За школьныя парты 2 верасня селі 115 тысяч першакласнікаў. Свае дзверы для іх адчынілі 8 новых школ: у Мінску, Гродне, Брэсце, Барысаве, Астраўцы і Магілёве. Усяго ж на пачатку новага навучальнага года ў сценах беларускіх школ апынулася 1 мільён 30 тысяч дзяцей.
Дзень ведаў сёлета прыпаў на нядзелю. А значыць, летнія канікулы ў школьнікаў атрымаліся крышку даўжэйшымі. І пакуль дзятва яшчэ дзянёк дагульвала на вуліцы (надвор’е спрыяла), у школах праца кіпела: вывешвалі спісы шматлікіх першакласнікаў, дадавалі апошнія штрыхі да раскладу заняткаў…
Адкрыццё новай школы — асаблівае свята. У гэтым годзе ў Мінску ўпершыню адчынілі свае дзверы школы №2 і №93. У апошнюю з іх на першую лінейку быў запрошаны Прэзідэнт. З такімі словамі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прысутных: «Пачынаецца новы навучальны год — год першы ў гісторыі школы, якую мы ўрачыста адкрываем. Тут усё ўпершыню: першы званок, знаёмства вучняў з настаўнікамі. Тут пачынаецца летапіс школьных будняў на многія дзесяцігоддзі наперад, але вы заўсёды застанецеся ў гісторыі першымі».
Новая школа была пабудавана ў мікрараёне Вялікі лес. Месца знаёмае тым, што ў гэтай частцы Мінска жыве шмат ваенных. У сваім прывітальным слове Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Шмат хто з вашых бацькоў, дарагія школьнікі, прысягнуў на вернасць Радзіме і працягвае слаўную гісторыю герояў вайны ў мірным жыцці». Вучням ён параіў прымусіць сябе прыстойна скончыць школу і атрымаць веды. Бо ў іншым выпадку — будучыні няма. «Сёння жыццё настолькі ўскладнілася, што вам будзе вельмі цяжка быць нават простымі рабочымі. Цяпер новая тэхніка, якую трэба разумець. Напрыклад, калі раней у гаспадарцы мог працаваць той, хто нікому не быў патрэбны (узяў лапату ў рукі — і капай), то сёння такія рабочыя ў сельскай гаспадарцы таксама непатрэбныя. Таму мая вам парада: вазьміце ў школе тое, што вы павінны ўзяць. У кожны перыяд жыцця трэба браць тое, што трэба браць у гэты перыяд. Вазьміце максімум ведаў, на што вы здольныя, і вызначыцеся, чым вы будзеце займацца пасля школы».
У цэлым жа па краіне сярэдніх школ (далей — СШ) — крыху больш за тры тысячы.
А як ідуць справы ў тых, да якіх не прыкавана вялікая ўвага грамадскасці? Чым жыве «звычайная» сярэдняя школа, пабудаваная яшчэ ў мінулым стагоддзі? Я вырашыла тое высветліць і напрасілася на размову да дырэктара менавіта такой: СШ № 191 у мінскім мікрараёне Уручча.
На ўваходзе сустрэў ахоўнік: «Вы да каго? Запішыцеся ў журнал наведванняў». Справа і злева ўздоўж сцен бачу новенькія дзверы раздзявалак, пафарбаваныя ў яркія пазітыўныя колеры. Сімпатычна! Далей па калідоры — сталовая, побач стаяць белыя рукамыйнікі, а насупраць — стэлажы, куды можна пакласці партфель, каб не цягнуць яго ў сталовую. На кожным лесвічным пралёце дзяжураць старшакласнікі з бэйджамі.
Нарэшце, я ў кабінеце дырэктара — Юліі Ільінічны Пінчук. Яна шчодра дзеліцца сваім шматгадовым досведам і распавядае, як арганізоўваць вялікую плынь дзяцей, не толькі навучыць іх добра лічыць і пісаць, але і адкрываць таленты, накіроўваць на правільны шлях, прывіваць важныя сямейныя каштоўнасці, любоў да Радзімы. Пра тое неаднаразова казаў і Кіраўнік дзяржавы: «З дзіцячага садка, з першага класа школы дзецям трэба прывіваць гонар за сваю краіну. У гэтым павінны ўдзельнічаць ўсе — і ўлада, і школа, і сям’я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні. Наша задача — даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння — мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць шанаваць гэта».
