Вы тут

Вясковая робататэхніка


«Прывітанне! Я Лёня — праграміст, вучань невялікай сельскай школы.  Мы вельмі часта чуем аб праграмаванні і самі спрабуем ствараць гульні ў праграме Scratch. У нас нават ёсць перамогі на розных конкурсах. Я вельмі хачу вучыцца і далей. Многія мае аднакласнікі мараць стаць праграмістамі і займацца робататэхнікай. Па тэлебачанні мы бачым, як навучэнцы з вялікіх школ ствараюць робатаў з LEGO, а потым іх праграмуюць. Наша вялікая мара — мець такі ж LEGO-набор. Але, на жаль, у школы няма грошай для яго набыцця. Калі ў вашай кампаніі яны ёсць, не маглі б вы падарыць нам адзін такі LEGO-канструктар. У будучым мы станем праграмістамі і таксама будзем рабіць добрыя справы.

З надыходзячым вас Новым годам і Раством! Прыязджайце да нас у госці! У нас ёсць смачныя яблыкі.

Лёня-праграміст, 8 гадоў. Я жыву ў вёсцы Рассвет. Вучуся ў Рассветаўскай сярэдняй школе Клецкага раёна Мінскай вобласці».


Пуцяводны «Меркурый»

Такі ліст напрыканцы мінулага года атрымалі каля ста ІT-кампаній. Іх адрасы другакласнік Лёня разам са сваімі сябрамі знайшоў на сайце ПВТ. «Наіўны хлопчык, які верыць у цуды», — падумалі зараз многія з вас. І дарэмна. Можа быць, адыгралі сваю ролю навагоднія святы, калі хочацца зрабіць штосьці добрае, абавязкова кагосьці парадаваць, а, можа, наіўнасць хлопчыка кранула сэрцы дарослых. Але яго просьба не засталася незаўважанай: у школу сталі тэлефанаваць і пытацца ў кіраўніцтва, чым канкрэтна могуць дапамагчы. У красавіку ў навучальнай установе адкрыўся клас, аснашчаны сучаснай тэхнікай для заняткаў робататэхнікай і праграмаваннем. Больш за тое, Рассветаўская школа займела такога надзейнага сябра, як дырэктар кампаніі Vіzor Games Сяргей БРУЙ. А ў пачатку кастрычніка ў невялікай сельскай установе адукацыі, дзе навучаюцца ўсяго 85 чалавек, адкрыўся STEM-цэнтр, якому могуць пазайздросціць нават самыя крутыя гарадскія школы. З'явіўся ён дзякуючы спонсарскай падтрымцы кампаніі Vіzor Games. «Чаму пашанцавала менавіта ім?» — можа нехта падумаць. Але калі размаўляеш з дырэктарам школы Сяргеем ДУБМАНАМ, то пераконваешся, што нічога выпадковага не бывае...

— Колькі гадоў таму мы з нашымі вучнямі прыехалі ў горад, каб паўдзельнічаць у нейкім конкурсе. І пачулі: «Вёска прыехала», — расказвае Сяргей Леанідавіч. — Шчыра скажу: такая ацэнка мяне моцна зачапіла. А ў чым нашы вучні горшыя за гарадскіх? Падумаў і вырашыў — трэба развіваць інфармацыйныя тэхналогіі, каб ні ў чым не саступаць, бо на «Карветах» і «Нямігах» далёка не паедзеш. Але дзе ўзяць грошы? Так у нас з'явілася школьная бізнес-кампанія «Меркурый». Пачалі вязаць венікі і прадаваць іх калгасу (там яны шмат дзе патрэбныя). Задзейнічаны былі ўсе: ад малодшых да старэйшых школьнікаў. Усе працавалі на адну агульную мэту — стаць найлепшымі! Затым пачалі вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю. У нас у пасёлку шмат немаладых людзей, яны саступалі нам свае ўчасткі, таму што ўжо не было сіл іх апрацоўваць. Мы з удзячнасцю забіралі, а ўзамен забяспечвалі іх неабходнай гароднінай на зіму. Сёння вырошчваем бульбу, моркву, буракі, капусту, цыбулю, таматы, яблыкі, расаду гародніны, кветак і пакаёвых раслін. Сельгаспрадукцыю ў нас закупляюць аздараўленчы летнік, дзіцячы садзік, бальніца. У школы ёсць свой конь, а гэта добрая дапамога па гаспадарцы. Займаемся таксама вытворчасцю дэкаратыўных альтанак, лавак, арак, агароджаў. Ствараем і рэалізуем відэапрадукцыю.

