У Мінску прайшоў чатырнаццаты Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Прывітальнае слова яго ўдзельнікам накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Мінчане ўпершыню змаглі ўбачыць 9 кастрычніка ў Белдзяржфілармоніі ўнікальнае галаграфічнае шоу. Тое была своеасаблівая візуалізацыя камерных сімфоній Мечыслава Вайнберга, прымеркаваная да 100-годдзя кампазітара. Міжнародны аркестр “East-West Chamber Orchestra” пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера выконваў творы нашага земляка ўнутры сімвалічных праекцый у прасторы. Тэхналогія візуалізацыі музыкі PepperScrіm заварожвае. Я сядзела ў зале — і падавалася: кожная нота сімфоніі адклікаецца ў душы. Канцэрт называўся “Візуалізацыя. Музыка і гісторыя”. У той жа дзень у філармоніі на скрыпцы італьянскага майстра Нікола Гальяна, вучня Страдзівары, сыграла разам з аркестрам “East-West Chamber Orchestra” тытулаваная іспанская скрыпачка Ляціцыя Марэна. Яна заваявала публіку выкананнем танга “Поры года” Астора П’яцола.
Міжнародны фестываль Юрыя Башмета — доўгатэрміновая культурная акцыя, праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. На фэсце паядноўваюцца творчыя сілы Беларусі, Расіі ды іншых краін, а дэманструецца публіцы ўсё самае каштоўнае, што нясе ў сабе кожная з нацыянальных культур. Нагадаем, што знакаміты расійскі альтыст Юрый Башмет даказаў усяму свету, што альт — інструмент, з якім можна паспяхова саліраваць. Ён дырыжор, педагог, заснавальнік камернага ансамбля “Салісты Масквы”.
Бліскучыя музыканты з розных краін прыехалі ў Беларусь па запрашэнні мастацкага кіраўніка фестывалю, беларускага піяніста й дырыжора Расціслава Крымера. Як заўсёды, былі сусветныя прэм’еры, праекты ў незвычайным фармаце. Перад слухачамі выступілі зоркі класічнай музыкі. Сюрпрызам для меламанаў стала тое, што сталіцу ўпершыню наведаў Лонданскі Каралеўскі Філарманічны Аркестр. 80 музыкантаў спецыяльна прыляцелі ў Мінск на адзін дзень для ўдзелу ў фэсце. У Палацы Рэспублікі яны гралі шэдэўры сусветнай класікі: творы Людвіга ван Бетховена, Франца Ліста ды Іаганеса Брамса.
З вядомым піяністам і кампазітарам Фазылам Саем (Турцыя) таксама сыграў аркестр “East-West Chamber Orchestra”. Гучала музыка Вольфганга Моцарта. Фазыл Сай агучыў і ўласныя творы ў канцэрце “Шаўковы шлях”. Імпрэза ладзілася пры падтрымцы Амбасады Турцыі ў Беларусі. Ганаровым госцем Вечара прэм’ер сучаснай класікі стаў легендарны кампазітар з Эстоніі Эркі-Свен Цюйр, якому садзейнічала Мінкультуры Беларусі. На сцэну Вялікай залы Белдзяржфілармоніі выйшаў і расійскі піяніст Барыс Беразоўскі. Яму ўласціва фенаменальная віртуознасць, свежая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох і стыляў. У Мінску піяніст граў музыку Марыса Равеля, Клода Дзебюсі, Ігара Стравінскага і Сяргея Пракоф’ева. Канцэрт ладзіўся пры падтрымцы Мінкультуры Расіі.
Самай моднай версіяй фестывалю стала Ноч класікі ў сталічным метро з 5 на 6 кастрычніка. Гледачы сабраліся ў дзве гадзіны ночы (!) на пероне станцыі “Пятроўшчына”: каб паслухаць класічную музыку ў выкананні камернага аркестра пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Быў і Бэбі-канцэрт: у канцэртнай зале “Верхні горад”. Вось такі падарунак для дзяцей ды іх мам, а таксама для цяжарных жанчын. Паколькі вучоныя заўважылі асаблівае ўздзеянне музыкі Вольфганга Моцарта нават на тых з нас, хто толькі рухаецца ў гэты свет, жыве ўнутры будучай мамы, то й канцэрт “Музыка Твайго Сэрца” складаўся менавіта з твораў гэтага кампазітара. У зале “Верхні горад” зладзілі й гала-канцэрт таленавітых маладых музыкантаў, лаўрэатаў буйных міжнародных конкурсаў з Латвіі, Італіі, Арменіі ды Беларусі пад назвай “Артысты XXІ стагоддзя”.
Урачыстае закрыццё фестывалю прайшло 12 кастрычніка ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Выступаў уладальнік прэміі “Грэмі” камерны ансамбль “Салісты Масквы” пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета ды іншыя. Юрый Башмет, як звычайна, саліраваў на альце.
Ганна Лагун
Велізарнае пачуццё адказнасці за будучае краіны.
Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.