***
— Юлія Ільінічна, колькі да вас прыйшло першакласнікаў? І колькі ўсяго вучняў у вашай школе?
— Мы адкрылі пяць першых класаў, у кожным — больш за 30 вучняў. Атрымліваецца, 160 дзяцей, а ўсяго ў гэтым годзе — 1250.
— Можаце на вуліцы пазнаць «свайго» школьніка?
— Большасць дзяцей — так, зрокава ведаю. Я вяду прадмет «Мастацтва» ў пятых класах. Яны ўсе праходзяць праз мяне. Так і знаёмлюся з кожным вучнем, назіраю за ім на працягу года. Атрымліваецца, ведаю амаль усю школу.
— Разумею, што вы па адукацыі — педагог…
— Я настаўніца пачатковых класаў. А гэта ўсё, уключаючы выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне і шмат чаго яшчэ. Скончыла Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж, Брэсцкі дзяржуніверсітэт імя А. С. Пушкіна, прайшла перападрыхтоўку на базе Белдзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці менеджмент у сферы адукацыі. Лічу, што для кіраўніка гэта — самы аптымальны варыянт, бо настаўнік пачатковых класаў ведае методыку і структуру ўсіх прадметаў. Я магу весці ўрок матэматыкі, бо ведаю этапы работы над задачай. Або ўрок літаратуры і працаваць над тэкстам. Магу прыйсці на фізкультуру: ведаю, як пабудаваць занятак, якой павінна быць шчыльнасць урока..
— Заўсёды хацелі працаваць у сферы адукацыі ці былі нейкія іншыя планы на будучыню?
— Я скончыла педвучылішча ў 18 гадоў і адразу пайшла працаваць у школу. Быў момант у жыцці, калі разважала, што далей рабіць. У мяне муж — вайсковец. Мы з Баранавічаў пераехалі ў Мінск у 2005‑м годзе, і было не так проста знайсці працу. Тады я пачала разважаць, што, можа, трэба нешта ў жыцці мяняць. Хадзіла па ўстановах адукацыі ў пошуках працы, хоць была ўжо выкладчыцай першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Неяк, памятаю, заходжу ў школу і чую пах свежай фарбы: школы звычайна летам рамантуюць, абнаўляюць да навучальнага года. Мяне такая настальгія апанавала! Потым нават страшна стала, што я наогул не выйду нікуды ў верасні. На шчасце, 18-я мінская гімназія для мяне адчыніла свае дзверы. Спачатку я працавала там 2 гады выхавальніцай у групе падоўжанага дня, потым настаўніцай пачатковых класаў, потым намеснікам дырэктара.
— Цяпер вы — дырэктар. Можаце сказаць, што 191‑я школа нечым адметная?
— Вядома, як і любая іншая. У кожнай ёсць нешта сваё. Мы арыентаваны на паглыбленае вывучэнне фізікі і матэматыкі, а неўзабаве дадасца інфарматыка. І па выніках мінулага навучальнага года наша школа ўвайшла ў пяцёрку лепшых у Першамайскім раёне Мінска па выніках ЦТ. (ЦТ — Цэнтралізаванае тэставанне — уступныя выпрабаванні, арганізаваныя ў форме тэстаў. Па выніках тэставання ўдзельнікі ЦТ набіраюць балы, якія затым «канверсуюцца» ў шкалу ацэнак. 100 — максімальны бал. — Аўт.) Супрацоўнічаем з Белдзяржуніверсітэтам інфарматыкі ды радыёэлектронікі: на базе школы ёсць гарадскі лагер па робататэхніцы ды інфармацыйных тэхналогіях. З механіка-матэматычным факультэтам Белдзяржуніверсітэта таксама цесны кантакт, дакладней з іх «Юні-цэнтрам — ХХІ», які рыхтуе будучых матэматыкаў, фізікаў, інфарматыкаў: там займаюцца з дзецьмі, пачынаючы з пятага класа. Ну, і галоўнае, вядома, гэта наш педсастаў, у які ўваходзяць моцныя настаўнікі. Напрыклад, інфарматыку выкладае Алена Арнольдаўна Лябецкая. Яна «выгадавала» нямала лаўрэатаў спецфонду Прэзідэнта (Спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. — Аўт.). «Стобальнікаў» па ЦТ па англійскай мове ў нас рыхтуе Ларыса Анатолеўна Аксеневіч. Вельмі моцная настаўніца рускай мовы — Ірына Віктараўна Моніч. Яна вядзе курсы па падрыхтоўцы да ЦТ, і да яе нават прыязджаюць дзеці з іншых раёнаў. Ірына Віктараўна часта прымае ўдзел у міжнародных канферэнцыях, чытае лекцыі ў Санкт-Пецярбургскай Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А якія ў яе цікавыя ўрокі! Заўсёды бачна, калі чалавек любіць сваю працу. Я і сама вельмі захоплена сваёй справай. Мне нават дачка часта кажа: «Мама, а мы можам пагаварыць пра што-небудзь акрамя 191‑й школы?»
