Знакавай падзеяй у міжкультурным дыялогу Беларусі і Расіі стаў Пленум Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які прайшоў у Магілёве гэтымі днямі. Галоўная тэма — роля літаратуры ў станаўленні Саюзнай дзяржавы.
Саюз пісьменікаў Саюзнай дзяржавы быў створаны ў снежні 2009 года. Грамадская арганізацыя аб’ядноўвае тысячу творцаў — найлепшыя літаратурныя сілы дзвюх дзяржаў, спрыяе ўзаемаразуменню, умацаванню сяброўскіх сувязяў паміж народамі.
Акурат да сустрэчы ў Магілёве расійскім бокам быў падрыхтаваны спецыяльны выпуск альманаха «Дзень літаратуры», складзены з твораў беларускіх і расійскіх аўтараў. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што сучасныя творцы, працягваючы найлепшыя традыцыі рускай і беларускай нацыянальных літаратур, звяртаюцца да гістарычных вытокаў Беларусі і Расіі, паказва-юць іх важнасць ва ўмацаванні Саюзнай дзяржавы. Пісьменнікі прысвячаюць свае творы асэнсаванню тэндэнцый сучаснага свету з пагрозамі і супярэчнасцямі. Асаблівая трывога — менш чытаюць дзеці і падлеткі. Кніга — неад’емны складнік фарміравання асобы, прыярытэтны напрамак у культурнай і адукацыйнай палітыцы дзяржавы. Гэта падкрэслівалася і ў выступленнях сустаршынь Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца і старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Іванова. Выступоўцы звярталіся і да тэмы, пазначанай чырвоным радком ва ўсёй рабоце пленума, — тэмы Вялікай Айчыннай вайны.
Пытанне, якое не губляе актуальнасці, — патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці, беражлівага стаўлення да спадчыны. Пісьменнікі лічаць сваім святым абавязкам расказаць аб усіх невядомых старонках Вялікай Айчыннай вайны. Слова пісьменніка заклікана несці праўду. Пісьменніцкую грамадскасць абураюць факты, калі падзеі адной з самых крывавых на зямлі войнаў падвяргаюць рэвізіі, фальсіфікуюць, здзяйсняюць спробы абельвання фашызму. У некаторых краінах Еўропы — здзек з помнікаў! І гэта пры тым, што СССР вызваліў ад фашызму Еўропу!
Літаратары Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы маюць намер актывізаваць дзейнасць з тым, каб увекавечыць подзвігі абаронцаў Айчыны, паказаць агульны ўклад у Перамогу, ролю якой прынізіць не мае права ніхто. Любоў да Радзімы, важкасць духоўных каштоўнасцей і маральных якасцей — гэтаму вучаць патрыятычныя творы пісьменнікаў. Вельмі кранальным момантам для творцаў стала наведванне Буйніцкага поля — свяшчэннага месца салдацкай славы. Усё ўбачанае, адчутае выклікала моцныя эмоцыі і, безумоўна, падштурхне да напісання новых твораў.
Пабывалі ў Бялынічах, дзе ў наступным годзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Расійскія літаратары засталіся ў захапленні ад Шклова . Далей — змястоўная экскурсія па г. Магілёве, гасцінны прыём і размяшчэнне ў Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным кале-джы імя К. П. Арлоўскага. Пазнавальнымі для літаратараў сталі экскурсіі на ААТ «Бабуліна крынка» і ААТ «Магілёўліфтмаш». Пісьменнікі ўбачылі Беларусь з розных бакоў, змаглі пераканацца ў тым, як беражліва мы ставімся да гісторыі, захоўваем памяць, як будуем новую сучасную краіну.
Важная для пісьменніцкай супольнасці Беларусі і Расіі падзея адбылася пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава накіравала ўдзельнікам пленума прывітальны адрас, дзе сказана пра ролю і значнасць слова пісьменніка для ўмацавання асноў дзяржавы. Удзел у рабоце пленума ўзялі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч і намеснік міністра Ігар Бузоўскі, кіраўнік Апарату Грамадскай Палаты Саюзнай дзяржавы Аляксандр Альшэўскі.
