Вы тут

Любоў і лёс Аляксандра Касцючэнкі


Пра галоўнага мастака Вялікага тэатра Беларусі цяжка пакуль гаварыць: ён быў…

Дзіўная рэч: калі чалавек сыходзіць з жыцця, доўгі час не можаш уцяміць, што яго сапраўды няма. Чаму так? Што спрацоўвае? Мне хочацца верыць, што мы насамрэч пераходзім у іншасвет. Можа таму з часам звыкаешся з думкай: на зямлі блізкага табе чалавека ўжо не пабачыць, не сустрэць. І туга паволі праходзіць. І пакуль працуе твая памяць, памятаеш пра яго, прыгадваючы, чым жа цікавы быў, чым прыцягваў да сябе.


У Вялікі тэатр ён прыйшоў у 2009‑м… І стварыў на яго сцэне каля 15 оперных і балетных спектакляў. Сярод іх — оперы «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава, «Тоска» Пучыні, «Набука», «Аіда», «Макбет» Вердзі, «Сівая легенда» Смольскага, «Севільскі цырульнік» Расіні, «Сельскі гонар» Масканьі, а таксама балеты «Папялушка» Пракоф’ева, «Сем прыгажунь» Караева, «Трыстан і Ізольда» на музыку Вагнера ды іншыя. У 2011‑м Аляксандр Касцючэнка ажыццявіў рэканструкцыю сцэнаграфіі выбітнага мастака Яўгена Чамадурава, свайго настаўніка, у новай пастаноўцы оперы «Аіда», якая з поспехам ідзе ў Вялікім тэтры.

Аляксандр Касцючэнка — адзін з тых выключных творцаў, пра якіх гавораць: асоба з харызмай. Такім, як ён, уласціва дабівацца ўсяго, што задумваецца. Ён і мне расказваў, як, аднойчы трапіўшы на «Лебядзінае возера» ў Вялікі тэатр з жонкай Наталляй, сказаў сабе: «Буду тут працаваць…». І вось як пра тое згадваў ў інтэрв’ю:

— Думаю, гэты тэатр для мяне, як любоў і лёс. Першая мастацкая школа, у якой я пачынаў вучыцца ў 70-я, знаходзілася на 4 паверсе Опернага тэатра. І я, вядома ж, нешта ўвабраў: атмасфера сама ўплывала. Калі ж пасля арміі атрымліваў адукацыю ў Мастацкім вучылішчы, то хадзіў сюды і на балет са сваёй будучай непаўналетняй жонкай, у якую закахаўся канчаткова і беспаваротна, Ёй было 17, а мне — 21. А на «Лебядзіным возеры» са мной адбылося неверагоднае, прарыў нейкі ў будучыню — я востра адчуў: вось ён, мой тэатр.— І паўтарыў:— Ён для мяне як любоў і лёс.

За высокія творчыя дасягненні, прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва Аляксандр Касцючэнка быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. За пастаноўку «Царская нявеста» ўганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі. А ў 2017‑м атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

Ён бываў і госцем рэдакцыі часопіса, і героем публікацый. А сталае наша сяброўства пачалося з інтэрв’ю з нагоды ягонага 55‑гадовага юбілею («Беларусь.Belarus», № 2, 2013). Ды і ў маладосці мы бачыліся не толькі на прэм’ерах. Аднойчы мая пляменніца, яна сябравала з жонкай Сашы Наталляй, прапанавала мне: давай з’ездзім да Касцючэнкаў, паглядзіш дом, як жывуць у Мінску прыватнікі. А справа ў тым, што і я вырасла ў прыватным доме ў гарадку. Таму любая нагода пабываць у гасцях у людзей, якія таксама жывуць не ў шматкватэрным будынку, мяне грэла. Што тут скажаш: настальгія па сваім двары, садзе, дзяцінстве — моцнае пачуццё. І яно — назаўсёды.

Добра памятаю, як мы пілі гарбатку з варэннем разам з Наташай, і як па падворку бегалі іх з Сашам сыны, Косця і бацькаў цёзка — малодшы. А самога Сашу я пабачыла, калі мы, развітваючыся, выйшлі на ганак. Ён быў у кашулі ў клетку і складваў… дошкі. Яны былі свежапапілаваныя і нават пах адчуваўся. Навошта ён іх цягаў — не ведаю. Можа штосьці хацеў збудаваць у двары…

«Севільскі цырульнік»