— З якімі праблемамі часцей маеце справу на рабоце?
— Не скажу, што ёсць нейкія праблемы, хутчэй — асаблівасці працы. Напрыклад, часта мне даводзіцца злучаць розныя рэчы. З аднаго боку, я павінна ўсё разумець у педагогіцы, хадзіць на ўрокі да настаўнікаў, даваць парады і дапамагаць ім у падрыхтоўцы да педагагічных конкурсаў, а з другога — я адказная за гаспадарчую дзейнасць. Павінна разумець, да прыкладу, як адбываюцца дзяржзакупкі. Бывае, уся ў думках пра высокае: планую сцэнар выпускнога балю, а тут, напрыклад, да мяне заходзіць намеснік па гаспадарчай частцы і прапануе падумаць, як пакласці руберойд. Яшчэ праца з людзьмі — гэта заўсёды складана, чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Нават цяпер, бачыце, мы з вамі размаўляем, а ў прыёмнай ужо наведнік «выносіць» дзверы, патрабуючы вырашыць яго пытанне пра харчаванне. І гэта пры тым, што прыёмны час у мяне сёння пачнецца праз паўгадзіны. Але я разумею: калі наведнік прайшоў этап зносін з настаўнікам, з іншымі бацькамі, з намеснікам і дайшоў да мяне, значыць, ён можа быць ужо, як кажуць, на грані. І тады мне прыходзіцца часам не проста вырашаць праблему, а цярпліва выслухоўваць, як псіхатэрапеўт, чакаць, пакуль ён «вылье мне душу», пералічыць усе свае праблемы. Жаночы калектыў — яшчэ адна тэма. Тут усялякае здараецца. Спадзяюся, разумееце мяне.
— Яшчэ як разумею! А вы лічыце праблемай недахоп мужчын-педагогаў?
— Тут сітуацыя неадназначная. З аднаго боку, я разумею, што дзецям неабходна мужчынскае выхаванне, але з другога — нашы жанчыны прывыклі так добра працаваць! Калі параўноўваць, то жанчына больш скрупулёзная і адказная, гатовая працаваць звышурочна. А мужчыны больш шчадна расходуюць свой час.
— Вы расказалі пра «сеансы псіхатэрапіі» з дарослымі. А бывалі выпадкі, калі даводзілася гаварыць па душах з дзіцем, падлеткам?
— Так, асабліва ў першы год, калі я толькі прыйшла ў школу. Шмат розных сітуацый было. Памятаю дзяўчынку, якая адмаўлялася ісці на выпускны баль. Бацькі, настаўнікі не маглі ўгаварыць, не разумелі, у чым справа. Аказалася, яна сябе лічыла залішне поўнай для таго, каб надзець вячэрнюю сукенку. Была перакананая, што ёй нічога не падыдзе. У выніку мы разам знайшлі ў інтэрнэце розныя варыянты, як можна прыгожа апрануцца на свята.
— Як змагаецеся са шкоднымі звычкамі ў сваіх падапечных?
— Я, вядома ж, далёкая ад думкі, што ўсе нашы вучні вядуць здаровы лад жыцця, але, прынамсі, у школе ніхто не хуліганіць і не курыць. У нас ёсць відэакамеры, пра гэта ўсе ведаюць. Вылічыць чалавека, які зрабіў нешта кепскае, вельмі лёгка. На вуліцу на працягу вучэбнага дня дзеці таксама выйсці не могуць — школа зачынена.
— А калі кнігу дома забыўся?..
— Цяпер ёсць электронныя падручнікі. У рэшце рэшт, старонку раздрукаваў або хтосьці падзяліўся — няма праблемы.
— Дарэчы пра гаджэты… Пра тое, наколькі яны бываюць шкодныя, кажуць шмат. А ў чым іх карысць, як па-вашаму?
