жыве шмат моладзі, патрабуецца будаўніцтва спартыўных, фізкультурна-аздараўлечных аб’ектаў», — абазначыла журналістам сярод актуальных задач новы кіраўнік раёна. 

Аляксандр Лукашэнка назначыў на пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі супрацоўніка Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі Юрыя Назаранку. 

«Я не думаю, што гэта вялікі недахоп, што не вы кіравалі злучэннямі. Вам не трэба будзе франтамі кіраваць: вам трэба будзе забяспечыць парадак у краіне пры неабходнасці, калі давядзецца задзейнічасць нашы ўнутраныя войскі. Гэта ваша прэрагатыва, гэтым вы адрозніваецеся і будзеце адрознівацца ад іншых, што вам трэба забяспечыць унутры краіны парадак. Ну, не дай бог што, мы — людзі ў пагонах — усе пойдзем на фронт. Калі пагроза будзе звонку. Усе пойдзем абараняць Радзіму», — акрэсліў задачу Прэзідэнт. Ён адзначыў, што сёння ўнутраныя войскі Беларусі адпавядаюць патрабаванням сучаснасці.

«Для выканання задач па забеспячэнні бяспекі ёсць і людскі рэсурс, сучасныя тэхніка і ўзбраенне. Упэўнены, што з дадзенай задачай унутраныя войскі справяцца», — заверыў журналістаў Юрый Назаранка.

У працоўным парадку ўзгоднена назначэнне на пасаду намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці начальніка ўпраўлення рэгістрацыі, тэхнічнай інвентарызацыі нерухомай маёмасці і ўліку дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Кацярыны Лук’янавай. Генеральным консулам Беларусі ў Гуанчжоў (Кітайская Народная Рэспубліка) назначаны старшы саветнік упраўлення Азіі, Аўстраліі і Акеаніі галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».