Прадстаўнікі Лундскага ўніверсітэта (Швецыя), Інстытута радыебіялогіі НАН, Белгідрамета і Пецярбургскага навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай гігіены замяраюць радыяцыйны фон за 30 кіламетраў ад Беларускай АЭС і ў прыграніччы.
Сабраныя ўзоры грунту, драўніны, раслін, вады з калодзежаў, рэк і азёр, а таксама мясцовыя прадукты харчавання: бульбу, яблыкі, грыбы і буракі даставяць на аналіз у Швецыю. Цягам трох-чатырох месяцаў матэрыял будуць вывучаць і падрыхтуюць справаздачу да сакавіка 2020-га.
Аналагічныя экспертызы ўжо неаднаразова праводзіліся ў раёне атамнай станцыі, аднак мэта гэтага даследавання — забяспечыць незалежны маніторынг наваколля як аснову для параўнання і працяглага назірання ў будучым, заўважыў удзельнік навукова-даследчай групы, загадчык лабараторыі мадэлявання і мінімізацыі антрапагенных рызыкаў Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі Аляксандр ДВОРНІК:
— Мы плануем вярнуцца ў Астравец пасля запуску першага, а пасля і другога энергаблока, каб паўтарыць вымярэнні. У далейшым мы хочам распрацаваць пастаянную праграму, каб з пэўнай перыядычнасцю рабіць замеры ў пастаянных пунктах.
Група плануе правесці аналагічную праграму ацэнкі радыяцыйнага фону і ў Літве, непадалёк ад мяжы з Беларуссю, аднак тэрміны экспедыцыі пакуль не вызначаны.
Акрамя традыцыйнага абсталявання для выяўлення радыяцыйных рэчываў, вучоныя задзейнічалі для работы ноу-хау Лундскага ўніверсітэта: звычайную павараную соль выкарыстоўваюць у якасці дазіметраў, якія размешчаны ў кантрольных пунктах цягам прыкладна месяца. Соль пакідаюць у спецыяльным кантэйнеры, дзе яна можа назапашваць радыеактыўнасць, пасля чаго можна счытаць набытую дозу.
Даследаванні, аналагічныя тым, што адбываюцца каля Беларускай АЭС, праходзілі таксама ў Швецыі падчас будаўніцтва Еўрапейскай крыніцы расшчаплення — шматпрофільнага навукова-даследчага цэнтра, дзе можа адбывацца патэнцыйнае ўздзеянне на наваколле.
Ірына СІДАРОК
Прэв'ю: fguzsamo.ru
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.
Эксперты — аб трэндах у харчаванні беларусаў і перадсвяточным гандлі.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!