Рука не ўздымаецца выдаліць яго з вайбера. Гляджу: у сетцы быў 18 жніўня. Зусім нядаўна. Як і нядаўна даведалася: перад адпачынкам ён прыходзіў у тэатр. Адчуваў сябе горш, але быў усё роўна, кажуць, бадзёрым і аптымістычным. Апошні раз віншавала яго са святам Перамогі — 9 Мая. Саша тут жа адказаў. Як і заўсёды, шчыра дзякаваў за віншаванні. А калі мы з мужам бывалі на прэм’ерах у Вялікім, чакаючы першага званка на канапе, жартаўліва перагаворваліся: ну вось, хутка ўбачым не толькі Уладзіміра Грыдзюшку ў смокінгу, які нязменна праходжваецца па фае, каб сустрэць віп-гасцей, але і Сашу. Абавязкова з чорнай бабачкай і ў асляпляльна белай кашулі. За ўсе гады, колькі ён у Вялікім працаваў, ніводнага разу на прэм’ерах мы не бачылі яго ў іншым, не ўрачыстым убранні. І такога, каб не падышоў да нас, не было. Як пабачыць — наблізіцца, шчыра павітаецца, абаяльна ўсміхаючыся. І абавязкова пажартуе. Прыкладна так: ну што, сямейная пара журналістаў, прыйшлі?.. Ну глядзіце… А пасля спектакляў ніколі не цікавіўся ў нас: ці спадабаліся нам дэкарацыі. Сціпласць, сарамлівасць яго была прыроднай. Пра тое казаў на грамадзянскай паніхідзе, якая адбылася у Вялікім тэатры 28 жніўня, яго старэйшы брат Сяргей Касцючэнка. І патлумачыў: менавіта гумарам, жартамі Саша тую сарамлівасць прыхоўваў. А што да меркаванняў з боку, іншых людзей пра яго сцэнаграфію, то мне падаецца: Аляксандр сам ведаў, як у яго атрымалася — добра ці не надта. І гэта ішло не ад ганарлівасці — ад упэўненасці.

Ён пайшоў з жыцця на 62‑м годзе, у творчым росквіце. Апошняй працай Аляксандра Аляксандравіча Касцючэнкі стала сцэнаграфія да балета Вольгі Костэль «Ганна Карэніна». 14 лістапада — прэм’ера. Цяпер дэкарацыі ў вытворчасці. А макет да «Пікавай дамы» для Нацыянальнай оперы ў балгарскай Сафіі ён рыхтаваў ужо дома. Не ведаю, ці скончыў. Пра тое мне расказалі малодшыя памочнікі Касцючэнкі, так званая каманда галоўнага мастака. Іх у Сан Саныча — пяцёра. Маладыя, таленавітыя… Яны так да яго і звярталіся: Сан Саныч. Гэта Кацярына Булгакава — мастак-пастаноўшчык, Кацярына Шымановіч — мастак, Наталля Шыпук — мастак таксама, Нэлі Ліпіна — мастак-канструктар, а Сяргей Бялоў — макетчык. І ў кожнага ўжо стваралася свая гісторыя ў зносінах з кіраўніком каманды.

«Сівая легенда»

Як расказала мне Каця Шымановіч, Сан Саныча яны вельмі любілі, паважалі. Ды настолькі моцна, што надзвычай цяжка было ёй акрамя гэтых словаў, хоць многае хацелася сказаць, нешта яшчэ вымавіць за памінальным сталом: слёзы перашкодзілі. Бо ён заўсёды іх абараняў, падтрымліваў, дапамагаў. І нават калі дакараў за пралікі, яны не крыўдзіліся, разумеючы: перад імі Майстра, Настаўнік, добрай душы чалавек. Дарэчы, падчас развітання з ім, калі ўсё ішлі ды ішлі людзі, больш сотні было, я падумала менавіта пра тое, што ў большасці з іх таксама свае гісторыі творчых і асабістых кантактаў — малых і вялікіх па часе, па глыбіні ўзаемаадносін, па духоўнай напоўненасці.

Як тэатральны мастак ён выдатна адчуваў сцэнічную прастору. І вось як тлумачыў, чаму сцэнографу так важна яе вучыцца слухаць. Казаў:

— Калі няма адчування ўнутранай прасторы, мастак асуджаны на няўдачу. Сцэны — каварныя. Работу над спектаклем я пачынаю з таго, што знаёмлюся са сцэнай, магу на ёй прастаяць хвілін пятнаццаць-дваццаць тварам у глядзельную залу. Я і аб’ём залы павінен адчуць. Так было ва Уфе, дзе мы з Панджавідзэ ставілі «Тоску». Стаю спачатку — і нічога не адчуваю. У нейкі момант унутры мяне нешта шчоўкае: вось-вось, я схапіў прастору!

«Сельскі гонар»

— У музыкантаў ёсць такі інструмент — камертон,— гаварыў на жалобным мітынгу Мікалай Калядка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дырыжор Вялікага тэатра.— Аляксандр Аляксандравіч быў і застаецца для нас такім камертонам. Так, як ён ставіўся да сваёй працы, як ён любіў гэты тэатр,— мала я сустракаў такіх людзей. Тут ён пакінуў частку сэрца, частку душы. А душа ў яго як чыстая крыніца, да якой многія прыпадалі і бралі там мужнасць, сілу і аптымізм.

