Даўгі беларусаў па крэдытах перасягнулі чарговую псіхалагічную адзнаку. На першае верасня насельніцтва завінавацілася банкам 13 мільярдаў 72 мільёны рублёў. Пра гэта сведчыць статыстыка Нацбанка на гэтую дату. У аналітыку ўключаюць у тым ліку спажывецкія крэдыты, пазыкі на куплю жылля і аўтамашыны, а таксама карты растэрміноўкі.
Запазычанасць насельніцтва па спажывецкіх крэдытах на пачатак восені склала 5 мільярдаў 123,4 мільёна рублёў. Гэта на 125,1 мільёна рублёў больш, чым месяцам раней. Фінансавыя інстытуты краіны могуць зрабіць больш жорсткімі правілы выдачы спажывецкіх крэдытаў. Такую магчымасць дапускае Нацбанк. Гэта можа адбыцца ў выпадку паскарэння тэмпаў крэдытавання. Пры гэтым на бягучы момант змяненне інструментаў пазыковай нагрузкі не плануецца.
Банкі атрымалі рэкамендацыі па методыцы разліку сярэднямесячнага плацяжу па авердрафтных крэдытах, у тым ліку па картах растэрміноўкі, а таксама крэдытных лініях. Акрамя таго, пры ацэнцы крэдытаздольнасці фізічных асоб і разліку паказчыка пазыковай нагрузкі банкам рэкамендуецца выкарыстоўваць звесткі аб запазычанасці па камунальных плацяжах і іншых паслугах, якія змяшчаюцца ў АРІП, а таксама аб растэрміноўках у прадпрыемствах гандлю і сэрвісу.
Каб стрымаць крэдытны бум, Нацбанк увёў з 1 мая мінулага года новыя правілы выдачы банкамі пазык насельніцтву. Банкі сталі лічыць для патэнцыйных пазычальнікаў каэфіцыент пазыковай нагрузкі. Аднак, нягледзячы на гэтыя меры, як паказвае статыстыка, рост запазычанасці насельніцтва перад банкамі працягваецца. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што хапае сярод беларусаў і людзей, якія ні разу ў жыцці не бралі крэдыт або растэрміноўку. Прычым гэтыя людзі далёка не школьнікі. Ці можна пражыць не ў доўг? Пра гэта мы спыталі менавіта ў іх.
Гісторыя № 1
Жыхару горада Лепеля Віцебскай вобласці Сяргею 35 гадоў. Ён працуе ў сферы вытворчасці. Мужчына жанаты, сыну зараз чатыры гады. Штомесячны даход сям'і цяпер складае 1300 рублёў.
— Падрабязную статыстыку па тратах не вяду, але прыкладны расклад наступны: «камуналка», інтэрнэт і сувязь — 140 рублёў, тавары для дзіцяці — 300—400 рублёў, бензін — 100 рублёў, наша харчаванне — 250—400 рублёў. Усё астатняе — па сітуацыі.
Ні растэрміновак, ні крэдытаў ён ні разу ў жыцці не браў, нават калі трэба было абзаводзіцца жыллём.
— Мы пажаніліся пяць гадоў таму. Вяселле рабілі за свае заробленыя, яно выйшла ў нуль, — тлумачыць Сяргей. — І ў мяне, і ў жонкі да вяселля былі аўтамабілі. Адзін з іх мы прадалі. Праз год пасля вяселля, калі цэны знізіліся да разумных лічбаў, змаглі купіць кватэру.
Разглядалі варыянты: «слабая» двухпакаёвая хрушчоўка ці вялікая аднапакаёвая кватэра ў новабудоўлі. Першы варыянт падыходзіць для сям'і, якая плануе дзяцей. На хрушчоўку хапала і трохі заставалася. «Больш за тое, амаль усю суму, якая засталася пасля куплі кватэры, а гэта прыкладна 2500 долараў, мы здолелі захаваць». Рамонт рабілі паэтапна і толькі на тыя грошы, што зараблялі на той момант. З электрыкай дапамог бацька мужчыны, сантэхніку рабіў наёмны чалавек, столі, сцены, падлогу — ён сам. У выніку былі з кватэрай, без даўгоў і са свабоднай сумай на руках.
Пасля такога вопыту пазіцыя Сяргея жыць без крэдытаў і растэрміновак стала яшчэ больш цвёрдай.
