Вы тут

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі ўпершыню прадстаўлены арыгінал Берасцейскай Бібліі


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі ўпершыню прадстаўлены кніжны рарытэт, якому больш чым 455 гадоў, — арыгінал Берасцейскай Бібліі з прыватнага збору гомельскага калекцыянера і мецэната Сяргея Пуціліна. Асобнік, які раней нідзе і ніколі не экспанаваўся і пра які не ведалі нават навукоўцы, да 17 лістапада можа ўбачыць кожны наведвальнік музея. Выстаўка працягвае цыкл мерапрыемстваў «Берасцейская Біблія: адкрыты дотык», прысвечаных помніку нацыянальнай кніжнай культуры.


Бібліятэкары згадваюць: яшчэ пяцьдзясят гадоў таму ў Беларусі не было ніводнага асобніка выдання — штосьці было вывезена, штосьці наогул знішчана; апошняя вядомая Берасцейская Біблія з Койданаўскага збору знікла або загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер, на шчасце, адбываецца адваротны працэс — беларуская кніжная спадчына ў тым ці іншым выглядзе вяртаецца на радзіму. На сёння ў нашай краіне захоўваецца не менш за пяць экзэмпляраў Радзівілаўскай Бібліі (адзін з іх яшчэ ў 1975 годзе бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі падарылі да юбілею калегі з Літвы, у 2014-м фрагмент выдання займела Брэсцкая абласная бібліятэка, сёлета выдатна захаваны асобнік падарыў да 1000-годдзя Брэста Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка), а ў свеце — не менш за 130.

Каб вывесці з ценю «гераіню» цяперашняй выстаўкі, спатрэбілася некалькі гадоў перамоваў з яе ўладальнікам, які нарэшце дазволіў увесці кнігу ў навуковы ўжытак, так што даследчыкі змогуць дэталёва вывучыць арыгінал. Карыстаючыся нагодай, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі выставілі і іншыя кніжныя артэфакты з багатай гісторыяй — некалькі выданняў ХVІ стагоддзя, якія ўбачылі свет у той жа Берасцейскай друкарні, а таксама тагачасныя пераклады Бібліі і кнігі розных еўрапейскіх краін 1560-х гадоў выдання. «Параўноўваючы гэтыя выданні, можна ўпэўніцца, што Берасцейская Біблія ёсць адзін з найлепшых прыкладаў паліграфічнай, мастацка-кніжнай культуры эпохі Рэнесансу», — падкрэслівае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

Дарэчы, менавіта факсіміле Берасцейскай Бібліі, прадстаўленае сёлета ў выніку дзяржаўна-прыватнага партнёрства, стане галоўным экспанатам на нацыянальным беларускім стэндзе падчас найбуйнейшага ў свеце кніжнага форуму — 71-й міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Франкфурце-на-Майне, што адкрыецца 16 кастрычніка.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота ў мініяцюры: be.wikipedia.org

Загаловак у газеце: Біблія выходзіць з ценю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».