Вы тут

Як захаваць смаргонскія найгрышы


У інвентары жывой спадчыны Беларусі захоўваюцца і спеўныя, і танцавальныя, і кулінарныя, і ткацкія, і разнастайныя абрадавыя традыцыі. Сёлета Смаргонскі раён прапануе папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь новым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які завецца «Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі». За складаным, здавалася б, вызначэннем хаваецца не што іншае, як народная музыка — простая, родная і блізкая кожнаму.


Традыцыйныя найгрышы на тэрыторыі міжрэчча Віліі і Гальшанкі нязменна суправаджалі вольны час мясцовых сялян. Выканаўцы — музыкі-самавучкі — ігралі ў вясковых хатах на вяселлях і на танцах, з лёгкасцю пераходзячы з адной мелодыі на другую. Свой музыкант-саліст або ансамбль (капэла) быў амаль у кожнай вёсцы. Музыка была ў асноўным танцавальная, з элементамі імправізацыі, вельмі рытмічная і бадзёрая.

На Смаргоншчыне капэл было шмат. Яны складаліся з саліруючай скрыпкі, часам узмоцненай кларнетам, гармоніка ці акардэона і барабана. Такая капэла ўяўляе сабой яскравы прыклад так званай траістай музыкі — усходнееўрапейскага трохсастаўнага музычна-інструментальнага камернага гурта для суправаджэння танцаў і абрадаў.

У 1990-я гады выканальніцкую традыцыю капэлы траістай музыкі пераняў мультыінструменталіст, смаргонец Чэслаў Жых (кіраўнік узорнага ансамбля народнай музыкі «Гулянок») ад народнага музыканта Уладзіслава Будзько «з рукі на руку» — гэтая методыка перадачы элемента захавалася з пачатку ХХ стагоддзя.

На жаль, музыка нашых дзядоў і прадзедаў пасля сацыяльна-культурных пераўтварэнняў на вёсцы стала незапатрабаваная. Сёння ж носьбіты традыцыі прыкладаюць усе намаганні, каб удыхнуць у народнае інструментальнае выканальніцтва новае жыццё, адрадзіць і зберагчы несправядліва забытую каштоўнасць.

На сёння ў Смаргонскім раёне налічваецца 14 носьбітаў элементаў, а таксама 11 вучняў і пераемнікаў. Найгрышы гучаць у Смаргоні і ў аграгарадку Жодзішкі, таксама любяць гэту музыку ў Крэве, Сіньках, Вішневе, Валэйкавічах. Найгрышы суправаджаюць вяселлі, сямейныя святы, народныя і афіцыйныя ўрачыстасці, вечарыны і конкурсы побытавых танцаў. Носьбіты ўдзельнічаюць у разнастайных канцэртных праграмах раённых свят, шматлікіх рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях.

Традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль смаргонскага міжрэчча Віліі і Гальшанкі складаецца з шэрагу мелодый, адна частка з якіх актыўна выкарыстоўваецца, другая — знаходзіцца ў стадыі вывучэння, расшыфроўкі і асваення.

Узор выдатнай культурнай каштоўнасці на высокім узроўні прэзентуецца праз творчасць удзельнікаў узорнага ансамбля народнай музыкі «Гулянок» і ўзорнага фальклорнага калектыву «Нальшчаначка». Сёння калектывы суправаджаюць рэгістрацыі шлюбаў і вясельныя святкаванні, прыцягваюць увагу зацікаўленай моладзі, дораць шмат пазітыўных эмоцый прадстаўнікам старэйшага пакалення, пераносячы іх у маладыя гады.

Мы маем унікальную магчымасць — арганізаваць свята ў традыцыйным стылі і не толькі цудоўна правесці час, але і дакрануцца да жывой спадчыны сваіх продкаў, адчуць яднанне з імі. Мы маем заслужанае права ганарыцца сваім народам і багатай, самабытнай нацыянальнай культурай.

Алена Бобіна, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Смаргонскага раённага цэнтра культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».