— Самы галоўны аргумент за крэдыты, які чуеш у першую чаргу: «Мне проста шкада аддаваць усю суму адразу, а так я плачу паволі і не напружваюся». Наступны аргумент: «Я магу назапасіць на ўмоўны тэлевізар, але тады прыйдзецца чакаць некалькі месяцаў. А навошта чакаць некалькі месяцаў, калі вось проста сёння можна ім валодаць?» З імі я катэгарычна не згодны. Для сябе засвоіў наступнае. Калі расставацца з усёй сумай для мяне складана псіхалагічна, то тавар не падыходзіць мне, ці, іншымі словамі, я на яго яшчэ не зарабіў. Калі ж я гатовы аддаць адразу ўсю суму, то перыяд назапашвання грошай на куплю з'яўляецца для мяне своеасаблівым тэстам на тое, сапраўды я хачу гэтую рэч ці гэта сучасны маркетынг падахвочвае мяне да імпульсіўнага дзеяння.
Акрамя таго, мінус растэрміноўкі я бачу ў абмежаванні магчымасці ў распараджэнні сваімі фінансамі. Ты не з'яўляешся гаспадаром сваіх яшчэ не заробленых грошай. Нават калі ты раптам зразумеў, што табе патрэбны ўмоўны тэлефон замест тэлевізара, то ў цябе два шляхі: альбо ўлезці ў яшчэ адну растэрміноўку, альбо аддаць папярэднюю і потым тут жа ўзяць наступную. Атрымліваецца замкнутае кола.
Гісторыя № 2
Знаёмай маёй дачкі Ангеліне 23 гады. Па адукацыі яна сістэмны адміністратар, адпрацоўвае размеркаванне на дзяржпрадпрыемстве. Разам са сваім маладым чалавекам яны здымаюць пакой. Зарплата ў яе сярэдняя — каля 950 рублёў.
— Недзе 300 рублёў у месяц сыходзіць на арэнду і «камуналку», яшчэ 40 — на праезд, — кажа дзяўчына. — Таму амаль палову свайго заробку я губляю ў першы ж дзень, як яго атрымліваю. Прыкладна 100—150 рублёў сыходзіць на асабістыя патрэбы. Астатнія грошы, а гэта 300—400 рублёў выдаткоўваю на ежу. Закупляюся месяцы на два наперад. У асноўным усё бяру па акцыі, асабліва прадукты, якія можна доўга захоўваць. На працягу месяца дакупляю толькі мяса (курыцу), «малочку» і агародніну (купляю на рынку раз у тыдзень).
Фактычна ўся зарплата Ангеліны сыходзіць на самае неабходнае. З заробку яе хлопца маладыя людзі адкладаюць на буйныя пакупкі, адпачынак і іншае. Імкнуцца адкласці кожны месяц 300 долараў, часам выходзіць менш, калі напярэдадні было нейкае свята.
Як чалавек, які ні разу ў жыцці не браў крэдыту, дзяўчына разглядае варыянт узяць пазыку ў банка толькі ў крайнім выпадку, калі спатрэбіцца жыллё. Паводле яе слоў, без гэтага купіць жыллё немагчыма практычна нікому.
Чаму людзі бяруць крэдыты? Першая прычына, на яе погляд, — яны хочуць выглядаць лепшымі, чым ёсць на самай справе. Бяруць крэдыт на тэлефон, бо брэнд, і не важна, што больш танныя смартфоны па якасці не саступаюць. Другая прычына — мала зарабляюць, але змяніць месца работы баяцца. Трымаюцца там, дзе стабільна.
Гісторыя № 3
Майму суседу па пад'ездзе Андрэю 32 гады. Разам з жонкай і двума дзецьмі (аднаму з якіх чатыры гады, другому — год і восем месяцаў) яны жывуць у Мінску. Малады чалавек скончыў каледж, потым ВНУ і паралельна з 18 гадоў працаваў у будаўніцтве. Зараз займаецца ў кампаніі па вытворчасці дэкарацый і рэкламнай прадукцыі. Агульны даход сям'і складае 2000 рублёў на чацвярых. Асабліва за тратамі сям'я не сочыць. Але ў мужчыны ёсць некалькі правілаў, дзякуючы якім яны не залазяць у даўгі.
— Самае галоўнае — гэта максімальна рацыянальна расходаваць грошы: гатаваць дома, закупляцца раз на тыдзень, не гнацца за модай (маўляў, мусіш мець апошні іРhоnе, тэлевізар апошняй маркі і гэтак далей). Тэлефоны ў крэдыт наогул не прызнаю, заўсёды можна пахадзіць са старым або ўзяць таннейшую мадэль, — пералічвае ён. — Крэдыт — гэта заўсёды пераплата сродкаў. Любая рэч без крэдыту каштуе значна танней. А галоўнае, часцей за ўсё можна выкруціцца без яго, узяць нешта прасцейшае. Я наогул не разумею, як людзі могуць спакойна жыць, ведаючы, што ў іх куча плацяжоў па растэрміноўках.
