Вы тут

Ці з'явіцца ў Беларусі свята ўз'яднання народа?


Ужо не першы год беларускія гісторыкі ўзнімаюць гэта пытанне. Уласна, такое свята было. 1 кастрычніка 1939 года Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло пастанову па пытаннях заходніх Украіны і Беларусі, якая абавязвала сабраць Беларускі народны сход. Права выбару ў яго мелі грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў, незалежна ад расавай і нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання, адукацыі, сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча і мінулай дзейнасці. Упершыню ў гісторыі Заходняй Беларусі жанчыны атрымалі права не толькі выбіраць, але і быць абранымі. І трэба сказаць, што выбары тады праходзілі пры надзвычай высокай актыўнасці насельніцтва: у галасаванні ўдзельнічала 2 мільёны 672 тысячы чалавек (96 працэнтаў выбаршчыкаў).


Работа Народнага сходу пачалася 28 кастрычніка ў Беластоку. Адзінагалосна была прынята дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. А 17 верасня вырашылі абвясціць Нацыянальным днём вызвалення рабочых Заходняй Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў — і ў 1940 годзе такое свята адзначалася, але пасля Другой сусветнай вайны пра яго забыліся. «Цэнтральнае савецкае кіраўніцтва не хацела лішні раз крыўдзіць Польскую народную рэспубліку, якая стала важным саюзнікам, і верадзіць раны польскай гістарычнай памяці. Дзеля гэтага, на думку Масквы, можна было змаўчаць пра гісторыю адной з рэспублік — заснавальніц Савецкага Саюза», — тлумачыць кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Сяргей Траццяк.

У 1989 годзе ветэраны кампартыі Заходняй Беларусі ўзнялі пытанне аб устанаўленні ў рэспубліцы грамадска-палітычнага свята — Дня ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР і прапанавалі некалькі дат, сярод якіх былі і 17 верасня, і 28 кастрычніка. Аднак указ прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 11 студзеня 1990 года спыніўся на даце 14 лістапада (калі ў 1939 годзе трэцяя пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР ухваліла закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі). Але падчас перыпетый пачатку 90-х пра свята зноў забыліся.

— Пра слаўныя даты свайго мінулага мы абавязаны гаварыць на ўвесь голас і на наша мінулае павінны глядзець сваімі вачамі, інакш не заўважым, як пазбавімся не толькі сваёй гістарычнай памяці, але і сваёй гісторыі. Дзень уз'яднання адзінага народа ў адзінай дзяржаве — чым не падзея, якую трэба адзначаць на дзяржаўным узроўні? — заўважыў Сяргей Траццяк падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі, што прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук і была прымеркавана да 80-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Вызваленчы паход

Намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл РБ па навуковай рабоце, палкоўнік, доктар ваенных навук, прафесар Мікалай Бузін лічыць: важна не толькі гаварыць пра тое, што адбывалася, але і ацэньваць, як пэўныя гістарычныя падзеі паўплывалі на сучаснае жыццё. Паводле Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага ў 1921 годзе дэлегацыямі Польшчы, савецкіх Расіі і Украіны ў адсутнасці і без удзелу дэлегацыі Беларусі, амаль палова этнічных беларускіх тэрыторый адышла ў склад Польшчы — дзяржаўная граніца праходзіла ў раёне сучаснай станцыі Негарэлае (за 50 км ад Мінска). На працягу ўсяго міжваеннага перыяду палітычнае, эканамічнае і сацыякультурнае развіццё раздзеленых частак працягвалася ў супрацьлеглых кірунках. Палітыка, якая праводзілася польскімі ўладамі ў заходніх рэгіёнах Беларусі, не падабалася мясцоваму насельніцтву, пра што сведчыць шырокі нацыянальна-вызваленчы рух, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі розных палітычных сіл, і ўсе выступалі за адзіную ідэю — аб'яднанне краю і народа.

«Уз'яднанне Заходняй Беларусі з СССР мае вялікую гістарычную значнасць для беларускага народа, — упэўнены Мікалай Бузін. — Пры ўсіх шматлікіх неадназначных ацэнках назаўжды застанецца фактам тое, што Беларусь упершыню за ўсю гісторыю стала тэрытарыяльна цэласным дзяржаўным утварэннем. Гэта з'явілася найважнейшым стымулам імклівага нацыянальна-культурнага развіцця, перадумовай набыцця дзяржавай суверэнітэту».

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года кіраўніцтва СССР, нягледзячы на мэтанакіраваныя спробы Германіі па ўцягванні ў ваенныя дзеянні супраць Польшчы савецкіх Узброеных Сіл, заняло пазіцыю чакання. «Масква давала зразумець Берліну, што галоўнымі для савецкага кіраўніцтва з'яўляюцца не ваенныя дзеянні супраць польскіх войскаў, а заняцце этнічных тэрыторый, заселеных беларусамі і ўкраінцамі», — аргументуе Мікалай Бузін.

