У мінулую суботу ў межах глабальнай экалагічнай кампаніі «Добраўпарадкуем малую радзіму!», а таксама асенняга месячніка па добраўпарадкаванні і азеляненні супрацоўнікі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя займаліся пасадкай дрэў адразу ў двух раёнах сталіцы.
Разам з вучнямі гімназіі № 19 Мінска і спецыялістамі УП «Зелянбуд Фрунзенскага раёна Мінска» супрацоўнікі камітэта на чале з намеснікам старшыні Алегам Бузо высадзілі 30 дрэў у мікрараёне Каменная горка.
На тэрыторыі каля гасцініцы «Пекін» дзякуючы эколагам і спецыялістам УП «Зелянбуд Ленінскага раёна Мінска» таксама з'явіліся 30 саджанцаў.
Акцыі па пасадцы зялёных насаджэнняў пад эгідай Мінпрыроды не заканчваюцца і будуць праходзіць кожную суботу да 2 лістапада ўключна ў буйных населеных пунктах ва ўсіх абласцях краіны. Далучыцца да кампаніі можа кожны ахвотны. Дастаткова пасадзіць дрэва альбо куст у сваім двары ці мікрараёне.
Яшчэ вясной 2019 года для мінчан запрацаваў сайт «Зялёны двор разам!» (http://gorod.gov.by/ozelenenіe/mіnsk), дзе гараджане могуць запісацца на азеляненне сваіх прыдамавых тэрыторый, а таксама пакінуць прапановы па пасадках дрэў і кустоў. Спецыялісты ЖКГ дапамогуць добраахвотнікам арганізаваць работу, па магчымасці выбраць пасадачны матэрыял, дадуць неабходны інвентар.
Глабальная экалагічная кампанія «Добраўпарадкуем малую радзіму», якую ініцыявала Мінпрыроды, праходзіць у нашай краіне ўжо другі год. Яна ўключана ў Рэспубліканскую праграму мерапрыемстваў на 2018—2020 гады пад знакам Года малой радзімы.
Яе мэта — унёсак кожнага ў добраўпарадкаванне раёна, жылога двара, найбліжэйшага парку ці сквера, вадаёма. Гэта можа быць пасадка дрэў ці хмызнякоў, фарбаванне агароджы і лавак, прыборка смецця.
Вераніка КОЛАСАВА
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!