Вы тут

Як дзяўчынкі падчас вайны насілі хлеб з вёскі ў партызанскі атрад


Усё менш застаецца жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. І таму ўспаміны тых, хто і цяпер можа расказаць пра падзеі ліхалецця 40-х гадоў, становяцца ўсё больш каштоўнымі.

Малая радзіма нашага даўняга сябра з Вялікай Бераставіцы Міхаіла Маскальчука — Любанскі раён. Гэта мясціны з багатым партызанскім мінулым. Міхаіл Васілевіч ужо апавядаў пра спецаперацыю, падчас якой партызаны здабылі дэфіцытную соль. Цяпер жа ў працяг тэмы — дзве гісторыі.


Пе­ра­ход праз ба­ло­та пар­ты­зан 25-й бры­га­ды імя П. Па­на­ма­рэн­кі.  Не­дзе ў гэ­тым страі на­род­ных мсці­ўцаў зна­хо­дзяц­ца ма­лень­кія пар­ты­зан­кі Рая і Лі­да.

Небяспечнае падарожжа па хлеб

25 лістапада 2015 года ў «Звяздзе» ў праекце «Плацдарм» было надрукавана апавяданне «Тут гучалі галасы». Гаворка ў ім ішла пра маю першую вясковую школу, якая размяшчалася 60 гадоў таму ў простай сялянскай хаце жыхаркі вёскі Камуна Любанскага раёна Раісы Кур'ян.

І вось у пачатку гэтага года, пераадолеўшы амаль 500 кіламетраў, я зноў на сваёй малой радзіме. Пад'язджаю да звычайнага цаглянага дома, акуратна пабеленага клапатлівай гаспадыняй. Тут і жыве Раіса Мікітаўна. Убачыўшы мяне, цётка Рая замітусілася, пачала збіраць стол. Яна засталася такой жа гасціннай гаспадыняй, якой была заўсёды.

Я вырашыў распытаць Раісу Мікітаўну, што яна памятае пра вайну. А аказалася, што цётка Рая сама была юнай партызанкай у атрадзе і выконвала разам са сваёй малодшай сяброўкай Лідай далёка не дзіцячыя заданні камандавання партызанскага атрада, часта рызыкуючы сваім жыццём.

Далей апавядае Раіса Мікітаўна.

— Нарадзілася я ў далёкім 1931 годзе. Мой тата, Кузняцоў Мікіта Арсеньевіч, былы чырвонаармеец, прыехаў у канцы 20-х гадоў асушаць Мар'інскія балоты. Тут пазнаёміўся з маёй мамай Аляксандрай Спірыдонаўнай, яны пажаніліся. Калі мне быў годзік, то ў нашу вёску прыехаў у канцы красавіка 1932 года Янка Купала, які тое, што ў нас рабілася, апісаў у паэме «Над ракой Арэсай». Паэт любіў гутарыць з жыхарамі вёскі, у тым ліку і з маім бацькам.

У 1940 годзе тата разам з маміным братам Паўлам Спірыдонавічам удзельнічаў у фінскай вайне. Пайшлі ваяваць і ў 1941-м.

17 ліпеня фашысты ўварваліся ў нашу вёску і ў той жа дзень разрабавалі і спалілі яе, забілі двух жыхароў.

Першую зіму мы з мамай перажылі ў вясковым клубе, які карнікі не знішчылі. А ў 1942-м, калі навокал масава пачалі з'яўляцца партызанскія атрады, мая маці пайшла ў адзін з іх, які ўваходзіў у 25-ю брыгаду імя Панцеляймона Панамарэнкі. У гэтай брыгадзе ўжо ваяваў мамін малодшы брат Фёдар Спірыдонавіч. Спачатку мама была сувязная ў атрадзе разам з яшчэ адной жыхаркай вёскі Камуна Аленай Шыкуновай. Затым жанчын перавялі ў гаспадарчы ўзвод, бо яны ўмелі добра гатаваць. У маміным распараджэнні быў конь з возам, на якім вазілі посуд і прадукты, бо атрад увесь час перамяшчаўся. Мне было 11 гадоў, я дапамагала матулі гатаваць ежу для партызан, насіла дровы, распальвала кацёл, абірала бульбу.

У Алены Шыкуновай былі дзве дачкі — Ліда і зусім маленькая Ірачка. Мы з Лідай сябравалі, дапамагалі сваім матулям. Я была баявая дзяўчынка і хацела ваяваць, біць фашыстаў, як мой тата на фронце, а не сядзець на кухні. Я так надакучыла маці, што тая адвяла мяне да камандзіра нашага атрада.

— Што мне з ёй рабіць, хоча ваяваць, — стала гаварыць маці, моцна трымаючы мяне за руку.

— Добра, няхай ваюе. Вінтоўку мы ёй не дадзім. Яна цяжкая для яе, а вось хлеб будзе збіраць па хатах для партызан. Ну што, згодная, Раечка? — усміхнуўся камандзір.

