Вы тут

Ах, піражкі бульбяныя...


На чарговым Свяце бульбы ў латвійскім Екабпілсе вызначыліся кухаркі­ беларускі з Даўгаўпілса


Пачну нататку з радаснай весткі: бульбяныя піражкі, якія згатавалі артысткі з нашага гурта “Купалінка”, прыйшліся ўсім даспадобы на фэсце: занялі першае месца! Як бачыце, нашы дзяўчаты не толькі спяваць хораша ўмеюць. Свае кулінарныя таленты яны пацвердзілі 31 жніўня: калі екабпілскае Беларускае таварыства “Спатканне” ладзіла традыцыйнае Свята бульбы. Праходзіла яно ў чацвёрты раз, і штогод у ім удзельнічае дэлегацыя беларускай дыяспары з Даўгаўпілса.

Сонечнай суботай “Купалінка” рушыла ў госці да сяброў. Па дарозе ў Екабпілс мы прыпыніліся ў Ерсіцы, пакланіліся ўнікальнаму праваслаўнаму храму Пераўтварэння Гасподняга, вядомага як “жалезная” царква. Гэта ж і “царква, якая вандруе”: выраблена ў Адэсе, потым стаяла ў Даўгаўпілсе, на месцы Барыса-Глебскага сабора, затым пераехала ў Ерсіку. Наступны прыпынак зрабілі ў мястэчку Трэпе, пад Екабпілсам: там на горцы ля шашы Даўгаўпілс — Рыга ўсталяваны памятны камень у гонар вядомага вучонага, акадэміка, матэматыка, географа, астранома, даследчыка Арктыкі Ота Шмідта. Ён нарадзіўся ў Беларусі, а ў Латвіі летам гасцяваў у бацькоў маці, народжанай Эргле.

(Знакаміты вандроўнік і вучоны хоць не быў беларусам па крыві, але ж родам з Магілёва (1891): то беларус па нараджэнні. Вось як пра бацьку расказваў адзін з трох ягоных сыноў, акадэмік РАН Сігурд Отавіч Шмідт: “Ён — нашчадак перасяленцаў пры Кацярыне ў сярэднюю Латвію — у Латгалію, ваколіцы горада Крустпілс-Екабпілс. Я знайшоў магілу маіх прадзедаў; прабабуля была, мабыць, латышкаю, але яны былі, адначасова, лютэране. Ён бліскуча валодаў нямецкай мовай і быў чалавекам рускай культуры, а нарадзіўся ў Беларусі. Магілёў шмат зрабіў для бацькі. Там гатовыя былі адкрыць музей да стагоддзя. Потым ён жыў у Адэсе, вучыўся ў гімназіі. А ў 1917‑м пераехаў у Пецярбург, пачаў працаваць, і ўжо з урадам пераехаў у Маскву. — Рэд.) Далей мы наведалі Крустспілскі замак, які некалькі стагоддзяў быў родавым маёнткам баронаў фон Корфаў, а цяпер перажыў вялікую рэстаўрацыю. Так і дабраліся да сяброў з суполкі “Спатканне”.

Ганаровымі гасцямі на свяце былі мэр Екабпілса Айварс Крапс, яго намесніца Крысціна Озала, Амбасадар Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч. Яны віншавалі сяброў суполкі “Спатканне” са святам, якое стала ўжо брэндавым фэстам беларусаў Екабпілса. Васіль Марковіч уручыў кіраўніцы таварыства Валянціне Дарашчонак юбілейны медаль “100 год дыпламатычнай службе Беларусі” — за шматгадовую працу на карысць беларускай культуры й мовы ў Латвіі. Удзельнікі свята даведаліся шмат цікавага з гісторыі пашырэння бульбы па свеце, чыталі вершы, спявалі песні “ў тэму”. З народнымі песнямі ды прыпеўкамі ярка выступіў гурт “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, а паэт Станіслаў Валодзька чытаў свае вершы.

Абавязковы элемент свята ў Екабпілсе — стравы з бульбы. Мы частавалі сяброў клёцкамі са смятанай, а на конкурс прадставілі “Радасць дзеда”: вельмі смачныя піражкі з бульбянога пюрэ ад старасты ансамбля Іны Валюшкі. Назва ж піражкоў тлумачыцца тым, што ў гатаванні стравы традыцыйна ўдзельнічае мужчына — бо патрэбна сіла, каб добра патаўчы звараную бульбу. Яшчэ патрэбен, жартавалі мы, здаровы мужчынскі апетыт, каб з вялікай ахвотай есці гэтыя простыя, сытныя й вельмі смачныя піражкі, ды вялікае сэрца й моцны розум — каб пры тым не шкадаваць гаспадыні кампліментаў. Ну а паколькі гэтае смакоцце мы прыгожа й “падалі”, то страва наша пайшла на ўра: на конкурсе заняла першае месца!

Удзельнікі свята з Амбасадарам Васілём Марковічам

І яшчэ невялічкае “бульбяное” пасляслоўе да свята. Паводле даўняй традыцыі беларусаў, госцю, які выпраўляўся дадому, давалі гаспадары “вузельчык у дарогу”. Дык вось, на гэты раз шаноўны Амбасадар, Васіль Міхайлавіч Марковіч, паехаў у Рыгу — з даўгаўпілскімі бульбянымі піражкамі.

Арганізатары плануюць у наступным годзе пятае Свята бульбы вывесці ўжо “з‑пад даху” беларускага таварыства на агульнагарадскі ўзровень. Бо яно таго вартае!

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.