Вы тут

Пілотныя ініцыятывы, што рэалізуюцца ў Навагрудку, дапамагаюць зберагаць прыродныя рэсурсы


Навагрудак ужо даўно і мэтанакіравана рухаецца ў напрамку ўстойлівага развіцця. Ён другім у нашай краіне пасля Полацка падпісаў добраахвотную ініцыятыву «Пагадненне мэраў» і абавязаўся да 2020 года скараціць выкіды вуглякіслага газу на 25 тысяч тон, зрабіўшы стаўку на энергазберажэнне.

Выканаць гэтыя планы дапамогуць і пілотныя ініцыятывы ў рамках праекта «Зялёныя гарады». Яны накіраваныя на павышэнне энергаэфектыўнасці жылога фонду і сістэмы выкарыстання вулічнага асвятлення.


Га­на­ро­вае ад­крыц­цё га­рад­скіх ву­ліц, асна­шча­ных сіс­тэ­май «ра­зум­на­га» свят­ло­ды­ёд­на­га асвят­лен­ня, у На­ва­груд­ку прай­шло ў рам­ках XV Рэс­пуб­лі­кан­ска­га эка­ла­гіч­на­га фо­ру­му.

Ліхтары запальваюцца, калі гэта неабходна

— Вулічныя ліхтары ў маштабах усёй Беларусі спажываюць тую колькасць энергіі, якая патрэбная для электразабеспячэння некалькіх адміністрацыйных раёнаў краіны, — прыводзіць адну з прычын неабходнасці ўдасканалення сістэмы вулічнага асвятлення нацыянальны кансультант праекта «Зялёныя гарады» па энергаэфектыўнасці Іван ФІЛЮЦІЧ. — Укараненне ж сучаснай святлатэхнікі — святлодыёдных ліхтароў з інтэлектуальнай сістэмай кіравання — дапамагае зэканоміць да 30—40% электраэнергіі. Зніжаючы энергаспажыванне, мы адпаведна зніжаем выдаткі мясцовага бюджэту і адначасова скарачаем выкіды парніковых газаў.

Падчас рэалізацыі праекта ў Навагрудку ўстанавілі 400 святлодыёдных ліхтароў і 25 шафаў інтэлектуальнага кіравання з вулічным асвятленнем. Сістэма ўлічвае асвечанасць і час сутак, наяўнасць людзей і транспарту, каб уключаць і выключаць асвятленне, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы мясцовага бюджэту. Афіцыйнае адкрыццё вуліц з «разумным святлом» адбылося ў чэрвені 2019 года.

— З верасня мы пачалі праводзіць штомесячны маніторынг работы гэтага святлотэхнічнага абсталявання, — кажа эксперт. — І праз год зможам дакладна сказаць, колькі камунальная гаспадарка Навагрудка змагла cэканоміць кілават-гадзін і фінансавых рэсурсаў.

Па словах Івана Філюціча, ініцыятыву падтрымалі як мясцовыя органы ўлады ў Навагрудку, Навагрудская ЖКГ, так і гараджане. Бо, зразумела, заўсёды станоўча ўспрымаюцца змены, калі вуліцы добра асвятляюцца ў патрэбны час: павышаецца агульная бяспека ў горадзе, зніжаецца колькасць траўм і аварый, ды і горад выглядае больш прыгожа.

Разумны ўлік

Другі пілотны праект накіраваны на ўстаноўку індывідуальных прыбораў уліку для ўсіх відаў энергарэсурсаў у двух шматкватэрных дамах па вуліцы Карскага ў Навагрудку.

— У краіне ўзяты курс на цыфравізацыю жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ўкараненне так званых смарт-лічыльнікаў для ўліку розных відаў рэсурсаў. Наш праект — адзін з першых, дзе будзе ўкаранена такая сістэма, — адзначае Іван Філюціч.

Падрыхтоўчыя работы па праекце пачаліся яшчэ летась. Каб вызначыцца з аб'ектамі мадэрнізацыі, эксперты прааналізавалі энергаспажыванне больш за 40 жылых дамоў у Навагрудку, у тым ліку пакватэрнае. Затым з некалькіх дзясяткаў дамоў выбралі тры, дзе выкарыстоўваюцца ўсе віды рэсурсаў (электра- і цеплавая энергія, вада, газ), а таксама ёсць магчымасць паставіць пакватэрныя цеплалічыльнікі (у дамах з гарызантальнай разводкай сістэмы ацяплення).

Вялікую работу правялі і з мясцовым насельніцтвам — вызначалі, наколькі цікавы падобны праект, якія ў іх ёсць страхі адносна яго рэалізацыі, адказвалі на пытанні па тэхнічнай частцы. У выніку пераважная большасць жыхароў дамоў падтрымала гэтыя работы.

Цяпер распрацоўваецца праектная дакументацыя, а ўстаноўку разумных лічыльнікаў плануецца завяршыць у 2020 годзе.

Добры вопыт павінен перадавацца

Каманда праекта «Зялёныя гарады», акрамя рэалізацыі пілотных ініцыятыў, таксама прыкладае намаганні для тыражавання гэтага вопыту на ўсю тэрыторыю Беларусі.

— Мадэрнізацыя вулічнага асвятлення і ўкараненне прыбораў уліку — гэта якраз тыя накірункі, якія могуць садзейнічаць павышэнню энергаэфектыўнасці і зніжэнню выкідаў парніковых газаў ва ўсіх без выключэння муніцыпалітэтах, раёнах, буйных і сярэдніх гарадах Беларусі, — упэўнены Іван Філюціч.

Сёння спецыялісты займаюцца распрацоўкай тэхніка-эканамічных абгрунтаванняў па мадэрнізацыі вулічнага асвятлення для сямі гарадоў Беларусі, у тым ліку Полацка і Наваполацка.

— Мы імкнёмся не проста рэалізаваць інфраструктурныя праекты, але і стварыць такое асяроддзе, якое і пасля іх завяршэння дазволіць рэалізоўваць падобныя ініцыятывы з меншымі выдаткамі і большай эфектыўнасцю, — кажа эксперт. — Для гэтага займаемся ўкараненнем прынцыпаў «зялёных» закупак і аказваем садзейнічанне пілотным гарадам у прыцягненні розных крыніц фінансавання (інвестараў) для рэалізацыі «зялёных» праектаў.

Працуюць эксперты і над метадычнымі рэкамендацыямі, якія дазволяць дакладна ацэньваць зніжэнне выкідаў парніковых газаў ад розных мерапрыемстваў. Яны лягуць у аснову нацыянальнай палітыкі ў вобласці маніторынга, справаздачнасці і верыфікацыі такіх выкідаў.

Загаловак у газеце: Энергія разумнага горада

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Высокі попыт дыктуе цэны

Высокі попыт дыктуе цэны

У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. 

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Калейдаскоп

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

Усходні га­ра­скоп на наступны тыдзень

У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.