Вы тут

Як падтрымаць сем'і, дзе ёсць чалавек з дэменцыяй?


Попыт на сацыяльныя паслугі павышаецца, і гэтая тэндэнцыя набірае абароты. Яна звязана і з тым, што насельніцтва нашай краіны старэе, і з тым, што расце працягласць жыцця, а такім чынам усё большае распаўсюджанне атрымліваюць хваробы пажылога і старэчага ўзросту. Немалаважным фактарам з'яўляецца і тое,  што ў краіне даволі высокі ўзровень інваліднасці.


Ілюстрацыя mir24.tv

Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што нацыянальная сістэма сацыяльнага абслугоўвання пастаянна ўдасканальваецца. Яе аснову складаюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія пастаянна шукаюць новыя формы работы са сваімі падапечнымі. Канешне, асноўныя паслугі зацверджаны і прапісаны ў нарматыўных дакументах, якія рэгулююць іх дзейнасць. Але разам з імі з'яўляюцца і цікавыя навінкі.

Напрыклад, у Бярозаўскім раёне, што на Брэстчыне, на базе ТЦСАН створаны цэнтр псіхалагічнай разгрузкі. Для пажылых людзей сталі даступныя кансультацыі прафесійнага псіхолага, гурткі па арт-тэрапіі і кіно. А ў Пружанскім раёне з мэтай стварэння лепшых умоў жыцця для пажылых людзей і павышэння іх інфармаванасці абсталяваны камп'ютарны клас, адкрытыя школа прыгажосці і здароўя, класы па вакале. І так практычна ў кожным ТЦСАН — апрабуюцца новыя формы работы і адбываецца абмен вопытам.

Апошнім часам назіраюцца і больш глабальныя змены ў саміх прынцыпах дзейнасці сацыяльнай службы.

«З гэтага года зменены падыход да выяўлення людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы, — паведаміў журналістам напярэдадні Дня пажылога чалавека намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак. — Мы перайшлі ад заяўнага прынцыпу да выяўляльнага, каб максімальна забяспечыць сацыяльную падтрымку». Гэта значыць, органы сацабароны больш актыўна пойдуць да тых, хто мае патрэбу ў іх паслугах, каб спрацаваць на прафілактыку, прадухіліць крызіс у жыцці асобнага чалавека.

Галоўным кірункам сацпаслуг намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны называе развіццё стацыянаразамяшчальных паслуг, якія дазваляюць максімальна падоўжыць знаходжанне пажылых непрацаздольных людзей у хатніх умовах.

Такі падыход, з аднаго боку, зніжае нагрузку на бюджэт і аблягчае работу сацыяльнага работніка. З другога — дазваляе палепшыць жыццё адзінокім пажылым людзям. Бо сёння асноўная задача дзяржавы заключаецца не ў тым, каб змясціць адзінокага пажылога чалавека ў нейкую стацыянарную ўстанову. Галоўнае — максімальна захаваць знаходжанне чалавека ў сям'і, даць яму магчымасць зносін і дапамагчы весці звыклы лад жыцця.

Новая сям'я

З 2018 года пачала ўкараняцца такая новая форма сацыяльнага абслугоўвання, як пражыванне пажылых альбо паўналетніх непрацаздольных людзей у замяшчальных сем'ях. На сёння ў нашай краіне ёсць 89 такіх сем'яў, у якіх пражываюць 90 пажылых людзей. Гэта значыць, фактычна тыя людзі набылі новую сям'ю. «Мы вельмі рады, што такая сацыяльная паслуга атрымала развіццё. Я ўпэўнены, што яна мае добрыя перспектывы, — адзначае намеснік міністра. — Для адзінокага пажылога чалавека падбіраецца сям'я, гатовая жыць з ім разам».

Пры гэтым важна тое, што сацыяльныя службы ў такім выпадку таксама не адыходзяць убок. Яны з'яўляюцца трэцім удзельнікам гэтых узаемаадносін: падбіраюць сям'ю для чалавека, які мае ў гэтым патрэбу, каардынуюць усю дзейнасць, здзяйсняюць псіхалагічную падтрымку і патранаж такой сям'і. Такім чынам дзяржава памяншае рызыку злоўжыванняў у адносінах да пажылога чалавека або інваліда.

