Вы тут

Сын ідзе ў армію. Як яго правільна правесці?


У лістах, што прыходзяць на адрас выдавецтваў і рэдакцый, дзе выпускаліся нашы кнігі і друкуюцца артыкулы, а таксама ў тых, якія чытачы дасылаюць уласна нам, выказваюцца словы падзякі і адначасова апісваюцца шматлікія жыццёвыя сітуацыі, тлумачэнне якім можна даць толькі пры ўмове дасканалага ведання этнічных традыцый і вопыту правядзення абрадавых практык. Апісанне падаецца эмацыянальна, часам са слязамі на вачах, таму не ўсе лісты можна працытаваць поўнасцю. Як правіла, мы засяроджваем увагу на тым месцы, ў якім сфакусіравана сутнасць праблемы. Вось і наступны ліст з Ашмян ад Марыі В. цытуем фрагментарна: «...як можна засцерагчы нашых сыноў перад тым, як ім ісці ў армію... бо кожная маці хоча толькі шчасця свайму сыну».


Фота: pixabay.com

Безумоўна, адпраўляючы сына ў армію, кожная матуля думае толькі пра адно — каб вярнуўся жывы і здаровы. З цягам часу сталася так, што ў народным асяроддзі гэта важная падзея ў жыцці хлопца і яго сям'і стала суправаджацца адпаведным абрадам, які па ступені распрацаванасці і сацыяльнай нагрузкі нічым не адрозніваецца ад рытуалаў нараджэння чалавека і яго вяселля. Больш за тое, абрад провадаў хлопца ў войска (або на вайну) дапаўняўся цэлым шэрагам спецыфічных магічных дзеянняў, якія ўзмацнялі яго духоўны патэнцыял. Прычым у гэтым выпадку трэба гаварыць пра тое, што абрад провадаў аказваўся ў прасторы ўсёй традыцыйнай культуры і яе адвечнай і мудрай сістэмы агульнародавых каштоўнасцяў. Пра гэтыя сакральна-магічныя скрэпы-дапаўненні шырокае кола людзей ведае значна менш, таму што яны выконваліся не публічна, пры ўсёй радзіне, а часцей пры ўдзеле толькі маці або бабулі. Мы не раз гаварылі пра тое, што фактычна існавалі два пласты, ці ўзроўні, этнакультурнай «адукаванасці». Адзін — гэта той, які штогод паўтараўся публічна, пры ўдзеле вялікай колькасці людзей. Другі — залежыў ад мудрасці Роду, Сям'і, той ці іншай бабулі, маці і «ажываў», як правіла, у прасторы ўласнай гаспадаркі. З пэўнай доляй умоўнасці можна сказаць, што другі гарызонт культуры быў тайнапісам Родавай памяці. Зразумела, што і гэтыя веды перадаваліся дзецям і ўнукам, суседзям, з якімі былі добрыя адносіны. І ўсё ж яны былі прыкрыты покрывам таямнічасці і, як тыя грошы, не любілі мітусні і шуму.

З вопыту сямейна-родавай культуры: нашы мудрыя жанчыны ведалі, што фактычна тоесным «працягам» энергетыкі чалавека з'яўляецца ўсё тое, што было ў цесным кантакце з ім самім: адзенне, прадметы ўласнага карыстання, фотаздымак або намаляваны партрэт, след на зямлі. Апошняе якраз і з'яўлялася тым рытуальным дапаўненнем, якое складала сямейную тайну-спадзяванне, тайну-надзею, а магчыма, тайну-веру ў яго выніковасць. Калі мужчына ішоў на вайну, то проста каля парога хаты выконваў спецыяльны абрад-развітанне: босай нагой ён пакідаў на зямлі след, маці або жонка збіралі гэты адбітак да драбнічкі на чысцюткую хусціну, завязвалі крыж-накрыж на два вузлы, неслі ў хату і клалі ў чырвоны кут за бажніцу. Людзі верылі, што з такім чалавекам нічога не здарыцца, таму што яго будуць перасцерагаць родная зямля і той чырвоны кут, пад якім была некалі закапана яго пупавіна. Калі ж чалавек вяртаўся дадому, зямлю высыпалі на тое ж месца, адкуль яе ўзялі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Загаловак у газеце: Каб салдат вярнуўся дамоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.