— Першае, што я зрабіла, стаўшы дырэктарам, гэта правяла лакальную сетку. Так што ў нас ёсць інтэрнэт ва ўсіх кабінетах. У кожнага настаўніка — свой камп’ютар. Гэта вялікі плюс, бо я ведаю школы, дзе ўвялі электронны дзённік, але для таго, каб яго запоўніць, настаўнікі павінны ісці ў бібліятэку або кудысьці яшчэ. У нас ёсць электронны журнал, і кожны з бацькоў можа дыстанцыйна ў любую хвіліну ў яго зазірнуць хоць бы для таго, каб вызначыць, на якім узроўні ў параўнанні з іншымі дзецьмі яго сын альбо дачка засвойвае школьную праграму. Тое ж датычыцца і электроннага дзённіка. Ведаеце, я была здзіўленая ў мінулым годзе, калі па выніках бацькоўскага апытання высветлілася, што многія супраць гэтага новаўвядзення. Але ж сёння ХХІ стагоддзе, і мець аператыўную інфармацыю, бачыць, што твайго дзіця няма ў школе (таму што ў журнале адзначаюцца пропускі) — гэта ж вельмі важна! Ды, на жаль, некаторым выходзіць з зоны камфорту вельмі цяжка.
— А прапускную сістэму будзеце рабіць?
— Ідэя добрая, але ў межах нашага невялікага фае… 1250 вучняў раніцай ля ўваходу ў школу — уявіце сабе стоўпатварэнне! Але прынцыпова мне гэта падабаецца. У Маскве такая сістэма добра адладжаная. Напрыклад, у 8 раніцы пачынаюцца ўрокі, а ў 8.15 ужо ёсць інфармацыя ў бацькоў, чые дзеці не з’явіліся на заняткі. Гэта спрошчвае і ўлік заявак на харчаванне: кожны дзень мы збіраем інфармацыю, колькі чалавек прыйдзе ў сталовую.
— Неяк я бачыла ў тэленавінах сюжэт пра вашу школу. Дакладней, пра эксперыментальнае харчаванне. Раскажыце, калі ласка, больш пра гэты досвед.
— Справа ў тым, што Камбінат школьнага харчавання, які ёсць у кожным раёне, сумесна з Цэнтрам гігіены перыядычна распрацоўвае рэцэпты новых страў. Спачатку яны апрабуюцца ў некаторых школах. Мы — адна з такіх эксперыментальных пляцовак. Так што ў нас перыядычна з’яўляюцца кукурузныя кашы «Сонейка», шашлычкі на шпажках і нават кебаб. Усё — для таго, каб накарміць школьніка. А зрабіць гэта сёння вельмі складана. Некаторыя, напрыклад, адмаўляюцца нават каштаваць банальную катлету. Чаму? Дома яны такога не ядуць…
— А што ядуць?
— Фаст-фуд, піцу, сасіскі, каўбасы… Вы разумееце маштаб праблемы? Вельмі часта бацькі пішуць адмову ад харчавання, каб зэканоміць грошы. У выніку дзіця ідзе ў бліжэйшы магазін і купляе чыпсы. Таму наша загадчыца вытворчасці сталовай Наталля Фёдараўна Гарбацюк — дзякуй ёй вялікі! — перыядычна запрашае бацькоў, распавядае ім, з чаго зроблена тая ці іншая катлета, дае пакаштаваць… Пасля такіх дэгустацый сітуацыя, як правіла, змяняецца ў лепшы бок.
— Колькі часу, па-вашаму, павінна займаць школа ў жыцці дзіцяці?
— Ведаеце, я часта езджу па камандзіроўках, знаходжуся ў гарадскіх і рэспубліканскіх клубах дырэктараў. Там мы ўсё гэта, вядома ж, абмяркоўваем. Дык вось, у Расіі, напрыклад, актыўна папулярызуецца школа поўнага дня. Яны ганарацца тым, што дзіця можа знайсці сабе занятак у сценах школы з раніцы да вечара. Калі я над тым стала разважаць, то зразумела: мы ўжо даўно жывем, як такая школа. У нас велізарная колькасць аб’яднанняў па інтарэсах (раней яны зваліся гурткі): мяккая цацка, розныя спартыўныя секцыі (баскетбол, тэніс, вольная барацьба, каратэ), тэатральная, танцавальная, вакальная студыі, выяўленчае мастацтва… Дзецям заўсёды ёсць чым сябе заняць. Гэта і для іх добра, не трэба па дварах чужых блукаць, і для нас — настаўнікаў. Мы ж бачым, хто да чаго схільны, потым падчас урокаў ужо ведаем, з кім як размаўляць, якія здольнасці развіваць далей. І для бацькоў плюс, бо дзіця заўсёды пад наглядам.