— Заключаецца дагавор паміж чалавекам, сям'ёй, якая яго прымае, і прадстаўніком выканкама ці адміністрацыі раёна, — тлумачыць Аляксандр Румак. — Гэта дапамагае нам адысці ад дапамогі па доглядзе, якая цяпер выкарыстоўваецца. Яна даўно ўжо патрабуе карэкціроўкі. У замяшчальных сем'ях прадугледжана выплата ўзнагароды, калі ў сям'ю бяруць інваліда першай групы або чалавека, старэйшага за 80 гадоў. І тут ужо няма абмежаванняў, якія ёсць пры прызначэнні дапамогі па доглядзе за такімі людзьмі, — такіх як наяўнасць працаздольнага ўзросту ў таго, хто ажыццяўляе догляд, і адсутнасць у яго работы. Людзі, якія ўзялі ў сваю сям'ю пажылога чалавека, могуць працягваць працаваць і пры гэтым атрымліваць узнагароджанне за прыняцце ў сваю сям'ю іншага чалавека.

Запатрабаванымі сярод адзінокіх жыхароў у рэгіёнах застаюцца і дамы зімоўкі, якія прывабліваюць людзей цеплынёй, утульнасцю і добрай кампаніяй.

Як падтрымаць сем'і, дзе ёсць чалавек з дэменцыяй?

Цяпер прадумваецца комплекс новых паслуг для грамадзян з дэменцыяй і членаў іх сем'яў. Мяркуецца, што гэтыя паслугі будуць запатрабаваныя ў сувязі з ростам працягласці жыцця і павелічэннем колькасці захворванняў, характэрных для пажылых людзей. У Еўропе ўжо цяпер дэменцыю лічаць адной з эпідэмій ХХІ стагоддзя, разам з анкалогіяй.

Па выніках даследаванняў, пажылыя людзі з кагнітыўнымі парушэннямі і дэменцыяй доўгі час могуць даволі паспяхова жыць дома і займацца самаабслугоўваннем, але маюць цяжкасці ў арыентацыі ў горадзе, карыстанні грамадскім транспартам, карыстанні паслугамі розных устаноў, правядзенні разлікаў і аплаты, напрыклад, за кватэру. Ім робіцца складана мець зносіны, знікаюць захапленні і інтарэсы, зніжаецца сацыяльная актыўнасць, з'яўляецца замкнёнасць.

Таму, па словах загадчыцы аддзела развіцця інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання НДІ працы Мінпрацы і сацабароны Наталлі Мількота, важна праводзіць адукацыйныя мерапрыемствы, каб спецыялісты арганізацый, якія аказваюць сацыяльныя, медыцынскія і іншыя паслугі, маглі распазнаць праявы дэменцыі, не прыняўшы іх за праявы старасці або «шкоднага характару», і своечасова аказаць падтрымку.

Пры гэтым падтрымаць такіх людзей можна як змясціўшы іх у стацыянарны дом-інтэрнат, так і ў надомных умовах.

Адным з самых запатрабаваных відаў падтрымкі спецыялісты лічаць арганізацыю дзённага знаходжання пажылых людзей з кагнітыўнымі парушэннямі і дэменцыяй на базе сацыяльнай установы. Даюць плён таксама індывідуальныя візіты на дом. Такая арганізацыя дапамогі пажылым людзям дазваляе ім уключацца ў розныя віды творчасці, падтрымліваць фізічную актыўнасць, мець зносіны, успамінаць і зноў перажываць самыя яркія моманты свайго жыцця, захоўваючы пачуццё ўласнай годнасці. А члены іх сем'яў пры такім падыходзе не стануць перад неабходнасцю кідаць работу, каб даглядаць сваяка. Яны будуць мець магчымасць працягваць працаваць, не хвалюючыся пра бяспеку і камфорт сваіх блізкіх.

Патрэбная дапамога

Пра яшчэ адно новаўвядзенне ў дзейнасці тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якое можа з'явіцца ў найбліжэйшай будучыні, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак паведаміў, выступаючы на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў, прысвечаным укараненню інавацыйных формаў сацыяльнага абслугоўвання ў інтарэсах людзей з інваліднасцю.

— Часам бывае, што чалавек, атрымаўшы заключэнне МРЭК, дзе яму прысвойваецца група інваліднасці, аказваецца сам-насам са сваімі праблемамі, — сказаў намеснік міністра. — Таму мы хочам перафарматаваць аддзяленні дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю ў ТЦСАН, каб у іх былі і спецыялісты па сацыяльнай рэабілітацыі, якія кантактавалі б з МРЭК. І як толькі чалавек атрымае інваліднасць, яны адразу будуць прыходзіць яму на дапамогу і вызначаць, што неабходна для сацыяльнай рэабілітацыі, у тым ліку для яго далейшага працаўладкавання.

Сацыяльныя паслугі грамадзянам і сем'ям, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ажыццяўляюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На ўліку ў іх знаходзяцца 2 024 422 чалавекі (дадзеныя па стане на 01.04.2019). З іх 91 305 чалавек абслугоўваюцца дома.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Сацыяльная служба: ісці ў нагу з часам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.