— Ну канешне, згодная! — весела адказала я. — Толькі дазвольце мне, таварыш камандзір, выконваць заданні разам з маёй найлепшай сяброўкай Лідай, яна ўжо амаль дарослая!

— І колькі ж гадоў тваёй амаль дарослай сяброўцы? — спытаў камандзір.

— Ужо многа! Хутка сем! — адказала я камісару атрада.

— Аляксандра Спірыдонаўна, тут такая сітуацыя склалася. Нашы хлопцы збіраюць па вёсках у жыхароў хлеб, які яны пякуць для нас. Але з кожным днём рабіць гэта ўсё цяжэй. Немцы і паліцаі хапаюць усіх падазроных і адпраўляюць у гестапа, — прамовіў камандзір, падышоўшы да мамы. — З гестапа і з СД жывымі не вяртаюцца! А на дзвюх дзяўчынак, я думаю, ніхто не зверне ўвагі. Ну ідуць дзве жабрачкі, пабіраюцца... Ну а вы з Аленай Шыкуновай павінны на гэта даць згоду як маці дзяўчынак. Тым больш, Спірыдонаўна, што ў вас Раечка — адзіная дачка!

— Я даю згоду, думаю, згодная будзе і Алена! — прамовіла мая маці.

Ра­і­са Кур'­ян.

Так мы з Лідай сталі выконваць заданні камандавання нашага атрада. Звычайна нашы разведчыкі паказвалі нам план вёскі, намаляваны на аркушыку са школьнага сшытка. Там былі пазначаны крыжыкам хаты, куды мы з Лідай павінны былі заходзіць па хлеб. Затым у пэўнай хаце або ў спецыяльнай схованцы ў лесе мы пакідалі хлеб і ляснымі сцяжынкамі дабіраліся ў свой атрад. Хлеб ноччу ўжо без нас забіралі партызаны. Гэта была вельмі небяспечная работа. Разведчыкі прымушалі нас запамінаць размяшчэнне патрэбных хат у вёсках. Вучылі арыентавацца ў лесе ўдзень і ўначы, правільна распальваць вогнішча, разбірацца ў зброі — як нашай, так і нямецкай. А самае галоўнае — умець захоўваць таямніцу. Ніхто ў атрадзе не павінен быў ведаць, куды і навошта мы ідзем. Фашысты пад выглядам жыхароў і нашых палонных салдат стараліся заслаць у атрад сваіх людзей, і тыя перадавалі інфармацыю ў СД і гестапа.

Угледзеўшы немцаў або паліцаяў, мы з Лідай у патрэбныя хаты не заходзілі. Чакалі, пакуль ворагі пакінуць вёску. Асабліва мы баяліся паліцаяў, бо тыя маглі пазнаць нас. Прычым яны добра ведалі, што нашы маці ў партызанах, а таты ваююць на фронце. Канец быў бы адзін — гестапа.

Вельмі часта нас абшуквалі, ператрасалі палатняныя торбы. На гэты выпадак у нас заўсёды былі з сабой некалькі яек, малако, па кавалачку сала. Усе прадукты харчавання карнікі адразу забіралі і яшчэ задаволеныя крычалі: «О, гут, яйкі, млеко, шпік, кіндэр партызанкі... клоп нету?»

Затым настаўлялі на нас аўтаматы і рагаталі: «Пух, пух, кляйнэ партызанкі». Пасля давалі кухталя ў плечы і праганялі.

Хадзілі мы з Лідай па хлеб у вёскі Жыткавіцкага, Любанскага, Петрыкаўскага раёнаў. Мы не толькі збіралі хлеб, але яшчэ і запаміналі, якія войскі знаходзяцца ў вёсках, якое ў іх узбраенне, дзе знаходзяцца нямецкія пасты і агнявыя пункты. Пра ўсё, што бачылі, мы з Лідай дакладвалі камандзіру нашага атрада, калі вярталіся з чарговага задання.

Выратавальнік на чорным жарабцы

— Мой дзядзька, мамін брат Фёдар Спірыдонавіч, быў сувязны ў нашай брыгадзе, — працягвае Раіса Кур'ян. — Ездзіў вярхом на чорным жарабцы Орліку, быў узброены важкім маўзерам у драўлянай кабуры, на грудзях насіў аўтамат ППШ і палявы бінокль. Дзядзька Фёдар перадаваў шматлікія данясенні ў атрады нашай 25-й брыгады. І вось у пачатку сакавіка 1944 года ён здзейсніў сапраўдны подзвіг, але з-за сваёй сціпласці амаль нікому пра гэта не расказваў.

У раёне вёскі Альбінск і партызанскага аэрадрома Зыслаў частка партызанскіх брыгад Палескага злучэння трапіла ў акружэнне. Фашысцкае камандаванне разумела, якую пагрозу ўяўляюць партызаны, што дзейнічалі ў тыле іх арміі, і накіравала супраць злучэння рэгулярныя часці, знятыя з фронту, а таксама тыя, што знаходзіліся ў рэзерве. Былі задзейнічаны авіяцыя, ахоўныя батальёны, дапаможныя сілы паліцыі. Пачаліся цяжкія баі партызан з захопнікамі.