— У вас яшчэ ёсць праваслаўны «гурток»…
— Так. Чаму ён узнік? Неяк мы праводзілі анкетаванне, каб даведацца, якое веравызнанне ў нашых дзетак, якія традыцыі ў сям’і шануюцца, якія святы… Высветлілася, што большая частка ў нас — хрысціяне, прычым праваслаўныя. Яны адзначаюць Каляды, Вялікдзень, Вадохрышча… І тады я, мой намеснік па выхаваўчай рабоце і педагог-псіхолаг падалі дакументы на грант у Мінгарвыканкам, напісаўшы праект «Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і школы на аснове праваслаўных традыцый». Гэта было ў 2015‑м. Грант выйгралі, на нашай базе адкрылі Рэсурсны цэнтр па сямейным і гендэрным выхаванні. У якасці педагогаў мы запрасілі выпускнікоў Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Белдзяржуніверсітэта. Пра гурток, дарэчы, таксама па тэлебачанні паказвалі, яго вяла Лізавета Ліпай. А потым мы вырашылі арганізаваць у рамках Рэсурснага цэнтра Міжнародны фестываль сям’і. Ён ужо двойчы праходзіў, удзельнікі былі з розных краін: Расіі, Кітая, Узбекістана, Казахстана. Яны дэманстравалі сваю культуру, нацыянальныя сямейныя традыцыі. Прыязджала шматдзетная сям’я з Фаніпаля, і яшчэ адна — з месячным дзіцем. Яго мама нам абяцала кожны год прыязджаць, бо немаўля — аднагодак фестывалю, жартавала, што яно будзе яго сімвалам.
— У мінулым годзе вы прапанавалі ўвесці ў школе абавязковае навучанне кітайскай мове. Як бацькі ўспрынялі гэтую ідэю?
— Мы знайшлі носьбіта мовы-альтруіста. Хлопец скончыў філфак БДУ, жыве ў Беларусі. Вельмі хацелася яму выкладаць. Зразумела, настаўнікаў рускай мовы ў нас хапае, але яму было мала перакладчыцкай дзейнасці ў розных фірмах. Таму вырашыў на добраахвотных пачатках навучаць нашых хлопцаў і дзяўчат кітайскай мове. Дарэчы, да яго на заняткі нашыя педагогі хадзілі. Ну, а прапанову замяніць абавязковую англійскую мову кітайскай бацькі не падтрымалі. Зона камфорту, самі разумееце…
— Цяпер модна ўсебакова развіваць дзіця: курсы акцёрскага майстэрства, лепка, скрапбукінг, ушу, танцы, плаванне… У некаторых кожны дзень распісаны па хвілінах. Як вы ставіцеся да такой звышзагрузкі сучасных школьнікаў?
— Калі яго загружаюць з мэтай пазбавіць ад «дурных» думак, то яны ўсё роўна застануцца ў дзіцячай галаве. Калі ёсць жаданне пра нешта даведацца, ён пра гэта даведаецца і паспрабуе. Таму дадатковыя заняткі — не панацэя ад праблем. Але займаць дзяцей усё роўна трэба. Мне здаецца, у гэтым узросце яны павінны ўсё паспрабаваць, каб зразумець, да чаго ёсць цікавасць, схільнасці. Калі ў мяне дачка была маленькая, яе таксама ўсюды вадзіла і вазіла. Не для таго, каб яе хоць чым заняць, а проста выявіць здольнасці. Схадзілі, паглядзелі… Я не прыхільніца даводзіць пачатае да канца ў загадным парадку. Хіба што растлумачыць, пераканаць, не настойваючы на сваім.
— А першы клас рабіць з фізіка-матэматычным ухілам ці не рана?
