Вы тут

У кватэрах рэжым прапальвання, а не адключанае ацяпленне


Напачатку сёлетняга асенне-зімовага сезона, калі раптам пачаліся нават нечаканыя ў гэтую пару замаразкі,
а не толькі халады, ваду ў батарэі ацяплення пусцілі з тэмпературай каля 55 °С. У жыллі пацяплела, а неўзабаве раптоўна настала бабіна лета, і ў кватэрах стала горача. Пасля амаль тыдня перагрэву, калі ў кожнай трэцяй кватэры было ледзьве не 30, батарэі ў памяшканнях нарэшце перасталі «жарыць» — вада ў іх цяпер 38 °С. Хоць навобмацак здаецца, што яны зусім халодныя, гэта не так — прылады перайшлі ў рэжым прапальвання. Ці лёгка было гэта зрабіць, і ад каго гэта залежыць?


59.ru

Аўтаматыка ці чалавек?

Адказвае за наладжванне тэмпературнага камфорту ў жыллі сістэма аўтаматычнага рэгулявання (САР). Яна складаецца з праграмнага забеспячэння, спецыяльнага блока кіравання і клапана, які і рэгулюе падачу цепланосьбіта ў ацяпляльныя прыборы кватэр. Аўтаматыка вызначае градус гарачай вады ў залежнасці ад тэмпературы на вуліцы. Раніцай яна павінна паддаваць жару, а днём прыпыняць нагрэў. Гэта ў ідэале. На справе ж аўтаматыка застаецца ўсяго толькі абсталяваннем, і часта наладжваць яе работу прыходзіцца ўсё роўна чалавеку. А вось спецыялістаў, што маюць права на работу з такой сістэмай, няшмат. Адсюль і перапальванні, і доўгае чаканне паратунку ад спёкі.

— Калі на вуліцы +8 °С, вада ў батарэі павінна быць, напрыклад, 41 °С. Цяпер надвор'е цяплейшае — і цепланосьбіт награваецца не больш за 38 °С — да так званай тэмпературы прапальвання. Калі памацаць батарэю, то можна адчуць, што яна не зусім халодная, а ледзь цепліцца, значыць, сістэма працуе, — расказаў Аляксандр АСТРОЎСКІ, галоўны інжынер ЖЭУ № 4 Заводскага раёна Мінска (на прыкладзе гэтай арганізацыі мы вырашылі паглядзець, як усё працуе). — Сезон толькі пачаўся, праводзяцца рэгламентныя работы. А ў нашым ЖЭУ, якое абслугоўвае 90 дамоў, адзін спецыяліст, адказны за работу САР. Рэгулятары ў праграме могуць і збіцца недзе падчас работы, гэта здараецца штогод. Каб наладзіць яе і настроіць на бесперабойны рэжым, неабходна ўмяшальніцтва інжынера кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі (КВПіА). Паспець зрабіць гэта своечасова ва ўсіх дамах ён фізічна не зможа. А хаус-майстры на такія работы не маюць права.

Градус у рэальным рэжыме

З кацельнай вада прыходзіць у дом з тэмпературай 61 °С. Каб паменшыць градус у батарэях, САР змешвае гарачы цепланосьбіт з адпрацаванай вадой, якая ўжо вяртаецца з батарэі назад у сістэму. Хуткасць руху вады, адпаведна, крыху замаруджваецца, яна хутчэй астывае і ў батарэі ўжо трапляе з меншымі градусамі. Калі адпрацаваны цепланосьбіт, дарэчы, астывае больш чым да +35 °С, значыць, ён не аддаў запланаванае цяпло ў батарэі, і праблему трэба вырашаць, кажуць камунальнікі.

Яны заспакойваюць жыхароў, што рэжым прапальвання застанецца, пакуль на вуліцы цёпла. Прынамсі, як паказвае прагноз, да наступнага аўторка, калі толькі надвор'е рэзка не сапсуецца. Аўтаматыка ўжо будзе больш аператыўна рэагаваць на паніжэнне градуса і награваць ваду ў батарэях вышэй, бо інжынер-КВПіА ўжо настроіў яе.

— Вядома, збоі ўсё роўна могуць здарыцца, і зноў прыйдзецца наладжваць сістэму ўручную, таму і сочым штодня, — кажа Аляксандр Астроўскі. — Ёсць дамы, дзе сістэму ўключаеш, і яна аўтаматычна ўвесь сезон адпрацоўвае без праблем, а ёсць такія, дзе лепш раз на месяц стабільна правяраць работу праблемных прылад. Чым гэта абумоўлена? Мажліва, тэрмінамі эксплуатацыі, а недзе, магчыма, рэгламентныя работы па тэхабслугоўванні праводзіліся няякасна.

Нагадаем, што сочаць за тэмпературнымі параметрамі ў дамах у рэжыме рэальнага часу камунальнікі Заводскага раёна з дапамогай спецыяльнай праграмы ІNDEL — сістэмы дыстанцыйнага здымання паказчыкаў, да якой падключаны ўсе групавыя прыборы ўліку і сістэмы рэгулявання. Аднак і тут здараюцца хібы, напрыклад, няма сувязі з домам.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Тэмпература батарэі - 38 °С

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.