Вы тут

Мы спяваем пад гітару


У Даўгаўпілсе, у канцэртнай зале Арт-цэнтра імя Марка Роткі, з аншлагам прайшоў І Міжнародны фестываль беларускай  аўтарскай песні. Паўдзельнічалі ў ім аўтары й выканаўцы з Латвіі, Беларусі ды Літвы.


Сяргей Пічугін

“В поездах и в машинах, и просто пешком,/ На байдарках, на лыжах с тяжёлым мешком,/ Не за школьной окрашенной партой/ Твою пестро-зелёную карту/ Изучили давно наизусть,/ Беларусь, Беларусь”. Знакамітай у колах самадзейных турыстаў Бацькаўшчыны, ды й замежжа песняй “Беларусь”, напісанай мінскім бардам Арыкам Крупам у студзені 1971‑га, быў адкрыты І Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе. Праз два месяцы аўтар песні разам з таварышамі загінуў пад лавінай у Саянах. Засталіся яго аматарскія аўдыёзапісы і каля 80 песень, многія з якіх сталі ўжо класікай турыстычнай  песні.

Тры гады таму ў Цэнтры беларускай культуры іх спявалі барды з Мінска, якія спецыяльна прыехалі ў Даўгаўпілс, на радзіму Арона Якаўлевіча Крупа (1937–1971). Тады ж нарадзілася ў Беларускім культурна-асветным таварыстве “Уздым” ідэя форуму аўтарскай песні, які паяднае бардаў і выканаўцаў Латвіі ды Беларусі, а таксама іншых краін.

Мэта нашага фестывалю — пашыраць сучасную інтэлектуальную, высокамастацкую песню. Пра тое як аўтар праекта і кіраўніца суполкі “Уздым” я расказала на пачатку канцэртнай праграмы. А консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч у вітальнай прамове пажадаў фэсту поспехаў і развіцця.

Марыя Гербрэдэрэ

У першым фестывалі, які праходзіў 6 верасня 2019 года, паўдзельнічалі 12 аўтараў і выканаўцаў: Марыя Гербрэдэрэ, Сяргей Салаўёў, Анатоль Галлер, Анатоль Байко, дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермачэнкі (Даўгаўпілс), Сяргей Пічугін (Рыга), дуэт Яўгена Пашкевіча і Лідзіі Знотыні (Ліваны, Латвія), Сяргей Шабадалаў (Вісагінас, Літва). Ганаровымі гасцямі фэсту сталі вядомыя аўтары і выканаўцы Максім Іўкін і Зміцер Бартосік з Беларусі.

Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Кожны ўдзельнік фэсту спяваў адну песню на беларускай мове (тое абавязкова па ўмовах фестывалю) ды іншыя па выбары. Прагучала некалькі песень на словы паэта Станіслава Валодзькі. Зьміцер Бартосік (журналіст і бард, аўтар двух альбомаў сваіх песень і аднаго альбома расійскай аўтарскай песні ў перакладах на беларускую мову Рыгора Барадуліна) выканаў песні Булата Акуджавы, Юрыя Левітанскага і Сяргея Нікіціна, а таксама свае з альбома “Дарога на Вільню”.

Максім Іўкін — кампазітар, даследчык і выканаўца. Ён працуе ў розных стылістычных кірунках: ад акадэмічнага авангарду да акустычнага фолк-блюзу. Максім спяваў у нас аўтарскія песні, да якіх напісаў музыку. Сюрпрызам для гледачоў стала песня на латгальскай мове ад мінскага артыста.

У фінале канцэрту паэт Станіслаў Валодзька прачытаў верш “Наш фестываль”, які прысвяціў І Міжнароднаму фестывалю беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе. Завяршальным акордам песеннага форуму стала ўзнагароджанне ўдзельнікаў — яны атрымалі кветкі, дыпломы й фірмовыя сувеніры. Іх уручалі гасцям мы з Валерыем Амбросавым як сябры праўлення “Уздыма”.

Ладзіла фэст, маю гонар тое падкрэсліць яшчэ раз, наша Беларускае культурна-асветнае таварыства “Уздым”. Выказваем падзяку ўсім, хто нас падтрымаў і словам, і справай.

Дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермачэнкі

Варта яшчэ аддаць, што праект “І Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні” Беларускага таварыства “Уздым” рэалізуецца пры садзеянні Фонду падтрымкі грамадскіх арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».