— Я ўжо казала, што ў нас на павышаным узроўні вывучаецца матэматыка, фізіка, інфарматыка, што мы супрацоўнічаем з БДУІР. Але, пагадзіцеся, дакладныя навукі — складаныя. І мы доўга думалі: як гадаваць матэматыка, фізіка? Рэзка з пятага класа даць паглыбленае вывучэнне дакладных навук — гэта цяжка: мозг не падрыхтаваны. Мысленне павінна быць нестандартнае. А значыць, яго трэба «наладзіць» загадзя. Калі? Самы сензітыўны перыяд у дзяцей — пачатковыя класы. Каб нашы дзеці бачылі шляхі вырашэння задач не так, як іх бачыць «звычайны» чалавек, вырашылі для іх увесці факультатывы, дадатковыя заняткі накшталт «Логіка», «Робататэхніка», дзе ў форме гульні, праз простыя заданні можна было б закладваць аснову лагічнага мыслення.
— Чаму самаму галоўнаму павінна навучыць школа?
— Жыць у грамадстве, сацыялізавацца. Цяпер мода на індывідуальнае навучанне. І часам здаецца, што некаторыя бацькі жывуць толькі ў віртуальным свеце: на форумах, у чатах. Там ім хто-небудзь што-небудзь сказаў, параіў… Вы яго не бачылі, не ведаеце, хто хаваецца пад выдуманым імем. Як можна кіравацца яго меркаваннем? Ну, перавялі дзіця на індывідуальнае навучанне. А далей што? Яму ж потым усё роўна прыйдзецца на працу хадзіць, а сацыяльныя навыкі страчаныя. Дзіця павінна прайсці ўсе этапы: калі нехта ў класе становіцца лідарам, а ты сваё лідарства страціў, калі вымушаны супрацоўнічаць з тым, хто табе не вельмі прыемны… Гэтаму школа і вучыць. Напрыклад, сярод педагогаў ёсць меркаванне, што самы складаны клас — восьмы, хоць цяпер ужо часцей пагаворваем пра сёмы. Падлеткі ў гэтым узросце жадаюць быць лідарамі, псіхалагічна складана выбудоўваюць узаемаадносіны. Яны ўсе нервовыя, напружаныя, дзеляць месца пад сонцам, фармуюць свае малыя групы. А як падлетак, седзячы дома, гэта ўсё пройдзе? На жаль, такія бацькі знаходзяцца ў ілюзіі, пазбаўляючы сваё дзіця магчымасці зносін. А, можа быць, у будучыні сын іх ці дачка абралі б для сябе працу з людзьмі?..
— А наколькі моцна школа можа ці павінна ўплываць на выхаванне падлетка? Яе роля другарадная ў параўнанні з «законамі сям’і» або яна дзеліць папалам гэтую місію?
— Школа ўплывае на дзіця праз сям’ю. У ідэале сям’я (маці, бацька) сама павінна прыйсці ў школу: прымаць удзел у агульных мерапрыемствах, мець зносіны з настаўнікамі, хадзіць усім класам у тэатры, паходы. Мы пастаянна стымулюем такія зносіны. У школе і дома павінна быць адзіная пазіцыя, як сябе трэба весці. Але школай нельга падмяніць сям’ю.
— Ведаю прыклады, калі бацькі негатыўна ставяцца да так званага актыўнага ўдзелу школы ў жыцці сям’і. Напрыклад, не любяць, калі настаўнік прыходзіць дадому да вучняў, нават не пускаюць яго на парог...
— А як пазнаёміцца? Бывае, маеш зносіны з мамай — адно ўяўленне, а прыходзіш дадому — зусім іншае. Так заўсёды было. Я памятаю, як прыходзіла да нас мая першая настаўніца. Мы яе так чакалі! Мне хацелася паказаць свой пакой, расказаць пра сябе і сваю сям’ю.
— Але цяпер грамадскасць на гэтым робіць іншы акцэнт. Маўляў, лезуць не ў сваю справу, вышукваюць недахопы, каб потым паведаміць пра іх у сацслужбы…
— Калі дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, напрыклад, яго бацькі былі заўважаныя ў алкагольным альбо наркатычным ап’яненні, вядома, паўстане пытанне, а ці ёсць яму што паесці наогул? Паўтару, цяпер усё так жа, як і раней. Проста тады не было інтэрнэту. І каб нешта абмеркаваць, трэба было хаця б спусціцца на пару паверхаў ніжэй, да суседкі. А цяпер усё мусіруецца з дапамогай сацсетак і форумаў.
— Юлія Ільінічна, у сферы адукацыі вы 18 гадоў. У цэлым, дзеці змяніліся за гэты час?