Каб абыходзіцца без крэдытаў, Андрэй адкладае грошы па вызначаным правіле: «заначка» не павінна быць меншай за некалькіх сярэдніх заробкаў па краіне. На думку Андрэя, растэрміноўкі і крэдыты такія папулярныя, бо людзі хочуць усё і цяпер, не лічацца са сваімі фінансавымі магчымасцямі і не задаюцца пытаннем, ці патрэбныя ім наогул апошні іРhоnе за 2,5 — 3 тысячы рублёў ці дарагі тэлевізар.
— Усім здаецца, што 50—150 рублёў у месяц — гэта невялікая сума і што яна не адаб'ецца на іх бюджэце. Аднак калі паглядзець кошт тавару без растэрміноўкі, часцей за ўсё, ён будзе каштаваць на 10—30 % танней. Так што гэта проста самападман.
А ўсялякія крэдыты на адпачынак — тут наогул бязмежжа. Значыць ты не адклаў неабходную суму за год, але ў крэдыт можаш сабе дазволіць? Гэта проста адсутнасць фінансавай адукаванасці і залежнасці маркетынгу. Крэдыт можна ўзяць хіба што на жыллё. Замест таго, каб здымаць у кагосьці, лепш плаціць нават крыху больш па крэдыце, але за сваё. У астатнім трэба жыць па сродках, якія ты зарабляеш, а не залазіць у будучыя даходы.
— Асноўная прычына, чаму чалавек залазіць у крэдыты і растэрміноўкі, — жаданне атрымаць усё і адразу, — лічыць Андрэй. — Не маючы дастатковага даходу, чалавек робіць дарагую пакупку — і заганяе сябе ў безграшоўе яшчэ глыбей.
Гісторыя № 4
З крэдытамі ў майго знаёмага Міхаіла не атрымліваецца. Ён некалькі разоў спрабаваў афармляць іх (адзін — на куплю кватэры, другі — на спажывецкія патрэбы), але ўсюды адмаўлялі.
— Можа быць, таму, што я ў арміі не служыў. Як толькі даведваліся, што ў мяне няма на руках ваеннага білета, і адмаўлялі, — паціскае плячыма малады хлопец.
Але Міхаіл усё роўна знайшоў выйсце — карыстаецца стандартнымі крамнымі растэрміноўкамі. Так ён узяў тэлефон, мэблю, бытавую тэхніку. Апошняя растэрміноўка — гэта тэлефон для жонкі. Штомесячны плацеж складае ўсяго 50 рублёў, выплаціць усю суму трэба за год. Да набыцця тэлефона сям'я купляла ў растэрміноўку кухонны камбайн. Стаўка была 0,0001 % , а пагасіць суму трэба было за год.
У сям'і Міхаіла ёсць правіла, каб не застацца без грошай і не патрапіць у фінансавую яму: сума растэрміновак не павінна выходзіць за памер другой зарплаты мужчыны на паўстаўкі — гэта дзесьці 200—250 рублёў. Часам бываюць нюансы: калі дзеці захварэлі або парвалі куртку і патрэбна новая, тады за рамкі ўжо выходзяць. Але тут ім бацькі дапамогуць, балазе, яны яшчэ могуць гэта зрабіць...
Далей — больш?
Эканамісты прагназуюць, што ў наступным годзе попыт насельніцтва на спажывецкія пазыкі захаваецца. Што датычыцца наступстваў гэтай тэндэнцыі для беларускай эканомікі, то, па словах экспертаў, рост аб'ёмаў спажывецкага крэдытавання, улічваючы выкарыстанне гэтых сродкаў у тым ліку для куплі імпартных тавараў, можа ў будучыні негатыўна адбіцца на плацежным балансе і абменным курсе беларускага рубля. У такім выпадку ўмяшанне Нацыянальнага банка проста непазбежнае. Для спажыўцоў жа ў такой сітуацыі выснова, як заўсёды, адна: пажывём — пабачым.
Страхоўка — чыста асабістая справа
Навязванне страховак у дадатак да крэдытаў або павелічэнне працэнтаў па крэдыце, калі кліент адмаўляецца аформіць страхоўку, лічацца нядобрасумленнымі практыкамі, якіх банкі павінны пазбягаць. Пра гэта сказана ў лісце Нацыянальнага банка краіны на адрас камерцыйных банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый. Так што нас цяпер голымі рукамі не возьмеш.
Сяргей КУРКАЧ
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.