Вы тут

Беларусь — ЗША: перазагрузка адносін


Двухбаковы дыялог, пытанні рэгіянальнай бяспекі і сітуацыя ва Украіне — гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся ў Мінску з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам


Гэта першы за дваццаць пяць гадоў візіт у Мінск амерыканскага чыноўніка з дзярждэпартаменту такога высокага рангу. Між тым Беларусь заўсёды заяўляла пра гатоўнасць пачаць перазагрузку беларуска-амерыканскіх адносін. Вось і на гэты раз Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка дакладна абазначыў пазіцыю краіны:

— Што тычыцца нашых з вамі адносін, вы вельмі добра ведаеце і дасведчаныя ў тым, што гэта не адзіны сігнал, які мы пасылаем кіраўніцтву ЗША пра нармалізацыю адносін. Гэта ненармальна, што ў сучасным свеце дзве дзяржавы, якія калісьці ваявалі на адным баку супраць ворага, сёння маюць такія, скажам так, слабыя адносіны. Мы, вядома, будзем рабіць усё, каб нашы адносіны развіваліся.

Так, за чвэрць стагоддзя ў адносінах паміж Мінскам і Вашынгтонам былі вельмі няпростыя перыяды. У 2004–2008 гадах ЗША распачалі шэраг недружалюбных дзеянняў супраць Беларусі, уключна з увядзеннем санкцый. У адказ наша краіна знізіла ўзаемнае дыпламатычнае прадстаўніцтва да часовых павераных у справах і абмежавала колькасць супрацоўнікаў амбасадаў. Аднак за акіянам усё больш пачынаюць разумець, што ў сучасным свеце размаўляць на мове санкцый і ультыматумаў — занятак безнадзейны і бесперспектыўны. У выніку ў Мінск усё часцей сталі наведвацца амерыканскія дыпламаты. Да прыкладу, у 2017‑м Беларусь наведала дэлегацыя членаў кангрэса ЗША на чале з сенатарам Роджэрам Уікерам для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Праз год адбыўся візіт памочніка дзяржсакратара ЗША ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах Уэса Мітчэла. У сакавіку сёлета амерыканскі бок быў праінфармаваны аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амбасады ЗША. Следам былі арганізаваныя візіты ў Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША ў еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджа Кента. Зусім нядаўна, у канцы жніўня, у Беларусі прымалі саветніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана. І вось чарговы візіт буйнога амерыканскага чыноўніка.

Вітаючы дыпламата, Аляксандр Лукашэнка сказаў:

— Прыемна вас бачыць тут, не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што ЗША нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь. У гэты складаны час ваш інтарэс да гэтага рэгіёну абнадзейвае.

Дэвід Хэйл — кадравы дыпламат, валодае арабскай мовай. Працаваў на розных пасадах у цэнтральным апараце дзярждэпартамента, быў Амбасадарам у Іарданіі, Ліване і Пакістане, спецпрадстаўніком ЗША па пытаннях мірнага ўрэгулявання на Блізкім Усходзе. Увогуле, сустрэча з такім дасведчаным чыноўнікам дзярждэпа вельмі карысная ў многіх адносінах. Адно з набалелых пытанняў сучаснасці — лёс Дамовы пра ліквідацыю ракет сярэдняй і меншай далёкасці. З яе разбурэннем свет апынуўся на мяжы новай гонкі ўзбраенняў з непрадказальнымі наступствамі. Аднак, паводле слоў Прэзідэнта, нядаўна з’явілася інфармацыя, якая абнадзейвае:

— З’явіліся заявы пра тое, што ні НАТА, ні Расія не збіраюцца размяшчаць у Еўропе гэтыя ракеты. Я, у сваю чаргу, нядаўна сказаў пра тое, што мы ні ў якім разе не будзем ініцыятарамі нядобрых справаў па разбурэнні гэтай дамовы. Больш за тое, мы ніколі не станем такія ракеты размяшчаць на тэрыторыі Беларусі для таго, каб ускладняць абстаноўку (калі гэта не пагражае нашай бяспецы). Ды і з гістарычнага пункту гледжання наўрад ці хто ў нашай краіне зноў хоча зрабіць з яе палігон.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў апошняй сусветнай вайне Беларусь змагалася супраць фашызму разам з ЗША:

— Мы тады страцілі трэць насельніцтва.