— Сучасныя дзеці — яны ўсё роўна дзеці. Робяць памылкі ды ўпэўненыя, што дарослыя іх не разумеюць. Але калі я ў 1994‑м набірала свой першы клас, тыя хлопчыкі ды дзяўчынкі глядзелі на мяне як на абсалютны бясспрэчны аўтарытэт. І калі б я на белае сказала чорнае, яны б паверылі. Цяпер у дзяцей вялікі доступ да інфармацыі, яны шмат чаго ведаюць, не баяцца ўступаць з настаўнікамі ў дыскусіі, правяраюць нашу падкаванасць. У мяне быў такі выпадак. На ўроку «Мастацтва» гутарка зайшла пра трагедыю Хірасімы і Нагасакі, я распавядала пра дзяўчынку, якая рабіла папяровых жураўлікаў. Вяла гэты прадмет не першы год. Дзеці заўсёды спакойна ўспрымалі новую інфармацыю, але ў мінулым годзе быў хлопчык, які стаў мне эмацыйна расказваць пра тое, што яны з татам ужо абмяркоўвалі гэтую тэму. Казаў: «Японія гатовая была ўжо падпісаць перамір’е, але ЗША ўсё роўна скінулі на іх бомбы…» То бок інфармацыі, якую дае настаўнік, для іх ужо недастаткова. У дзяцей настолькі шырокія магчымасці чытаць, глядзець, абмяркоўваць!.. І тут функцыя настаўніка зводзіцца не столькі да таго, каб распавесці пра нешта новае, колькі навучыць адсяваць інфармацыю, не прымаць за догму чыйсьці, магчыма, памылковы пункт гледжання. Дзеці гэтага рабіць не ўмеюць.
— Вы хацелі б нешта змяніць у сваёй школе, у сістэме адукацыі?
— Я не прыхільніца супер-рэформаў. Мне хочацца, каб людзі, якія прыходзяць у школу, былі неабыякавыя. Каб ім хацелася працаваць. У гэтым плане я люблю маладых спецыялістаў: у іх ёсць ідэі, яны «гараць». Я заўсёды іх падтрымаю, а памылак не дапускае толькі той, хто нічога не робіць. Я часам чую крытыку пра нашу сістэму адукацыі. Але ж яна выконвае самую галоўную функцыю: даступная ўсім! Не ведаю чалавека, які хацеў бы вучыцца, а яму не далі. Калі ты хочаш, можаш паступіць у ВНУ, не прайшоў на бясплатнае — паступіш на платнае. Не прайшоў на платнае — можаш завочна вучыцца. Атрымаў адну адукацыю, можаш пайсці на перападрыхтоўку ці атрымаць другую адукацыю. Цяпер адчынены ўсе дзверы! Вось нехта кажа, што наша адукацыя дрэнная — але ж яна цэніцца за мяжой! У мяне ёсць шмат знаёмых, якія з’ехалі ў іншыя краіны, і яны там запатрабаваныя спецыялісты-настаўнікі. Калі ты хочаш — сябе рэалізуеш. Кажуць, праграмы ў нас дрэнныя… Але, пагадзіцеся, вельмі важная асоба педагога. Мне, напрыклад, заўсёды хапала тлумачэнняў настаўніка на ўроку. Нават не трэба было дома падручнік разгортваць. Пра іх таксама кажуць — маўляў, кепскія. Ну, калі настаўнік ведае свой прадмет на ўзроўні падручніка — тады гэта, вядома, дрэнна. Але калі ён можа зацікавіць, тады досыць некалькіх паметак у канспекце — матэрыял добра засвоіцца.
— Настаўнікі, якія тлумачаць свой прадмет так, што «дамашку» не трэба рабіць, — бываюць?
— Пэўна, бываюць. Але дома вучню працаваць усё адно давядзецца. Некаторыя просяць: дайце нам добрага далікатнага настаўніка, каб ён у форме гульні ўклаў у нас веданне, і пры гэтым нічога не даводзілася б самому вучыць. Але, дарагія мае, вы замежную мову, да прыкладу, так не вывучыце! Усё роўна словы прыйдзецца кожны дзень «зубрыць». Таму ўсім сваім вучням, а таксама калегам, настаўнікам я жадаю працавітасці, настойлівасці і цярпення!
Гутарыла Аліса Гюнгер.
Фота аўтара.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!