16 верасня 1939 года часцям Чырвонай Арміі Беларускага фронту быў даведзены загад, у якім падкрэслівалася вызваленчая місія войскаў. Ім забаранялася бамбіць і абстрэльваць з гармат населеныя пункты, ад іх патрабавалася праяўляць лаяльныя адносіны да польскіх ваеннаслужачых, калі тыя не будуць аказваць узброенага супраціўлення. 17 верасня Чырвоная Армія перайшла граніцу і хуткімі тэмпамі прасунулася на захад. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125,5 тысячы км2 да 225 тысяч, колькасць насельніцтва рэспублікі вырасла амаль у два разы.

На далучаных у 1939 годзе землях былі праведзены радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, ліквідавана беспрацоўе, адменена плата за навучанне ў школах. Значныя перамены адбыліся ў народнай асвеце і ахове здароўя, развіцці навукі і культуры. Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч нагадаў, што за кароткі час была наладжана сістэма бясплатнага медабслугоўвання. Калі ў 1938 годзе ў заходніх абласцях Беларусі было толькі 80 бальніц і каля тысячы ўрачоў, то ў канцы 1940-га тут мелася 243 бальніцы і радзільныя дамы, 207 паліклінік і амбулаторый; у медыцынскіх установах працавала 1755 урачоў і 5585 медработнікаў сярэдняга звяна. Калі ў 1937/38 вучэбным годзе ў Заходняй Беларусі дзейнічала каля 4670 школ, навучанне ў якіх адбывалася на польскай мове, то ў 1940/41 — 5959 школ, прычым больш за чатыры тысячы з іх вялі навучанне на беларускай мове, астатнія — на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай.

У пачатку 1941-га каля 170 тысяч дарослых наведвалі школы па ліквідацыі непісьменнасці. У заходніх абласцях БССР было адкрыта пяць вышэйшых навучальных устаноў і 25 сярэдніх спецыяльных. Але адначасова тут жа з'яўляліся нацыянальныя культурныя ўстановы і на польскай і яўрэйскай мовах. У заходнім рэгіёне на беларускай мове сталі выдавацца газеты, працавалі рэдакцыі беларускага радыёвяшчання, адкрылася пяць тэатраў, дзейнічала 220 бібліятэк. Натуральна, такія захады спрыялі аб'яднанню беларусаў як нацыі на адзінай тэрыторыі, стварылі асновы для вывучэння і выкарыстання беларускай мовы.

Як змагацца з гістарычнымі фэйкамі?

У многіх сучасных СМІ, наракаюць навукоўцы, падзеі 1939 года асвятляюцца аднабока. А некаторыя заявы нават абурылі гісторыкаў, пра што яны выказаліся на навуковай канферэнцыі.

— Мы пачулі многа заяў, што 17 верасня 1939 года Савецкі Саюз уступіў у Другую сусветную вайну (напаў на Польшчу, апынуўся ў стане вайны з Польшчай, здзейсніў акт агрэсіі). Аднак 80 гадоў таму падобны пункт гледжання быў бы для многіх дзіўным, — адзначае дырэктар Фонду садзеяння актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць» Аляксандр Дзюкаў. — Ні Англія, ні Францыя, ні сама Польшча не аб'явілі аб стане вайны з Савецкім Саюзам. Сёння трэба арыентавацца на ацэнкі, якія даваліся сучаснікамі тых падзей, ацэньваць падзеі з тых пунктаў гледжання, перш за ўсё юрыдычных, якія дзейнічалі ў той час. Зваротнай сілы закон не мае.

Каб высветліць, як сусветная супольнасць у тыя часы ацэньвала падзеі, што адбываліся напярэдадні і ў час пачатку Другой сусветнай вайны, расійскія даследчыкі вывучалі архівы Лігі нацый, якія захоўваюцца ў Жэневе. Яны хацелі высветліць, якія афіцыйныя заявы польскае прадстаўніцтва пры Лізе нацый рабіла ў сувязі з падзеямі верасня 1939 года і ці былі яны наогул. Першы і адзіны дакумент, звязаны з уступленнем савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходніх Украіны і Беларусі, датуецца толькі канцом кастрычніка 1939 года, і ў ім заяўляецца пратэст адносна таго, што тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, а таксама Віленскі край уключаюцца ў склад Савецкага Саюза. Польскае прадстаўніцтва пры Лізе нацый заявіла пра тое, што не прызнае падобнага збегу рэчаў, але пры гэтым не дадало, што гэтыя дзеянні з'яўляюцца актам агрэсіі ці вайны. Заява вытрымана ў даволі спакойным тоне, куды спакайнейшым, чым тое, што падаецца ў некаторых сучасных СМІ.