Аляксандра Часнакова і Лёня Фурман: "Мары збываюцца..."

За час існавання бізнес-кампаніі было зароблена больш як дзесяць тысяч рублёў. Сродкі ўкладвалі ў тэхнічнае аснашчэнне школы. Пасля першых перамог на розных конкурсах у дзяцей узнялася самаацэнка. Потым нам стала мала двух-трох-пяці дыпломаў, мы бачылі, што нашы вучні здольныя на большае, пачалі ўдзельнічаць у іншых конкурсах: «Энергамарафон», «Энергія і асяроддзе пражывання», «Тэхнаінтэлект», «100 ідэй для Беларусі», Турніры юных фізікаў і г. д. Некаторыя з іх прыносілі нам не толькі дыпломы пераможцаў, прызёраў і лаўрэатаў, але і грашовыя бонусы. У міжнародным конкурсе «Зялёны сад» прыз склаў 400 рублёў, міжнародным конкурсе школьных праектаў выкарыстання рэсурсаў і энергіі «ШПІРЭ» — 200 еўра. Таксама мы сабралі пяць тысяч шкляных бутэлек, здалі іх і занялі першае месца ў краіне ў конкурсе па зборы другаснай сыравіны. Нам выдзелілі грошы, за якія набылі для школы відэакамеру. Сталі ствараць відэафільмы, удзельнічаць у розных конкурсах і зарабляць на гэтым. Збіралі макулатуру і металалом. Калі купілі ноўтбукі, змаглі ўдзельнічаць ужо у тэхнічных конкурсах, выходзіць на рэспубліканскі і міжнародны ўзровень.

Заўважу, што ў нашу школу падвозяць дзяцей амаль з дзесяці навакольных вёсак. Ёсць і дзеці з Клецка, сваіх з пасёлка Рассвет — толькі пятнаццаць. 90 працэнтаў бацькоў нашых вучняў працуюць на сельгаспрадпрыемствах. Ужо дзесяць гадоў запар мы застаёмся найлепшай школай у раёне. І гэта не выхвальства, а ацэнка работы нашых вучняў і іх педагогаў. У бягучым годзе мы занялі другое месца ў Мінскай вобласці сярод усіх школ. Да гэтага займалі першыя месцы па эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці, што таксама, лічу, немалаважна. Нас ведаюць у краіне, мэта дасягнутая. І калі мы прыязджаем цяпер на нейкі конкурс, тут жа ідзе пагалоска: «Рассвет прыехаў...» З намі сталі лічыцца, мы паказалі і даказалі ўсім, што сельскія дзеці нават з не вельмі забяспечаных сем'яў пры стварэнні пэўнага адукацыйнага асяроддзя могуць дабіцца вялікага поспеху.

З шасці выпускнікоў бягучага года пяцёра паступілі ў ВНУ. Мы ў год заваёўваем на інтэлектуальных конкурсах да ста дыпломаў (на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях).

Жэня Бурак, Лёня Фурман і Ксенія Буката: «Калі першыя робаты ажылі ў нашых руках, мы былі ў захапленні».

Таму што Лёня не здаўся!

