Па запрашэнні беларускіх уладаў назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ адкрылі місію па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце АБСЕ.
Місія, якую ўзначальвае Карнелія Вільямін Анке Ёнкер, складаецца з асноўнай групы ў складзе 11 экспертаў, якія знаходзяцца ў Мінску, і 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць працаваць па ўсёй краіне з 23 кастрычніка. Акрамя таго, чакаецца, што дзяржавы — удзельніцы АБСЕ накіруюць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыедуць у нашу краіну за некалькі дзён да выбараў.
Місія ацэніць правядзенне выбараў на адпаведнасць абавязацельствам у рамках АБСЕ і іншым міжнародным абавязацельствам і стандартам дэмакратычных выбараў, а таксама нацыянальнаму заканадаўству.
Неад'емнай часткай назірання стануць сустрэчы з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый, грамадскай супольнасці, сродкаў масавай інфармацыі і міжнароднай супольнасці.
У прыватнасці, кіраўнік місіі БДІПЧ ужо сустракалася з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Алегам Краўчанкам. Бакі абмеркавалі пытанні, звязаныя з арганізацыяй міжнароднага назірання па лініі БДІПЧ.
Назіральнікі ад Савета Еўропы плануюць прыехаць на выбары ў Беларусь 13 лістапада.
Пра гэта журналістам паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна праінфармавала, што Савет Еўропы паведаміў беларускаму боку аб накіраванні місіі назіральнікаў: «Місія ад іх таксама будзе. Яна мае намер прыехаць 13 лістапада».
Дарэчы, 15 кастрычніка кіраўніцтва ЦВК сустракалася з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Карнэліяй Вільямін Анке Ёнкер. «Мы паведамілі, што адбывалася падчас выбарчай кампаніі з моманту прызначэння выбараў. Гэта была інфармацыйная сустрэча, дзе мы падалі звесткі і выдалі пасведчанні», — адзначыла Лідзія Ярмошына.
У склад першай пастаяннай місіі ад БДІПЧ АБСЕ ўключана больш за 30 чалавек. «Гэта тыя, хто будзе працаваць да пачатку галасавання. Асноўная місія БДІПЧ АБСЕ прыедзе 13—15 лістапада», — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.
Па звестках на 14 кастрычніка, акрэдытацыю на парламенцкіх выбарах у Беларусі атрымалі 326 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку 278 чалавек ад СНД, 42 — ад БДІПЧ АБСЕ.
Місія СНД адзначае спакойны і планамерны ход падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў.
Аб гэтым журналістам паведаміў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.
Назіральнікі ад СНД пачалі работу 4 верасня. На базе Выканаўчага камітэта СНД быў створаны штаб, начальнік і члены якога ўжо сустракаліся з прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага суда, міністэрстваў замежных спраў, унутраных спраў. Абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў. Місія знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, члены штаба прысутнічаюць на ўсіх пасяджэннях ЦВК. Акрамя таго, прадстаўнікі місіі назіральнікаў СНД — а яны прадстаўляюць розныя дзяржавы — пабывалі ўжо ва ўсіх абласцях Беларусі, дзе назіралі за падрыхтоўкай да выбараў.
«Нас радуе спакойны, планамерны ход падрыхтоўкі да выбараў», — сказаў Сяргей Лебедзеў.
Місія СНД канстатуе вялікую ўвагу з боку ўсіх структур улады Беларусі да падрыхтоўкі да выбараў. Агульная задача, пастаўленая на самым высокім узроўні, — забяспечыць годнае іх правядзенне, права грамадзян Беларусі на свабоднае волевыяўленне.
Вядзецца рэгістрацыя назіральнікаў ад СНД. Заяўкі паступаюць ад усіх дзяржаў-членаў. «Ужо цяпер зарэгістравана 302 назіральнікі з краін Садружнасці, якія пачнуць назіранне напярэдадні выбараў. Яны звычайна прыязджаюць дні за тры-чатыры. Мы лічым, што агульная колькасць нашай місіі складзе прыкладна 400 чалавек», — сказаў Сяргей Лебедзеў.
У склад місіі ўключаны дэпутаты парламентаў краін Садружнасці, прадстаўнікі ЦВК, дыпламаты краін СНД, акрэдытаваныя ў Мінску.
«Ніякай інфармацыі аб скаргах у пракуратуру, МУС, з якімі мы ў цесным кантакце, пакуль не атрымлівалі. Але мы сочым за сітуацыяй. Натуральна, калі з'явяцца нейкія скаргі, будзем іх фіксаваць. А рэагаваць будуць адпаведныя органы Беларусі», — адзначыў Сяргей Лебедзеў.
Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада.
Паводле БелТА
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!