Вы тут

Больш за 200 беларусаў падзялілася сваімі дзівацтвамі


Прыблізна месяц таму Беларускі Чырвоны Крыж запусціў сацыяльны праект, у якім прапанаваў людзям расказаць пра свае дзівацтвы. Ініцыятыва была накіравана на пераадоленне сацыяльных фобій у адносінах да людзей з псіхічнымі расстройствамі.

Яе падтрымала звыш 200 карыстальнікаў сацыяльных сетак, у тым ліку вядомыя людзі, якія пачалі адкрыта пісаць у сацсетках пра свае незвычайныя думкі і ўчынкі. Яшчэ большая колькасць беларусаў падзялілася сваімі незвычайнымі звычкамі і страхамі ў каментарыях.


Фота: interier.am

Удзельнікі праекта публікавалі свае гісторыі, пакідаючы хэштэг #всемыстранные. Адна з першых выказалася мінскі кандытар Зоя Прышывалка. Яна расказала, што раней настолькі баялася мікробаў, што магла мыцца па тры разы на дзень, ездзіла ў грамадскім транспарце, не трымаючыся за поручні, і працірала ўсё навокал вільготнымі сурвэткамі.

Спявачка і дызайнер адзення Вольга Барабаншчыкава падзялілася, што адчувае амаль фізічны дыскамфорт, калі трапляе ў натоўп або ідзе па шматлюднай вуліцы.

Хтосьці прызнаваўся, што любіць размаўляць з сабакамі. Знайшоўся чалавек, які не любіць мэблю, пад якую нельга зазірнуць. А яшчэ адзін расказаў, што бясконца перастаўляе дома прадметы інтэр'еру, а таму ўбудаваная мэбля выклікае ў яго неспакой.

Некаторым страшна патэлефанаваць незнаёмаму чалавеку, хтосьці есць толькі зялёныя бананы, а нехта баіцца матылькоў або лётаць у самалётах...

Усе гэтыя адкрытыя выказванні беларусаў даказваюць, што няма ідэальных людзей. Але, тым не менш, тых, хто не ўпісваецца ў стэрэатыпы, людзі звычайна пабойваюцца і стараюцца абмінаць. Праект Беларускага Чырвонага Крыжа закліканы перамагчы сацыяльныя фобіі і змяніць стаўленне грамадства да тых, чые паводзіны здаюцца незвычайнымі. Таму што менавіта такія стэрэатыпы замінаюць людзям з псіхічнымі расстройствамі ўліцца ў грамадства.

«Адна з самых вялікіх праблем пры лячэнні псіхічных расстройстваў — страх прызнацца, што ты захварэў, бо людзі баяцца стаць ізгоямі. У той час як існуе маса прыкладаў таго, што сярод шызафрэнікаў і аўтыстаў мноства таленавітых і нават геніяльных творцаў. Яны гэтак жа здольныя заводзіць сем'і, будаваць кар'еру і дамагацца поспехаў у асабістым і прафесійным жыцці. Проста час ад часу ім трэба дапамога. І тут важна не замыкацца ў сабе», — растлумачылі ў Чырвоным Крыжы.

У грамадстве да гэтага часу жывуць міфы і забабоны пра невылечнасць псіхічных захворванняў, пра небяспеку псіхічна хворых людзей і поўную непрадказальнасць іх паводзін. Пакутуюць ад такога стаўлення не толькі самі хворыя, але і іх сваякі, таму што сем'і, дзе ёсць псіхічна хворыя людзі, нярэдка трапляюць у сацыяльную ізаляцыю.

Адна з задач праекта — пашырыць псіхасацыяльную падтрымку для людзей з псіхічнымі расстройствамі ў Мінску. Дарэчы, усе, хто мае патрэбу ў такой дапамозе, могуць звярнуцца ў цэнтр Чырвонага Крыжа «Адкрыты дом», у якім працуюць псіхолагі і сацыяльны работнік.

Гэты цэнтр адкрыўся ў 2013 годзе, і з таго часу яго гасцямі стала больш за 140 чалавек. З іх каля 80 дамаглося ўстойлівай рэмісіі, больш за 40 — знайшло работу, а пяць — стварылі сем'і.

Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».