Дырэктар Рассветаўскай школы прызнаецца, што яшчэ год таму меў вельмі цьмянае ўяўленне пра робатаў і робататэхніку. Затое цяпер, дзякуючы сваім вучням, стаў вельмі «прасунутым» у гэтым пытанні:

— Наш другакласнік Лёня Фурман, якому прыйшла ідэя напісаць ліст у ІТ-кампаніі, займаўся ў школьным гуртку Scratch-праграмаваннем. І вось ён загарэўся ідэяй: хачу, кажа, сабраць робата, які дапаможа аблегчыць працу маці (яна працуе раздатчыцай на свінакомплексе), бо ў яе рукі вельмі баляць, — расказвае Сяргей Дубман. — Прыходзіць да мяне і кажа: «Сяргей Леанідавіч, давайце купім робата». Я ў адказ: «Якога робата?» Малы адзін раз падыходзіць з гэтым пытаннем, другі. Я зноў кажу: «Грошай няма. Усё, што было зароблена, уклалі ў ноўтбукі, тэлевізары і медыяапраектары». У нас у школе ёсць вай-фай, таму ўся тэхніка можа быць задзейнічана на ўроку. Але Лёня не здаўся. Гляджу — сядзяць мае вучні і штосьці абмяркоўваюць. Пацікавіўся, бо я ж павінен быць у курсе ўсіх спраў (смяецца). Аказалася, «пішуць ліст турэцкаму султану»... Падключылі старэйшых, каб тыя выправілі памылкі. Малыя знайшлі адрасы кампаній на сайце ПВТ. Але ніхто не чакаў, што будзе такі эфект. Я думаю, што па суме ўкладзеных сродкаў з разліку на колькасць вучняў цяпер нашай школе роўных няма (смяецца). А калі кампанія Vіzor Games падтрымала нас адкрыццём STEM-цэнтра, мы ўвогуле былі на сёмым небе...

Па словах Сяргея Дубмана, за межамі Мінска пра STEM-рух чулі не многія. Яшчэ менш людзей разумеюць, навошта дзецям займацца робататэхнікай: «Таму мы загарэліся ідэяй стварыць STEM-цэнтр, які будзе служыць усяму раёну. У маі правялі першы раённы робафестываль, куды запрасілі каля сотні дзяцей з іх бацькамі, каб тыя пабачылі магчымасці робататэхнікі».

Сёння ў Рассветаўскай школе ёсць два маладыя апантаныя педагогі, гатовыя ўвесь свой час траціць на дзяцей. Наталля РАМАНОЎСКАЯ працуе ў пасёлку ўжо чацвёрты год. Яе галоўная спецыялізацыя — педагог-псіхолаг, але пасля заканчэння курсаў яна стала таксама выкладаць дзецям Scratch-праграмаванне. Да яе далучыўся малады настаўнік гісторыі Уладзіслаў БАБІЧ (у школе ён ужо трэці год і сцвярджае, што ўсё яго задавальняе). Пад яго кіраўніцтвам дзеці асвойваюць азы робататэхнікі і Lego-канструявання. Заняткамі ў гуртках і на факультатывах ахоплены практычна ўсе вучні школы. Дарэчы, на Рэспубліканскім конкурсе па Scratch-праграмаванні школьнікі з пасёлка Рассвет атрымалі ў якасці прыза дрон. Цяпер ён задзейнічаны ў здымках фільмаў, якія ствараюцца ў школьным відэацэнтры.

Наталля Раманоўская і Уладзіслаў Бабіч. Без фанатаў-педагогаў нават самае сучаснае тэхнічнае напаўненне пазбаўлена сэнсу.

Каб падхапілі эстафету...

Але STEM-цэнтр — гэта якасна новы ўзровень, і трэба па максімуме рэалізаваць яго адукацыйны патэнцыял. Двое педагогаў-энтузіястаў могуць задаволіць патрэбы вучняў сваёй школы, але не ўсяго раёна, бо ў іх ёсць шмат абавязкаў: трэба рыхтавацца да ўрокаў, займацца класным кіраўніцтвам, пісаць справаздачы....

Кадравая праблема стаіць зараз найбольш востра.

