Дзень пасвячэння ў першакласнікі — сучасная традыцыя ў беларускіх школах
Мой сын сёлета — па-святочнаму прыбраны, з букетам кветак — упершыню стаяў 1 верасня на школьнай лінейцы. З лёгкім хваляваннем узіраўся ў новыя твары. Потым разам усе мы, бацькі й дзеці, знаёміліся з “нашай” першай настаўніцай. Даволі хутка, у сучасным рытме абмеркавалі аргпытанні, расклад званкоў ды, разабраўшы стопкі падручнікаў, загадзя выкладзеных на партах, пайшлі дадому. Усё: першы школьны дзень скончыўся.
І другі прамільгнуў: сын казаў, што ўрокі праляцелі непрыкметна. А праз тыдзень хлопчык мой, бачу, засумаваў. “Мы нічога не робім у школе. Увесь час вучымся па адной і той жа кніжцы, хатніх заданняў няма”, — нібы скардзіўся ён сястры. Яська мая ўжо ў трэцім: ёй і верш па-беларуску трэба вывучыць, і табліцу множання паўтарыць… А ў Даміра — нават дзённіка ж няма. Выслухоўваю “скаргі”, пасміхаюся пра сябе: куды спяшаешся, мой любы? Патрэбен час, каб звыкнуцца са школай, і тое ведае настаўніца. А з адной кніжкай — “Уводзіны ў школьнае жыццё” — усе першаклашкі цяпер адаптуюцца да вучобы. Патрошкі, паступова. 20 урокаў у верасні на тое, каб звыкліся з роляй вучняў ды ўвайшлі ў школьны рытм, засвоілі азы. Выдатна, што ў школе клапоцяцца й пра псіхалагічны камфорт!
А з кастрычніка пачалося тое самае “дарослае” жыццё: з матэматыкай, мовамі, выяўленчым мастацтвам, гурткамі-факультатывамі… Ды перш чым напоўніліся ранцы падручнікамі, новаспечаныя вучні пасля ўводнага курсу “школьнага байца” прайшлі пасвячэнне ў першакласнікі.
Сярожкі ды Наташкі — цяпер мы першаклашкі
У нашай 191‑й мінскай школе гэтае свята вырашылі зладзіць 27 верасня, у пятніцу. Рыхтаваліся: развучвалі вершы, песні, прыпеўкі, рэпеціравалі танцы — кожны сябе прэзентаваць-паказваць будзе на сцэне актавай залы. У класе Даміра вырашылі выканаць песню хорам, мы кожную раніцу паўтаралі словы, і ўрэшце мне нават амаль усё “засела”: бо сынок пастаянна спяваў яе дома. І ўсё ж, калі вядучая запрасіла 1 “А” на сцэну, і “нашы” станавіліся ў тры рады, вочы ў мяне павільгатнелі. Ну якія ж яны яшчэ маленькія, гэтыя Сярожкі ды Наташкі: з вялікімі белымі бантамі, заблытанымі ў валасах, з гальштукамі, збітымі ў бок…
Канцэрт мне спадабаўся вельмі. Столькі непасрэднасці, шчырасці! Прэзентацыі малых змяняліся гумарыстычнымі нумарамі, якія выконвалі старэйшыя школьнікі. Дзеці разгадвалі загадкі пра вучобу, рэбусы накшталт “якія лішнія прадметы ўзяў у школу Нязнайка?”. У зале было шумна, і не толькі з‑за дзіцячага смеху. Многія ж хадзілі разам у дзіцячыя садкі, гулялі летам у двары, таму, пабачыўшы адзін аднаго ў сценах школы, раз-пораз ускоквалі з месцаў, выкрыквалі імёны сяброў ды весела махалі рукамі. Тая пераклічка доўжылася праз увесь канцэрт і весяліла ўсіх: жывыя зносіны, шчырыя эмоцыі — гэта вам не ў гаджэтах сядзець! Потым дзетак папрасілі ўстаць, каб урачыста вымавіць прысягу першакласніка: яны паабяцалі добра сябе паводзіць і выдатна вучыцца. Многія здымалі знакавы момант на смартфоны, і я таксама, ды — распаўзаецца кадр, змахваю слязінкі… Карацей, расчулілі нас усіх дзеткі, прымусілі сэрцы трапятаць, а рукі — вочы выціраць.
Танцуюць — усе!
А потым быў салодкі стол. Для першакласнікаў — іх у нашай школе ў мікрараёне “Уручча” 160 чалавек! — зачынілі “для спецабслугоўвання” школьнае кафэ. Дзяжурныя на ўваходзе стаяць, нікога не пускаюць: “Кафэ зачынена, прыходзьце пазней!”. Ну як сапраўдны карпаратыў з аховай! Быў і вядучы, які забаўляў першакласнікаў, пакуль яны смакавалі трубачкі-вафелькі ды фруктовае жэле. Бацькі натоўпам віснуць адзін над адным: смартфоны, відэакамеры фіксуюць застольную падзею. Пакуль вачыма шукаю свайго ўдзельніка тусоўкі, аднекуль збоку чую знаёмы голас: “Мама, глядзі! Мне далі сок! І кніжку “Букварёнок” — трымай, а то рукі занятыя…” Бачу: кашуля вылезла з штаноў, шчокі — чырвоныя, лоб — потны, а вочы — шчаслі-і-івыя! Сунуў кніжку ды зноў знік, згубіўся ў натоўпе гаманлівай дзятвы.
У захапленні, вядома ж, былі як першакласнікі, так і бацькі: не чакалі, што свята будзе “з размахам”. У той дзень, здавалася, уся школа адзначала папаўненне ў шэрагах, хоць у іншых класах ішлі заняткі па звычайным раскладзе. А напрыканцы свята была… дыскатэка! І не з дзіцячымі песенькамі ад герояў вядомых савецкіх мультфільмаў — падагравала юных танцораў самая сапраўдная, рытмічная “папса”, якую, як аказалася, тыя добра ведаюць. Ну чуюць жа нашы дзеці такі “дарослы кантэнт” з адкрытых вокнаў аўто, смартфонаў бацькоў, старэйшых сяброў, братоў і сясцёр. І бачылі б вы тую малалетнюю гурму, якая сінхронна скакала з вокрыкамі: “Ты пчела, я пчеловод./ Пчелы любят мёд,/ Бж-бж-бж”!
У той дзень сын быццам як змяніўся. Ведаеце, бывае, глядзіш увесь час на сваё дзіця, а потым р‑раз — і разумееш: гэта ўжо не твой, а паралельны твайму свет. Мой Дамір пасля пасвячэння ў першакласнікі стаў больш адказным, засяроджаным… Кожную раніцу пытаецца: “Мам, я на заняткі не спазняюся?” Школа ў тым, я ўпэўнена, сваю станоўчую ролю адыграла. Бо ўсе мы ведаем, што першыя крокі ў любой справе — самыя цяжкія. Але ж калі цябе на гэтым этапе падтрымліваюць і падбадзёрваюць, то ісці па доўгай дарозе ведаў не так і страшна. І нават цікава.
Што ж, у добры шлях, мой мілы першакласнік!
Аліса Гюнгер
Фота аўтара
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.