Вы тут

Усе помнікі будуць унесены ў спісы на Віцебшчыне


Пра выкананне патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны і распараджэння Прэзідэнта аб добраўпарадкаванні месцаў пахавання гаварылі на Дубровеншчыне на выязным пасяджэнні прэзідыума аблсавета дэпутатаў. У ім бралі ўдзел старшыні гарадскіх і раённых, а таксама сельскіх Саветаў.


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў канстатаваў, што ў вобласці каля 960 гісторыка-культурных каштоўнасцяў — і гэта другі ў краіне паказчык.

Улічваючы, што налета будзе святкавацца 75-я гадавіна Вялікай Перамогі, у цэнтры ўвагі ўсё, што ўвекавечвае подзвігі барацьбітоў з ворагам, памяць аб ахвярах фашысцкіх акупантаў, пакутах нашых землякоў.

Шмат чаго было зроблена для прывядзення памятных месцаў у парадак у рамках выканання запланаваных мерапрыемстваў «Года малой Радзімы» і напярэдадні юбілею вызвалення Беларусі.

Канешне, і раней на тэрыторыі манументальных комплексаў, вайсковых могілак стараліся падтрымліваць парадак, каб помнікі былі ў добрым стане.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў паведаміў прысутным, што да красавіка 2020 года будзе ўстаноўлена каля 370 указальнікаў да месцаў пахаванняў, якія знаходзяцца далёка ад вёсак і дарог.

Дарэчы, сёння ў вобласці больш за 1460 вайсковых могілак. Вечны спакой там знайшло каля 402 тысяч чалавек. І, на жаль, прозвішчы прыблізна 206 тысяч — невядомыя.

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі адзначыў, што сёлета ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў унеслі мемарыяльны комплекс «Суражскія вароты», а таксама помнік, прысвечаны падзеям вайны 1812 года, — у аграгарадку Вароны Віцебскага раёна. Ён падкрэсліў, што трэба ва ўсіх раёнах правесці інвентарызацыю памятных аб'ектаў па ўсіх правілах. У прыватнасці, нямала помнікаў усталявалі ў 1990-я гады, але належным чынам неабходную дакументацыю не аформілі.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі некалькі знакавых месцаў на тэрыторыі раёна. Пабывалі ў парку райцэнтра, дзе многае зроблена, каб тутэйшым і прыезджым было цікава і ўтульна.

Дэпутаты азнаёміліся і з ходам рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Рыленкі». Там пахавана каля 9,6 тысячы салдат і афіцэраў, імёны якіх вядомыя. У «Рыленках» старшыня аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў узяў удзел у закладцы яблыневай алеі. Ён даў высокую ацэнку кіраўніцтву раённай вертыкалі выканаўчай улады ў справе захавання помнікаў, абеліскаў, могілак. І падзякаваў тым, хто карпатліва займаецца пошукавай работай, каб засталося меней невядомых імёнаў салдат.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.