Дэвід Хэйл абсалютна згодны з тым, што беларуска-амерыканскія адносіны маюць патрэбу ў нармалізацыі, краінам варта наганяць упушчанае. Ён скарыстаўся выпадкам і перадаў прывітанне Аляксандру Лукашэнку ад дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа:

— Ён папрасіў мяне прыехаць, каб прысутнічаць на важным гістарычным моманце нашых двухбаковых адносін. Пасля нашай сустрэчы мы зробім аб’яву, што будзем абменьвацца амбасадарамі па заканчэнні такой колькасці гадоў без амбасадараў. Мы згодныя з вамі, што склалася становішча рэчаў ненатуральнае, ненармальнае, і рады таму, што гэта заканчваецца. Мы закрываем гэтую главу па прычыне тых крокаў, якія ваша краіна і вы асабіста зрабілі. Таксама адзначаем тое бачанне, якое вы прынялі на ўзбраенне — большая разнастайнасць як ва ўнутраных справах, так і ў зносінах з навакольным светам. Мы вельмі моцна падтрымліваем гэтае бачанне і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам на гэтым шляху.

Дэвід Хэйл адзначыў, што ЗША робяць гэта не з мэтай спаборніцтва з нейкай іншай краінай, а толькі для таго, каб патэнцыял беларуска-амерыканскіх адносін быў рэалізаваны ў поўнай меры:

— Нам вельмі дарагі гэты рэгіён, і мы вельмі ўважліва ставімся да пагроз бяспекі. Акрамя таго, мы вельмі моцна падтрымліваем суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Беларусь і ЗША прынялі рашэнне пра аднаўленне дыппрадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў. Што ж, рашэнне Мінска і Вашынгтона аб аднаўленні дыпламатычнага прадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў як нельга дарэчы.

— У нас ёсць адчуванне таго, што ўзаемнае прадстаўніцтва дзвюх краін у Вашынгтоне і Мінску на ўзроўні часовых павераных у справах ужо не адпавядае рэаліям сённяшняга дня і патрабуе карэкціроўкі, — заявіў на брыфінгу пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Міністр замежных спраў Уладзімір Макей. — Больш высокі ўзровень прадстаўніцтва мог бы дазволіць больш эфектыўна рэалізаваць тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад нашымі краінамі. Ацэньваючы ў цэлым перамовы, якія адбыліся, Міністр падкрэсліў, што яны прайшлі ў атмасферы абсалютнай адкрытасці і ўзаемнага даверу:

— Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносінаў, у тым ліку самыя адчувальныя пытанні — палітычныя, па правах чалавека, пытанні эканамічнага дыялогу. Мы гаварылі не толькі пра бягучы стан нашых адносін, але і пра перспектывы, абмеркавалі канкрэтныя сферы, у якіх маглі б выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва паміж нашымі дзяржавамі.

Дэвід Хэйл назваў рашэнне аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва паміж Беларуссю і ЗША на ўзроўні амбасадараў гістарычным момантам у двухбаковых адносінах. Пры гэтым ён зрабіў вельмі важны акцэнт:

— Нармалізуючы нашы адносіны, мы не просім Беларусь рабіць выбар паміж Усходам і Захадам. ЗША паважаюць жаданне Беларусі вызначаць свой уласны шлях і рабіць свой уклад у мір і стабільнасць у рэгіёне. ЗША застаюцца прыхільнікам падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, дзе наступныя пакаленні будуць мець паспяховую будучыню.

Намеснік дзяржсакратара ЗША вітаў пашырэнне супрацоўніцтва ў пытаннях нераспаўсюджання, бяспекі на мяжы, эканамічнага ўзаемадзеяння і абмену інфармацыяй у сферы агульнай бяспекі.

Уладзімір Міхайлаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.