Вы тут

Геаграфія эфектыўнай дыпламатыі


Трынаццаць новых амбасадараў замежных краін афіцыйна пачалі выкананне сваіх абавязкаў у Беларусі


На гэты раз для цырымоніі ўручэння даверчых грамат да Прэзідэнта Беларусі ў Палац Незалежнасці былі запрошаны кіраўнікі дыпламатычных місій Балгарыі, Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Гватэмалы, Германіі, Еўрапейскага саюза, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Расіі, Танзаніі, Харватыі, Швейцарыі і Эфіопіі. Вітаючы іх, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Беларусь кране іх сэрца, як гэта адбылося з многімі іх папярэднікамі, што дыпламаты адкрыюць для сябе новую культуру, магчыма, знойдуць у ёй нешта блізкае, сугучнае з традыцыямі свайго народа.

Замежныя амбасадары прыступаюць да працы ў вельмі адказны для нашай краіны перыяд, калі стартуе кампанія па выбарах новага складу Парламента. І гэта надае бягучаму моманту асаблівы фон. З іншага боку, пры такіх абставінах замежнікам лягчэй зразумець асновы беларускага дзяржаўнага ладу, механізмы функцыянавання ў краіне інструментаў народаўладдзя. Прэзідэнт, звяртаючыся да дыпламатаў, зрабіў на гэтым акцэнт:

— Пачатак вашай місіі супадае з важнай палітычнай падзеяй у краіне — парламенцкімі выбарамі. І вы зможаце асабіста пераканацца, што электаральная кампанія пройдзе ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і патрабаваннямі агульнапрынятых сусветных стандартаў. Беларусь усё часцей называюць донарам стабільнасці і бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне.

Кажучы пра тое, што Мінск заўсёды гатовы даць пляцоўку для вырашэння глабальных канфліктных пытанняў і правядзення найважнейшых міжнародных форумаў у рамках бяспекі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў:

— Рознагалоссі ключавых сусветных гульцоў у сферы кантролю над узбраеннямі зноў абвастраюць актуальнасць выпрацоўкі новых падыходаў у забеспячэнні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і тым самым запатрабаванасць беларускай ініцыятывы ў аднаўленні адпаведнага міжнароднага дыялогу. Мы будзем і далей заклікаць не толькі вялікія дзяржавы, але і невялікія дзяржавы да прыняцця дзейсных мер па ўмацаванні даверу і эканамічнай стабільнасці.

Відавочна, што ад кожнага з прысутных на цырымоніі дыпламатаў у значнай ступені будзе залежаць не толькі характар ​​адносін паміж дзяржавамі, але і ўзровень узаемнага даверу і разумення. Прэзідэнт запэўніў, што іх нацэленасць на добрыя вынікі ў двухбаковым супрацоўніцтве атрымае шчыры водгук і падтрымку ў краіне. Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка коратка пазначыў спадзяванні Мінска ад узаемадзеяння з кожным з прадстаўленых на цырымоніі дзяржаў.

Першым ён звярнуўся да Пасла Расійскай Федэрацыі Дзмітрыя Мезенцава:

— Ваша краіна — гэта наш асноўны стратэгічны партнёр і саюзнік Беларусі. Адносіны брацкіх народаў змацаваныя вузамі дружбы, добрасуседства і вельмі цеснай, а часам і крывавымі старонкамі напісанай, нашай агульнай гісторыяй. Мы пралівалі кроў для таго, каб у Еўропе, у свеце было спакойна… Цяпер асаблівая ўвага надаецца пытанням саюзнага будаўніцтва. Мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся, што напярэдадні знакавай даты — 20‑годдзя падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы — павінны быць прыняты канкрэтныя рашэнні па далейшай стратэгіі развіцця нашай інтэграцыі. І мы гэта зробім.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Мінск зацікаўлены ў нарошчванні разнапланавага супрацоўніцтва з Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй, якая з’яўляецца для нас адным з ключавых палітычных ды эканамічных партнёраў у Еўропе і свеце:

— Нягледзячы на ​​няпростую гісторыю беларуска-германскіх адносін, сёння нас аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы — у першую чаргу забеспячэнне бяспекі, стабільнасці і працвітання ў Еўропе. Разлічваем на інтэнсіфікацыю двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай ды інвестыцыйнай галінах, дзе ёсць істотны патэнцыял.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь гатовая да далейшага канструктыўнага развіцця адносін з Вялікабрытаніяй па ўсіх ключавых напрамках:

— Дыялог са Злучаным Каралеўствам мае асаблівае значэнне з улікам рашэння брытанскага народа аб выхадзе з Еўрасаюза і новай ролі краіны на міжнароднай арэне. Мы зацікаўлены ў далейшым пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй і напаўненні міжурадавага гандлёвага дыялогу сур’ёзным эканамічным зместам, канкрэтнымі маштабнымі праектамі.

Кіраўніку дыпмісіі Швейцарскай Канфедэрацыі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў такія словы:

— Надаючы вялікае значэнне развіццю адносін са Швейцарскай Канфедэрацыяй, мы вітаем павышэнне статусу дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь і прызначэнне першага ў гісторыі Амбасадара Швейцарыі ў нашай краіне. За апошнія гады нам удалося прыкметна прасунуцца як з пункту гледжання ўзроўню нашых кантактаў, так і па іх змястоўным напаўненні. Важна захаваць і ўмацаваць гэтую станоўчую дынаміку.

Прэзідэнт адзначыў, што адной з ключавых знешнеэканамічных мэтаў Беларусі з’яўляецца планамерная дыверсіфікацыя экспарту, дзе ў ліку асноўных напрамкаў — супрацоўніцтва з краінамі так званай далёкай дугі: Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў цікавасць Беларусі да развіцця шматпланавага супрацоўніцтва з краінамі Усходняй Афрыкі.

Аляксандр Лукашэнка шчыра пажадаў амбасадарам поспехаў у якасці кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі, плённай дзейнасці на карысць сваіх дзяржаў і народаў і выказаў надзею, што праведзены ў краіне час стане для іх насычаным і цікавым, і дыпламаты адкрыюць для сябе Беларусь ва ўсім яе харастве.

Васілій Харытонаў

Фота БЕЛТА

ДАСЛОЎНА

Дырк Шюбель, Амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі:

— Я вельмі рады стаць Амбасадарам Еўрасаюза ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер мая мэта — палепшыць нашы адносіны, над чым мы інтэнсіўна працуем разам. Спадзяюся, у наступныя чатыры гады мы дасягнем поспехаў у гэтым кірунку.

 

Жаклін Луіс Перкінс, Амбасадар Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі ды Паўночнай Ірландыі ў Беларусі:

— Я спадзяюся, што двухбаковыя адносіны паміж нашымі краінамі будуць добрыя. Brexit — гэта вялікая магчымасць для нас, каб развіваць адносіны з многімі краінамі свету. Мы разлічваем актывізаваць палітычныя адносіны з Беларуссю, надаваць вялікую ўвагу гандлю, пра што казаў ваш Прэзідэнт.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.