За два дні работы пленума пісьменнікі выпрацавалі далейшую стратэгію дзейнасці міжнароднага творчага саюза.
Алена СТЭЛЬМАХ
Зварот Пленума Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы
г. Магілёў 3 кастрычніка 2019 г.
Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы выказвае глыбокую заклапочанасць тым, што апошнім часам значна актывізаваліся працэсы фальсіфікацыі гісторыі і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны. Знішчаюцца і апаганьваюцца помнікі і мемарыялы, месцы пахавання воінаў, якія вызвалялі Еўропу ад нацысцкай акупацыі. Найбольшую актыўнасць у гэтым плане праяўляюць прадстаўнікі афіцыйных структур дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, некалі былыя саюзнікі СССР, і больш за тое, якія здабылі свабоду, незалежнасць, ды і само права на фізічнае існаванне ў выніку іх вызвалення Чырвонай Арміяй у 1944—1945 гг.
На вялікі жаль, гэтыя думкі знаходзяць падтрымку сярод пэўнага кола пісьменнікаў. Далёка не адзінкавыя і, адпаведна, не выпадковыя творы, якія скажаюць гісторыю, вынікі Вялікай Айчыннай вайны, робяцца спробы абельвання фашызму. З такіх кніг вынікае, што развязаная гітлераўцамі вайна была прэвентыўнай, значыць, апраўданай.
Рэабілітацыя фашызму і яго памагатых з’яўляецца асноўнай мэтай фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўным яе кірункам абрана мэтанакіраванае ачарненне ролі Савецкага Саюза ў падзеях Другой сусветнай вайны. Мэта падобнай прапаганды відавочная — дыскрэдытаваць дзяржаву, якая вынесла на сабе яе асноўны цяжар і адыграла вырашальную ролю ў перамозе над фашызмам.
Такія выклікі абражаюць не толькі ветэранаў, але і памяць усіх удзельнікаў вайны, у тым ліку шматмільённых яе ахвяр. Фашызм асуджаны сусветнай супольнасцю, асуджаныя і тыя, хто актыўна супрацоўнічаў з нацыстамі. Спробы рэабілітацыі, а тым больш гераізацыі дадзенай катэгорыі асоб — гэта імкненне сказіць шматнацыянальную прыроду патрыятызму савецкіх людзей, укладу ўсіх народаў СССР у перамогу над фашысцкай Германіяй.
Навідавоку цэласная сістэма інфармацыйнага проціборства, галоўная мэта якога — перафарматаванне грамадскай свядомасці так, як гэта ўжо зроблена ў шэрагу постсавецкіх дзяржаў. Мэтанакіраваным аб’ектам фальсіфікацыі па гэтых і іншых напрамках з’яўляецца свядомасць моладзі. Заклікаем зразумець у поўнай меры небяспеку самой фальсіфікацыі, непрадказальнасць яе наступстваў для фарміравання светапогляду новых пакаленняў. Настойлівая неабходнасць — засяроджванне намаганняў органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, а таксама грамадскіх арганізацый, саміх грамадзян па развенчванні фальшывак, якія тычацца падзей Другой сусветнай вайны.
Заклікаем пісьменнікаў не грашыць сваім сумленнем, не паддавацца на спробы напісання так званых «альтэрнатыўных» твораў.
Лічым неабходным прапагандаваць багатую літаратурную спадчыну, створаную, перш за ўсё, непасрэднымі ўдзельнікамі падзей — пісьменнікаміфрантавікамі, такімі як Васіль Быкаў, Канстанцін Сіманаў, Юрый Бондараў, Юлія Друніна, Барыс Васільеў.
Заклікаем да яднання ўсю пісьменніцкую супольнасць з тым, каб слова пісьменніка сваёй праўдзівасцю ўвекавечвала сапраўдныя патрыятычныя каштоўнасці, услаўляла бессмяротны подзвіг абаронцаў Айчыны, несла сапраўдную значнасць Вялікай Перамогі.
Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.
Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.