— Сёння шмат размоў ідзе пра пакт Молатава — Рыбентропа, некаторыя гатовы разважаць па гэтай тэме бясконца, асабліва па сакрэтных пратаколах. Абвінавачанне СССР як хаўрусніка Германіі па развязванні Другой сусветнай вайны выказваецца не толькі замежнымі апанентамі, але і айчыннымі даследчыкамі, прычым некаторыя з іх маюць дыпломы кандыдатаў навук, — заўважыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. — Калі гаварыць навукова-дакладна, такога дакумента, як пакт Молатава — Рыбентропа, ніхто не прымаў. У дакументальных крыніцах адзначана, што 23 жніўня 1939 года быў падпісаны дагавор аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Звярну вашу ўвагу на пункт 2 сакрэтнага пратакола, у якім падкрэслена, што «ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзяць у склад Польскай Дзяржавы, мяжа інтарэсаў Германіі і СССР будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нарэва, Віслы і Сана. Пытанне, ці з'яўляецца ва ўзаемных інтарэсах жаданне захавання незалежнай Польскай Дзяржавы і якія будуць граніцы гэтай дзяржавы, можа быць канчаткова высветлена толькі на працягу далейшага палітычнага развіцця». Скажыце, дзе тут ідзе размова аб падзеле Польшчы? У гэтым пункце ёсць толькі нейкія размытыя фармулёўкі...

Чаму пытанне пра тое, што паслужыла прычынай Другой сусветнай вайны, да гэтага часу так шырока абмяркоўваецца? Здавалася б, яшчэ ў 80-я гады былі выдадзены дакументы і матэрыялы, якія раскрываюць сутнасць міждзяржаўных адносін напярэдадні вайны, беларускімі даследчыкамі апублікавана шмат работ, прысвечаных гэтай праблематыцы. Большасць з іх пераканаўча сведчыць аб тым, што ініцыятыва заключэння дагавора зыходзіла з нямецкага боку. Напярэдадні ў звароце да Сталіна Гітлер пісаў, што незалежна ад таго, будзе заключаны гэты дагавор ці не, германская армія ўсё роўна пачне вайну супраць Польшчы. Пра гэта сказана ў тым ліку і ў 4-м томе «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці».

Чаму некаторыя даследчыкі не заўважаюць тых дакументаў — дамоў, пагадненняў, якія былі ажыццёўлены палітычнай элітай шэрагу еўрапейскіх краін, і ўсю ўвагу засяроджваюць на ацэнцы савецка-германскага дагавора 23 жніўня 1939 года? Калі мы звернемся да дакументаў, то ўбачым: у Лізе нацый СССР неаднаразова ўздымаў перад міжнароднай супольнасцю пытанне неабходнасці заключэння ўсеагульнага міру, дагавора ўсеагульнага раззбраення, аднак еўрапейскія партнёры з розных прычын ігнаравалі падобныя ініцыятывы. Вось гэтая палітыка і прывяла ў далейшым да распальвання Другой сусветнай вайны.

— Спробы ўраўняць адказнасць Савецкага Саюза і нацысцкай Германіі — гэта не проста абраза, гэта здзек са здаровага сэнсу, — адзначыў Аляксандр Каваленя. — Лічу, што на публічныя выступленні, якія абражаюць нацыянальную гісторыю, подзвіг народа, неабходна рэагаваць рашуча і заклікаць некаторых да адказнасці. Наўмыснае скажэнне мінулага беларускага народа, падзей Вялікай Айчыннай вайны, Вялікай Перамогі павінна расцэньвацца як спроба, накіраваная на разбурэнне дзяржаўнай бяспекі. На жаль, да сённяшняга дня навуковая супольнасць не распрацавала агульнай навуковай канцэпцыі асвятлення сусветнай гісторыі. Адсутнічае аб'яднанне навукоўцаў, гісторыкаў розных краін, здольных сумеснымі намаганнямі выпрацаваць агульны канцэптуальны падыход да ацэнкі і трактоўкі падзей развіцця сусветнага грамадства. У гэтай сувязі становіцца актуальным, каб гісторыкі Беларусі і ўсіх зацікаўленых краін выступілі арганізатарамі навуковага грамадскага аб'яднання ці камітэта, які б арганізаваў работу гістарычных школ Еўропы, накіраваную на збліжэнне падыходаў і ацэнак гістарычнага мінулага. Мы разам з германскімі калегамі стварылі камісію па разглядзе цэлага шэрагу пытанняў гісторыі беларуска-германскіх адносін. Архіважна не спыняць карпатлівай працы па абмене інфармацыяй з расійскімі, германскімі і польскімі даследчыкамі. Важна, каб новыя пакаленні выпрацоўвалі і выбудоўвалі гістарычныя даследаванні не на канфрантацыі з мінулым, а скарыстоўвалі навуковы вопыт і традыцыі, якія грунтуюцца на кансалідацыі намаганняў дзеля агульначалавечага разумення гісторыі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Назаўжды разам

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Грамадства

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Знізіць аварыйнасць і траўматызм

Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?