А вось як успамінаў Касцючэнку Барыс Луцэнка, народны артыст Беларусі. Ён быў мастацкім кіраўніком у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага і ў той час, калі Касцючэнка працаваў там галоўным мастаком, умацоўваючыся ў прафесіі сцэнографа.

З Луцэнкам яны працавалі разам пяць гадоў запар.

— Мы, вядома ж, раўніва паставіліся да таго, што ён пераходзіць у Оперны тэатр, але блаславілі яго. У Оперным тэатры ён раскрыўся з яшчэ большай сілай і талентам. Калі я глядзеў «Сівую легенду», там гучалі не толькі музыка, не толькі акцёры,— там гучала хуткая перастаноўка дэкарацый. Саша ўсё гэта засвоіў. Таму і казаў мне: «Хадзем, пакажу, як гэта ўсё рухаецца!» І вось гэты рух на фоне музыкі быў узрушаючым. Я лічу яго наогул — кампазітарам сцэны!

Яго клікалі ставіць спектаклі і ў Маладзёжны, Купалаўскі тэатры ў Мінску, Коласаўскі ў Віцебску, Сафійскую оперу і шматлікія тэатры Расіі. Дарэчы, у Тэатры Горкага дагэтуль яшчэ ідуць яго спектаклі…

Памятаю, як Аляксандр мне казаў, што менавіта ў гэтым тэатры, так званым Рускім, у яго быццам выраслі крылы… Акрамя Луцэнкі, ён супрацоўнічаў з многімі вядомымі рэжысёрамі, у прыватнасці з Мадэстам Абрамавым, Віталем Баркоўскім, Аляксандрам Гарцуевым, Валянцінай Ераньковай, Вітасам Грыгалюнасам, Міхаілам Краснабаевым. Усяго ў Беларусі і блізкім замежжы паставіў больш за 50 драматычных спектакляў. Лепшыя оперныя спектаклі рабіў з галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра Міхаілам Панджавідзэ.

Пасля прэм’еры спектакля «Анастасія»

— Да апошняй хвіліны Аляксандр Аляксандравіч трымаў у руках пластылін і ляпіў, таму што не мог адарвацца ад сваёй любімай прафесіі,— са слязамі на вачах гаварыў першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзімір Рылатка…

На сайце тэатра можна прачытаць, што нарадзіўся Аляксандр Касчючэнка ў сям’і педагогаў 9 лютага 1958 года ў вёсцы Вішнева, Валожынскага раёна, але менавіта Мінск стаў для яго родным горадам. Тут ён скончыў мастацкую школу, затым — каледж імя Аляксея Глебава, які, як не раз прызнаваўся Аляксандр Аляксандравіч, стаў для яго трамплінам у прафесію. А прафесія стала яго жыццём… Жаданне тварыць, складаць, працаваць у ім абудзілі яго настаўнікі — Яўген Чамадураў, Май Данцыг, Пётр Крохалеў. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Касцючэнка працаваў у Музычным тэатры… У працы быў вельмі прынцыповым. Некаторыя рэжысёры, магчыма, скажуць, што супрацоўнічаць з Касцючэнкам было цяжка, але абсалютна дакладна — неверагодна цікава. У яго творчасці спалучаліся і аўтар буйной архітэктурнай формы, і тонкі жывапісец, і выдатны вынаходнік з выключна багатай мастацкай фантазіяй. Ён любіў Беларусь і родны Мінск. Быў выдатным таварышам і паплечнікам — і ў радасці, і ў горы. Бясконца любіў жыццё і быў неверагодным аптымістам. І самае галоўнае — ён сапраўды любіў тэатр і быў яму адданы…

Я добра памятаю, як ён патлумачыў, чаму любіць пастэль у фарбах:

— Еду на працу — світанак, дадому — заход сонца…

Пэўна, гэта была крыху праўда, а крыху і жарт, бо ў яго працах ёсць не толькі пастэльныя колеры. Хапае і насычанасці, і яскравых фарбаў. І галоўнае, што ёсць нават у іх прыглушанасці, дык гэта — чысціня.

Дзіўная рэч: чалавек сышоў, а ты ў тое не можаш паверыць. І думаеш пра яго, як пра жывога. Больш таго, як і раней, мы, на днях чакаючы пачатак спектакля «Ваеначальніца сям’і Ян» Пекінскай оперы, які давалі ў Вялікім тэатры ў Дні кітайскай культуры ў Беларусі, па звычцы глядзелі на дзверы службовага ўваходу. Здавалася: яны раскрыюцца і адтуль выйдзе наш Саша…

Але ён цяпер у іншай прасторы. Што адчувае? Ніхто не ведае. Але хочацца верыць: там, дзе ён, шмат чысціні і святла. І творчасць не перапыняецца.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.