— Як мы збіраемся яе вырашаць? Па суботах пачалі прымаць дзяцей з іншых школ. Яны прыязджаюць разам са сваімі настаўнікамі. Ствараем магчымасці для ўзаемнага навучання і прасоўваем ідэі STEM-адукацыі, — разважае Сяргей Дубман. — За месяц атрымліваецца восем гадзін. За гэты час можна даць толькі базавыя веды, агульнае ўяўленне, што такое робататэхніка. Мы гэта разумеем. Але калі будзе інтарэс, то педагогі могуць падхапіць эстафету ў нашых настаўнікаў... За месяц праз STEM-цэнтр можа прайсці каля 80 вучняў з іншых навучальных устаноў нашага раёна, тым больш што ў нас ёсць свае школьныя аўтобусы. Будзем праводзіць для іх ІТ-канікулы. За год можам ахапіць 1100 дзяцей, вучняў і іх бацькоў. Канешне, усе айцішнікамі не стануць, але мы заўважылі, што робататэхніка і праграмаванне даюць развіццё і па іншых прадметах, той жа матэматыцы, англійскай мове. На жаль, са школьнай праграмы ў дзявятым класе прыбралі «чарчэнне»: без гэтых ведаў немагчыма навучыцца «чытаць чарцяжы»...

— А мы і не ставім задачу — зрабіць усіх праграмістамі. Наша мэта — даць школьнікам сучасныя веды і навыкі, якія будуць затым запатрабаваныя ў любой сферы, якую яны выберуць, — канстатуе дырэктар кампаніі Vіzor Games Сяргей БРУЙ, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця STEM-цэнтра ў Рассветаўскай школе. — Насамрэч, праграмістаў у ІТ-кампаніях працуе няшмат. У нас каля 600 работнікаў, з іх непасрэдна праграмістаў — каля ста. Усе іншыя — гэта мастакі, аналітыкі, адміністратары, спецыялісты ў сферы маркетынгу, сацыяльных праектаў... Сёння мы дапамагаем сельскай школе, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы — і гэта цалкам нармальна. Калі я ў 1996 годзе прыйшоў у Мінскі палац дзяцей і моладзі займацца праграмаваннем, там былі добрыя па тым часе камп'ютары, якія хтосьці для нас набыў, плюс выдатныя педагогі. Можа быць, калі Лёня вырасце, ён таксама падхопіць у нас эстафету?

Цяпер у распараджэнні вучняў адукацыйнага цэнтра 23 ноўтбукі і 26 канструктараў рознай складанасці, пачынаючы ад найпрасцейшых экзэмпляраў, прызначаных для развіцця дробнай маторыкі ў малых, і заканчваючы робатамі са штучным інтэлектам. Ёсць 3D-прынтары, графічныя планшэты, магнітна-маркерныя дошкі...

Школьнікі прадэманстравалі гасцям сабранага ўласнымі рукамі робата-сарціроўшчыка (у шматдзетнай сям'і ён дапамагае раскласці шкарпэткі па парах); робата, які стварае штучны землятрус і можа дапамагчы архітэктарам пры праектаванні дамоў; робата, які падае і змешвае напоі, і іншых.

— Гісторыя з'яўлення SТEM-цэнтра ў Рассветаўскай школе не падобная на гісторыі іншых школ, — канстатуе дырэктар Асацыяцыі «Адукацыя для будучыні» Аляксандр ХОМІЧ. — Год таму мы абвясцілі для ўстаноў адукацыі конкурс «Хачу ў STEM-клас», па выніках якога былі абраныя дзесяць пераможцаў. Абзавесціся сучасным STEM-цэнтрам — цалкам рэальна. Пры садзейнічанні вядучых ІT-кампаній у гарадскіх і сельскіх школах ужо адкрыліся 15 цэнтраў і шэсць адкрыюцца да канца бягучага года.

Фота: кампаніі Vіzor Games.

У найбліжэйшы час будзе абвешчаны старт трэцяга конкурсу. Стаць яго ўдзельнікам можа любая беларуская школа або гімназія, якая пакуль што не мае STEM-цэнтра, аднак гатовая ісці насустрач тэхналагічнай будучыні. Матывацыя педагогаў для нас вельмі важная, бо без фанатаў-педагогаў нават самае сучаснае тэхнічнае напаўненне пазбаўлена сэнсу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і кампаніі Vіzor Games

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?