— Пад раніцу, калі яшчэ было цёмна, Фёдар, выканаўшы чарговае заданне, вяртаўся ў штаб сваёй 25-й брыгады, — згадвае Раіса Кур'ян. — Непадалёк ад ракі Арэсы ён сустрэў невялікую групу партызан і мірных жыхароў з дзецьмі, якую праследавалі карнікі з сабакамі і паліцаі. Наперадзе было шырокае поле, за ім рака, якая моцна разлілася. Трэба было тэрмінова пераправіцца на правы бераг, інакш бы ўсе загінулі. Як на бяду, вялікі плыт гойдаўся пад парывамі ветру на процілеглым беразе, і яго трэба было як мага хутчэй перагнаць праз раку. А якая там цеплыня вады ў сакавіку — па ёй сям-там плылі кавалкі лёду.

Той плыт не кожны мог прыгнаць нават улетку. Адлегласць вялікая, плыт важкі, а тут яшчэ і халадэча. Ды і плыўцоў сярод партызан таксама не было. Стварылася крытычная сітуацыя. Жанчыны, прыціснуўшы дзяцей да грудзей, пачалі маліцца. У лесе чуліся стрэлы, брэх аўчарак...

— Цётка Рая, з вашага дазволу я працягну аповед далей сам са слоў майго бацькі, — папрасіў я. — Мой тата таксама быў у гэтай групе партызан.

Лі­дзія Са­вік. Тая са­мая ся­мі­га­до­вая дзяў­чын­ка, з якой ха­дзі­ла Рая  на за­дан­ні. Яе та­та, Адам Пят­ро­віч, — род­ны брат Пра­ко­па Адзя­ры­хі,  яко­га згад­ваў у паэ­ме  «Над ра­кой Арэ­сай» Ян­ка Ку­па­ла.

...І тут з густога туману з'явіўся партызан на чорным жарабцы. «Хутка ўсім спыніць паніку, карнікі выйдуць з лесу, яны за некалькі соцень метраў ад поля», — прагаварыў хлопец, злазячы з каня. Ён стаў хутка раздзявацца, затым смела рушыў у ледзяную ваду. Праз некалькі хвілін плыт быў ужо на левым беразе.

— Ёсць у каго спірт? — пракрычаў партызан, размінаючы рукі.

— Вось вазьміце самагонку, пяршак! — нейкая дзяўчына падала партызану салдацкую фляжку, сарамліва адварочваючыся.

— Хутчэй усе на плот, у першую чаргу жанчыны з дзецьмі!» — загадаў хлопец, абціраючы голае цела самагонкай.

Ён пераправіўся з апошняй партыяй.

«А цяпер хутка ўсе да лесу, пакуль добра не развіднела. На полі вы ўсе загінеце пад агнём кулямётаў, — пракрычаў хлопец. — А я іх пастараюся затрымаць, пакуль дабяжыце да лесу!»

Фёдар папрасіў у нас нямецкі ручны кулямёт, нам аддаў свой аўтамат. Затым заправіў стужку з патронамі, узвёў затвор.

— Орлік, спаць! — крыкнуў хлопец свайму каню.

Жарабец паслухмяна лёг у глубокую лагчыну пад куст вербалозу. Ужо зусім развіднела. Карнікі ўжо выходзілі з лесу, падбягалі да ракі. Убачыўшы нас, сталі страляць з кулямётаў, фашысцкія кулі збівалі галінкі дрэў. Мы, пахапаўшы дзяцей на рукі, забягалі ў ратавальны лес.

Карнікі сталі ўстанаўліваць па беразе мінамёты, і тут запрацаваў партызанскі кулямёт. Немцы і іх памагатыя, разгубіўшыся, пабеглі назад у лес. Але не ўсе дабеглі...

Пасля вызвалення Фёдар Харанэка адправіўся ваяваць на фронт. Пасля Перамогі вярнуўся дадому са шматлікімі ўзнагародамі. Працаваў у Любані кінамеханікам, выхаваў з жонкай трох сыноў. Там і скончыў свой жыццёвы шлях.

А як склаўся лёс маленькай Лідачкі і яе сястры?

Лідзія Сымонаўна Савік скончыла філфак БДУ, затым аспірантуру. У 1977 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучаснай беларускай літаратуры. З 1978 года працавала ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук спярша малодшым, а пасля старшым навуковым супрацоўнікам. Актыўна друкавалася на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў, дзе апублікавана звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Актыўна ўдзельнічала Лідзія Савік у працэсах беларускага нацыянальнага адраджэння, грамадскім жыцці.

Яе малодшая сястра стала вядомай опернай спявачкай, народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. Нам яна вядома як Ірына Шыкунова.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.